Бахаревич Ольгерд Иванович - Белая муха, забойца мужчын стр 5.

Шрифт
Фон

А можа, нічога і не пачнецца. Можа, выступленьне перанясуць на восень. Ці зусім адменяць. Усё залежыць ад таго, якой будзе сёньняшняя сустрэча. Сустрэча двух непрыкметных адстаўных дачнікаў, пажылых, але маладжавых мужчын, якія пасадзілі, вырасьцілі і пабудавалі, але не парушылі прысягу.

«Што ж вы не фатаграфуеце? – зласьліва ўсклікнуў чалавек у акулярах, тыцкаючы пальцам у акно аўтобуса. – Га, спадарства? Што яны не фатаграфуюць? – ён зноў павярнуўся да аўстрыйца. – Бо ім сорамна! Стыдоба! Хіба гэта замак? Гэта ж павільён Беларусьфільму нейкі! Дзе аўтэнтыка? Зірніце на муры! Эх!»

Чалавек у акулярах пашукаў, куды плюнуць, не знайшоў і зьняў акуляры, уклаўшы ў гэты жэст столькі пагарды, што ўсе і праўда абурана адвярнуліся да вокнаў.

«Вы на іх не крыўдуйце, – дабрадушна сказаў хтосьці па-нямецку, і аўстрыяк узрадавана пацягнуўся на гэты ратавальны голас. – Яны, па сутнасьці, вельмі добрыя людзі. Проста гавораць часьцей, чым трэба. Вы і праўда аўстрыец?»

Аўстрыяк павярнуўся. Добразычліва ўсьміхаючыся, на яго глядзеў тоўсты чалавек у кепцы. Яны бачыліся на вакзале, калі пакідалі сталіцу – таўстун спачатку піў піва, а потым заснуў, і вось цяпер сьвежы, румяны, заспаны, як кавалак сьвініны, ён глядзеў на аўстрыяка і прамяніста ўсьміхаўся.

«Хольгер, – працягнуў ён пульхную руку. – Хольгер Кунцэ, з Гановэру».

«Рудзі Шпэцль, – з палёгкай паціснуў руку аўстрыяк. – З Грацу. Не, усё добра. Ужо добра. Я ведаў, куды еду. Але трохі не разьлічыў сваіх сілаў».

«Прыехалі па жонку? – усьміхнуўся з разуменьнем Кунцэ. – Я так і падумаў. Першы раз я таксама прыехаў з гэтай мэтай. На жаль, ня склалася. Мяне падманулі. Так проста, быццам гэта быў такі мытны збор. Але я не расчараваны. Урэшце, мне заўжды падабаліся прыгоды, а дзе іх яшчэ шукаць? На Балканах небясьпечна, там заўжды было небясьпечна, калі едзеш адзін. У Альбаніі? Не, дзякуй! Тут бліжэй і прасьцей дамовіцца. А тое, што тут можна знайсьці харошую бабу… Магчыма, раней так і было. Але ўсё даўно ўжо зьмянілася».

«А мне казалі, што тут толькі сьвісьні», – расчаравана прамовіў Шпэцль.

«Хто казаў? Трэба сур’ёзьней ставіцца да крыніцаў, – засьмяяўся Кунцэ. – Гэта быў твой сусед? Давай на ты, ок?»

«Згода, – зьдзіўлена сказаў Шпэцль. – Так, сусед. Як ты здагадаўся?»

Дома, па той бок мяжы, ён ніколі б не дазволіў сабе вось так хутка, з паўабароту, завесьці гэткую шчырую гутарку. Нават каб пагаварыць з суседам – а той быў неблагі чалавек, з мазгамі. Шчырасьць – гэта глупства. Але тут, у аўтобусе, які запаўзаў на ўзгорак, яму раптам зрабілася лёгка і прыемна ад сваёй шчырасьці. Хацелася, каб гэты Кунцэ гаварыў, няважна што. Але ён казаў сапраўды разумныя і цікавыя рэчы.

«Я ж кажу, я тут чацьверты раз, – задаволена прымружыўся Кунцэ. – Наслухаўся гісторый».

«І праўда, гэта быў мой сусед… У яго руская жонка… Але ён прывёз яе сем гадоў таму… І ўжо разьвёўся. Цяпер яна ў Вене», – прамармытаў Шпэцль.

«Сем гадоў! – прагудзеў насьмешліва Кунцэ. – У Вене! Дураць нашага брата… А сем гадоў таму, скажу я табе, тут шмат што можна было браць голымі рукамі, калі ведаеш патрэбных людзей. А калі яшчэ гаворыш крыху па-расейску…»

«Ты ўмееш па-расейску?»

«Не ідэальна, але… – Кунцэ ўздыхнуў і паклаў руку на сьпінку крэсла Шпэцля. – Шмат што разумею і яшчэ больш магу сказаць. Натуральна, калі яны не балбочуць, як ашалелыя. Пра што тут была спрэчка, я так і не дапяў. Яны крычалі, як малпы. Калі шчыра, Шпэцль, я не прывёз адсюль бабу, але знайшоў нешта значна больш цікавае…»

«Што?»

«Ты чуў пра бізонаў?»

«Так», – няўпэўнена сказаў Шпэцль. Бізонаў ён сабе яшчэ сяк-так уяўляў, хоць і быў зьдзіўлены, што яны тут водзяцца. Пакуль ён яшчэ ня бачыў ніводнага. Яму чамусьці хацелася даведацца іншае: што азначаюць гэтыя ідыёцкія літары? ЮНЭСКА? Хольгер мусіць ведаць, калі ён тут чацьверты раз і ўсё яшчэ жывы. Але Шпэцль вырашыў пачакаць абеду. Можа, ён нават пачастуе немца півам. Прыемна ўсё ж яго тут сустрэць. Хоць адна блізкая душа. Ледзяныя салдаты на ўзбочыне пачалі раставаць.

«Тады спытаю наўпрост, – насупіўся Кунцэ. – Ты любіш паляваньне?»

«Ня ведаю, – адказаў зьбянтэжана Шпэцль. – Паляваньне? Ты маеш на ўвазе хадзіць па лесе і страляць? Трубіць у рог? Ніколі не спрабаваў. Не, я ня ведаю, што сказаць».

«Трубіць у рог! Хадзіць і страляць! Піф-паф! – зарагатаў Кунцэ, абвёўшы вачыма суседзяў, быццам яны маглі разьдзяліць зь ім ягоную весялосьць. Дзіўным чынам яму гэта ўдалося: чуючы ягоны сьмех, тоўсты, гартанны рогат, зь пералівамі, з пражылкамі, з пырскамі, уратавацца ад якіх быў ня здольны ніхто ў радыюсе трох мэтраў, немагчыма было не ўсьміхнуцца. – Хадзіць і страляць… Важна, у каго страляць, Рудзі. Асабіста я страляю толькі ў буйных зьвяроў. Я страляю па бізонах, гер Шпэцль. І яшчэ ніколі не прамахваўся. Вось так, даражэнькі. Гэта вам ня рускую бабу раскласьці на матрасе».

Ён падсунуўся да Шпэцля бліжэй, і, зьбіраючы сурвэткай пот, але не выціраючы з твару прыязнай і лёкадумнай усьмешкі, загаварыў напаўголасу: «Задавальненьне дарагое. Але яно таго варта, Рудзі. Ты можаш забраць тушу, ты можаш забраць шкуру. Я плачу наўпрост дзяржаве. Ніякіх пасярэднікаў. У кожны свой прыезд, ня лічачы першага, я прывожу адсюль мяса, рогі і па вось такой шкуры бізона. Тут яго называюць зубр. Скажы: зубр».

«Не, – пачырванеў Шпэцль. – Я не змагу. Не, прашу цябе, гэта сьмешна».

«Скажы: зубр, – настойваў Кунцэ. – Зубр. Скажы зараз жа, іначай я зраблю табе піф-паф. Проста ў тваю задніцу. Хочаш памацаць маю стрэльбу?»

Кунцэ раскінуў свае ногі ў яркіх шортах яшчэ шырэй.

«На, памацай! Што маўчыш?» Шпэцль апусьціў вочы.

«Жартую! – зароў Кунцэ. – Жартую! Але не пра бізонаў. Пра бізонаў – праўда! Я сапраўды паляўнічы на бізонаў, на зу-броў. Зубр! Зубр – гэта жывёла. Гэта вельмі вялікая і дужая жывёла. Я раскажу табе пра іх, раскажу за абедам, нам абяцалі абед, вось тая фраў з адвіслымі цыцкамі, О-цэц-кая. Па-руску гэта азначае: дачка бацькі. Бацькава. А ты трахаеш сваю дачку, Шпэцль? Ды што ты ўсё чырванееш, як баба? Жартую! У вас там што, жартаў не разумеюць? Ведаеш, Шпэцль, магчыма, я – адзіны, першы і апошні паляўнічы на зуброў у тваім жыцьці. І калі б ня гэтая краіна – ты ніколі ня змог бы расказаць свайму суседу ў Грацы, што размаўляў з сапраўдным паляўнічым на зуброў. Таму любі яе, Шпэцль, любі, магчыма, гэта апошняя краіна, у якой яшчэ можна быць мужыком…»

Шпэцль ужо сам ня ведаў, ці радавацца яму гэтаму знаёмству. А ягоны сусед у акулярах, які ўважліва слухаў іхную размову, ніяк ня мог дачакацца, калі яна скончыцца. І цяпер ён зноў загаварыў – Шпэцль паморшчыўся і пасьпешліва палез у торбу, нібыта шукаў там пігулкі ад галавы.

«Чулі, як яны рагаталі? – пераможна спытаў чалавек у акулярах. – Ясна, чаму. Я ж казаў – у культурных людзей такія, з дазволу сказаць, замкі, як нашыя, выклікаюць толькі сьмех. Вось у немцаў – гэта замкі. Нойшвайнштайн! Я быў, я бачыў! А ў нас што? Убоства!» Пачуўшы слова «Нойшвайнштайн», Кунцэ ўхвальна ўзьняў угару палец. «Я, я, ной унд швайн!» – сказаў ён, відавочна рады выканаць сваю ролю тоўстага дурнаватага немца. Я паглядзеў на яго з агідай, але ён не заўважыў. Яшчэ хвіліна – і, здавалася, аўтобус выверне, як страўнік, ад гэтай усеагульнай млосьці, але ён нарэшце спыніўся ля брамы, і чалавек са значком першы кінуўся да выхаду.

«Приехали, – крыкнула Жанчына з Турбюро, засланяючы перад ім дзьверы. – Не отходите далеко, сейчас я найду экскурсовода!»

Чалавек у акулярах, чалавек са значком, адстаўнік, Дзяўчына ў Белым, Жанчына ў Зялёным, Жанчына з Турбюро… Немцы, аўстрыякі… А як яшчэ мне іх называць? Як яшчэ мы называем незнаёмых людзей, зь якімі вымушаныя ехаць дзьве гадзіны ў аўтобусе і ведаць пры гэтым, што разам зь імі нам давядзецца ехаць назад? Цікава, хто быў для іх я цягам гэтай паездкі? Як яны ўпотай называлі мяне? «Чалавек з празрыстым шарам на галаве»? Або проста – «мужчына»? Мужчына му. Маладой. Чалавек. Калі мы кажам чалавек, мы ніколі ня маем на ўвазе жанчыну. Ніколі. Так нам загадвае мова. Любая мова з тых, якія мы ведаем. А мы крышку ведаем нямецкую. Дастаткова, каб разумець аўтобусныя размовы і жарты. А яшчэ мы ўмеем слухаць. Бляндынчык, жанчына, якая жэрла яго вачыма, гаспажа Ацецкая… Чалавек з, чалавек на, чалавек у.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3