Жанчыну ён, здаецца, знайшоў – толькі наконт кошту пакуль не дамовіўся. І яна, не сказаўшы пакуль ні «так», ні «не», выправіла яго сюды. Абвясьціла, што яму трэба абавязкова зьезьдзіць у іхны беларускі замак, інакш яна пакрыўдзіцца. ЮНЭСКА – сказала яна, падняўшы палец угару. Што ўсё ж значаць гэтыя шэсьць вялікіх, як праваслаўныя купалы, літар? – раздражнёна падумаў аўстрыяк. І як іх маглі туды ўзяць, у тое ЮНЭСКА, зь іхнымі бізонамі, зь іхнымі халадамі, іхным страшным альфабэтам? І што, дзеля ўсяго сьвятога, хоча ад мяне гэты надакучлівы сусед, у якога так непрыемна пахне з рота?
А чалавек у акулярах не пакідаў яго ў спакоі: «Яны кажуць: Краіна Замкаў! Ня бачылі? Так і пішуць: Беларусь – Краіна Замкаў! Хаха».
«Хаха», – паўтарыў умольна аўстрыяк, зноў выставіўшы наперад далонь – але марна.
«Краіна Замкаў! – пагардліва крэкнуў неадчэпны сусед. – А іх тут раз-два і… Ну Мір, ну Нясьвіж, яшчэ парачка, ну і гэты, куды мы едзем, не хачу называць… Усё. Кажу вам: рэальна ўсё! Дый тое, зараз пабачыце – пасьля рэстаўратараў там жывога месца не засталося. Ня замак, а, выбачайце, ахвяра аборту!»
Ён пераможна азірнуўся і абвёў вачыма іншых пасажыраў, якія старанна рабілі выгляд, што ня слухаюць.
«Дык а чаго ты на экскурсію едзеш, калі ахвяра? – нарэшце ляніва запытаўся нехта ззаду. – Сядзеў бы дома».
«Вот народ, всё б своё обсирать, не могу», – адразу ж сказала нейкая Жанчына ў Зялёным, не адрываючы позірку ад акна.
Над замкам вісела хмара, праколатая тонкім сонечным променем. І прамень апускаўся да самай замкавай вежы, і там, дзе ён дакранаўся да яе, лунала дзіўная сьвецень.
«А я ганаруся нашай краінай», – тонкім голасам сказаў чалавек са значком і падняўся зь месца. Нехта запляскаў, іранічна, павольна, з адцяжкай.
«Вы ў аўстрыяка спытайце!» – чалавек у акулярах паказаў пальцам на свайго суседа, які цяпер вымушаны быў жаласьліва ўсьміхацца ўсяму аўтобусу. Аўстрыяка ўважліва разглядзелі, нехта нават азірнуўся, каб паціснуць яму руку.
«А что этот австрияка? Его дедуля здесь, видать, в свое время наделал делов, – сказаў мужчына з вусамі, пра якога з дакладнасьцю можна сказаць, што ў яго ёсьць дача ў пасёлку для адстаўных вайскоўцаў. – Австрийцы тоже в вермахте служили, забыли, а? Ещё и добровольцами записывались. Семьдесят лет родину после них отреставрировать не можем. А что, не так? Пусть расскажет».
«Господа! – з дакорам прамовіла жанчына з турбюро, якая сядзела ля дзьвярэй. – Господа, вы же взрослые люди! Мы уже почти приехали!»
Цёмна-чырвоныя муры, забытыя на жоўтым узгорку, цені на іх, хуткія, бясшумныя, як манахі – падбіраюць крысьсе, апускаюць капюшоны, таропка прашмыгваюць ля самай зямлі. Кажуць, яны пражылі разам ужо шэсьцьсот гадоў: гэты замак, гэтая хмара, гэтае сонца.
Недзе мы такое ўжо бачылі. У нейкім навукова-папулярным сьне.
«Девушка, а вы одна едете? – нахіліўся да маўклівай дзяўчыны ў белым вясёлы, страката апрануты барадаты бляндын, які глядзеў на яе ўсю дарогу. – Давайте я ваш рюкзак…»
Яна зірнула яму ў вочы і ўсьміхнулася, але прамаўчала. Усьмешка яго падбадзёрыла.
«Я говорю, давайте я ваш рюкзачок того, – навісаў ён. – Того, на полочку».
«Зачем?» – спытала яна, зноў ўсьміхнуўшыся. Тонкая, застылая, пазычаная ўсьмешка, але бляндынчык падняўся зь месца, расправіў плечы, ухапіўся за паліцу дзьвюма рукамі, быццам хочучы на ёй падцягнуцца.
«Ну, а чего вы сидите, это самое, как мужик, ноги расставили, – сказаў ён, аблізнуўшы вусны. – Вам же мешает, я ж вижу. Я за вами, это самое, всю дорогу слежу, глаз отвести не могу».
«Зачем?» – зноў запыталася яна, абыякава акінуўшы позіркам ягоны мясісты, ружовы, са сьветлай шчэцьцю твар, які падсоўваўся ўсё бліжэй. Цяпер яна адчувала ягоны подых – зацікаўлены, грубы, жывы, сьвежы.
«Потому что вы на бабочку похожи, – засьмяяўся ён, агаліўшы зубы, кожны зь якіх запрашаў да агульнага сьмеху, а далей ужо как пайдзёт. – Не обижайтесь, девушка. Вас как зовут?»
«На бабочку? Почему?» – спытала яна, адвярнуўшыся, гэтым разам без усьмешкі. Яе суседка ела бляндына вачыма.
«Что вы всё зачем да почему? – пакрыўджана прамовіў ён. – Вы держитесь ко мне поближе, говорят, в Замке привидения водятся. И подземные ходы есть. Тёмные такие… Не верите, спросите у нашей главной. Эй, госпожа как вас там! Госпожа Оцецкая!»
Галава індзейца набліжалася. Вось ужо і птушак на мурах відаць, і шырока разяўлены рот – туды яны пойдуць паслухмянай чарадою, дастаючы з кішэняў і торбаў свае тэлефоны, разгортваючы далоні, як бутэрброды. Чаму індзеец, якія індзейцы? Мо таму, што прозьвішча жанчыны з турбюро і праўда – Ацецкая, амаль што Ацтэцкая, у яе на бэджы напісана, а мо таму, што назва найбліжэйшай да Замку вёскі, якую яны нядаўна праехалі, Мэскаліны – так мне прачыталіся гэтыя няшчасныя Міхаліны, белыя літары, якія мільганулі на сінім указальніку, як аблокі на кавалку абваленага неба. І навокал нейкая Ацтэччына, ацалелая ў вірах рэканструкцый і аграрных мадэрнізацый. Белыя камяні, неба колеру мачанкі, праз трыста мэтраў ужо сіняе, звонкае, бы напятае, і ўзьбітыя на яго ўзорчатыя ўзгоркі, і ўзгадкі, быццам ты тут ужо бываў некалі, у мінулым жыцьці.
«Привидения? Не забегайте вперед, вам все расскажут и покажут», – нэрвова сказала жанчына з турбюро, узіраючыся ў неспакойнае неба над замкам.
«Не хотите говорить, как зовут, буду вас Почемучкой называть», – махнуў рукой бляндын і сеў на сваё месца, драпежна выставіўшы падабродзьдзе. «Что за девушки пошли, бабочки им не нравятся, – зьвярнуўся ён да мяне. – А кто нравится? Мухи? Ничо. Все равно поймаем и определим, куда надо, в замке темных закоулков на всех хватит, скажи, Почемучка?» – і ён падміргнуў мне: як мужчына мужчыну. І я чамусьці падміргнуў яму ў адказ. Як мужчына му.
«Прывідзенія… – зноў накінуўся на аўстрыяка чалавек у акулярах, які ўважліва сачыў за размовай. – Усе вушы прагудзелі гэтай Ганнай. Вось у Баварыі я разумею – прывіды. Я быў, я бачыў. Вось, скажам, Нойшвайнштайн. А тут панавыдумляюць… Прывідзенія. Усіх прывідаў даўно бальшавікі да сьценкі паставілі. І Ганну гэтую вашую… Вось у Аўстрыі – вось там прывіды. А ў нас? Мазгі тлумяць беларусам. Каб толькі грошы плацілі ні за што. Турбюро… Не, ну скажыце ім, як еўрапеец? Вам, пэўне, гэта ўсё сьмешна, хаха».
І ён фальшыва засьмяяўся, тыцнуўшы аўстрыяка ў бок.
«Он же вас не понимает, – ня вытрымала Жанчына ў Зялёным. – Вы ему по-английски хотя бы скажите, а то совсем утомили человека».
Чалавек у акулярах пагрозьліва абярнуўся ў яе бок: «А вы мне рот не затыкайце! Я на сваёй зямлі і заўжды і з усімі размаўляю на роднай мове! А не падабаецца – едзьце ў сваю Маскву! Няма чаго швэндацца па нашых старажытных замках!»
Аўстрыяк закаціў вочы. Яму хацелася, каб гэты дзень як мага хутчэй скончыўся. Навошта яна замовіла яму гэтую экскурсію? Яны яшчэ не даехалі да Замку, а ён ужо стомлены, як пасьля месяца працы ў офісе. Мо яна працуе ў турыстычным агенцтве, яго нявеста? І проста зарабіла на ім? Дый ці можа ён назваць яе нявестай? Тут нікому нельга верыць. А сусед працягваў: незнаёмыя, хуткія, няўлоўныя, крыўдлівыя словы.
«У чалавека мова, як і маці, адна! – павучальна і строга сказаў чалавек у акулярах. – Вось так, спадарыня. Шкада, што ня ўсе гэта разумеюць! Іншых моваў нам ня трэба! Вас ніхто па-беларуску размаўляць не застаўляе! І вабшчэ: можа, ён так нашу мову вывучыць. А што?»
Тут ужо бляндын ня вытрымаў і зарагатаў, дакрануўшыся да пляча дзяўчыны ў белай сукенцы: «Представляю себе: белорусскомовный австриец! Бульба, драник, данкешон!»
Усьміхнуўся нават адстаўны вайсковец, патузаў вусы. І зірнуў употай у водсьвет на тэлефоне, заклапочана, нецярпліва.
Ніхто, апрача мяне, тады гэтага не заўважыў. А я добра запомніў ягоныя вочы: у кожным па пляне, вялікім пляне, якія трэба абавязкова зьдзейсьніць.
Ня толькі ў аўтобусе, але і ва ўсёй краіне ніхто ня ведаў, што адстаўнік працаваў на адну вельмі важную фірму ў суседняй дзяржаве. Можна сказаць, што і на саму суседнюю дзяржаву – але можна і не казаць, здаравейшы будзеш. Праца была непрыкметная, але дужа сур’ёзная. Роўна а другой у Замак прыйдзе чалавек зь Міхалінаў. Таксама дачнік – да якога ў нашага адстаўніка была важная справа. Яны мусяць спаткацца недзе ў ценю замкавых муроў, загаварыць, нібы выпадкова, пра кошты на дачы, пра надвор’е, пра рыбалку. І застацца ў прахалодным закуточку сам-насам, калі экскурсія рушыць у сутарэньні. Такі ў іх быў плян. Ім шмат трэба было абмеркаваць. І калі ўсё ўдасца і сыдзецца, заўтра а чацьвертай раніцы на няіснай, але праведзенай на мапах усходняй мяжы пачнецца рух. Ранішняя смуга запахне выхлапнымі газамі, з памежнага лесу вызірнуць вострыя насы браніраваных істотаў, самалёты перасякуць нябачны паветраны бар’ер за адну сэкунду. На шашы і тых незьлічоных дарогах, якія ўпадаюць у яе паўнаводную, бэтонную плынь, зьявяцца грузавікі з надпісам «Люди». Калі ўсё ўдасца і сыдзецца, калі Там «далі дабро», а Тут гатовыя яго прыняць – тады заўтра пачнецца вялікі, ранішні, імклівы і незваротны рух. Рух жалеза і здаровай, маладой чалавечыны. Рух на Захад.