Бахаревич Ольгерд Иванович - Белая муха, забойца мужчын стр 6.

Шрифт
Фон

Так мы і ехалі да замку, праз усе гэтыя Мэскаліны, Мачу-пікчы, Ацтэччыны, Маі, Інкі, Кетцалькаатлі і проста Кацапавічы. Гаваркія істоты і тыя бязмоўныя стварэньні жаночага полу, для якіх у мяне нават азначэньняў не знайшлося і якія ўсю дарогу хавалі насы ў тэлефоны. Я стараўся не глядзець на жанчыну ў белай сукенцы, а галава сама паварочвалася ў яе бок. Каб ня выдаць сябе, я пачаў прыглядаўся да ціхай пары, якая сядзела на самым заднім сядзеньні. Муж і жонка. Цікава, што іх прымусіла паехаць сюды? Жаданьне прыабшчыцца к культурэ? Адкрыць для сябе сваю краіну – якая так хоча падавацца сапраўднай Краінай Замкаў? Жонка сядзела, як на іголках, прагна ўслухоўвалася ў размовы, зь цікаўнасьцю пазірала на замежных гасьцей. Яна нават адкрывала рот, каб нешта сказаць, але – «Молчи!» – бубніў яе муж, «Молчи!» – раздражнёна кідаў ён праз плячо, «Тебя спрашивали?» – і яна пакорліва апускалася, асядала, як пыл, сьціскала вусны.

І мне гэта падабалася. Падабалася гэтая ўлада чалавека над ёй. Думаю, мы ўсе былі ўдзячныя яе мужу. Бо калі б тут пачуўся хаця б яшчэ адзін голас – гэта было б ужо занадта. Нас усіх бы званітавала – ад траскай дарогі, ад неабходнасьці быць спакойнымі і ветлівымі, ад нецярплівага чаканьня. І толькі кіроўцу, здавалася, было напляваць, што адбываецца, чым пахне сыр-чабор – напэўна, калі б мы захацелі ў аўтобусе зладзіць суд Лінча, яго паклікалі б у старэйшыны, як самага справядлівага.

І вось мы выходзім з аўтобуса і ідзем да адкрытага рота індзейскай галавы. Ужо высьветлілася, што нямецкамоўная экскурсаводка, якую замаўляла турбюро, памерла. Або захварэла, або звольнілася – або ператварылася ў саляны слуп, якая розьніца, яе не было ў замку, і бедны Шпэцль застаўся безь перакладчыка. Ужо прагучала над галовамі пытаньне гаспажы Ацецкай, ці ня ведае хто з экскурсантаў нямецкай, і ўсе адмоўна і дружна закруцілі галовамі, і з найбольшай ахвотаю круціў тоўстай галавой Кунцэ. Ужо высьветлілася, што з намі ад самай сталіцы ехаў кітаец, якога ніхто не заўважыў. Усе рагаталі, паглядваючы на гэтага разгубленага чалавека ў пакамечаным пінжаку. Мы махалі рукамі і ляпалі яго па плячы, мы, група абмежаваных, эгаістычных, прагавітых расістаў, распусьнікаў, рассаднік дробнай хлусьні і зайздрасьці, прывезены са сталіцы статак паўдуркаў, якія ня здольныя нікога палюбіць па-сапраўднаму.

Мы ўваходзім у адкрыты рот галавы, дзевяць чалавек і дзесяць жанчын. Безыменная непрыгожая маладзіца з торбаю і Жанчына з Турбюро, экскурсаводка Люба, чалавек са значком, чалавек на значку, чалавек у акулярах, у кожным шкельцы па адным такім чалавеку, і ў кожным шкельцы кожнага – яшчэ па двое. Шпэцль і Кунцэ, і жанчына ў зялёным, я, адстаўнік, дзяўчына ў белай, занадта белай сукенцы, а за ёй бляндынчык, і кітаец, і сямейная пара, і яшчэ адна безыменная, худая, як манэкеншчыца, дзяўчына, і жанчына, якая працягвала пажыраць вачыма бляндынчыка, і яшчэ адна дзеўка, малая, тоўстая, з вачыма, як у старога «Масквіча».

Запомніце іх усіх. На першы-другі… Іх ня так ужо шмат. Сярод іх ёсьць лішнія, але так ужо ўладкаваны сьвет. Іх сотні, тысячы, мільёны, і ўсе яны едуць у свае Замкі, думаючы, што ўсё будзе добра. Ацтэччына прымае гасьцей.

Мы дастаем фотакамэры і тэлефоны, мы разгортваем і жуем прастору. Мы ня ўмеем фатаграфаваць. Мы бяздарныя людзі, якія прыехалі да вас з пасьлязаўтра. Экскурсаводка Люба пачынае гаварыць, і ўсе глядзяць на яе пакорліва і тупа, як авечкі.

Я гляджу на неба, я бачу прамень, я стаю проста пад хмарай, я палонны Замку. Я думаю пра белыя калготкі.

5. Босая ведзьма

Як жывая стрэлка на каменным гадзіньніку, нашая стракатая група абышла па коле другі паверх замку, паўсюль пакідаючы недарэчнае рэха.

Здавалася, кожнаму хацелася засьведчыць тут сваю прысутнасьць, надрапаць узбуджаным голасам у музэйным паветры: «Тут быў…» – і паставіць дату. Асабліва шчыравалі мужчыны. Калі мы ўваходзілі ў наступную з усіх гэтых гулкіх, выстуджаных заляў, недзе далёка за намі яшчэ стаяў рогат нястрымнага Кунцэ, хаця сам ён ужо даўно маўчаў, зь дзіцячай непасрэднасьцю калупаючыся ў носе. Чалавек у акулярах і цяпер не пакідаў свайго клопату пра беднага аўстрыяка, экскурсія праходзіла пад ягонае няспыннае бубненьне, зь якім усім давялося зьмірыцца. «Ну хіба гэта экспанаты? – чулася то з аднаго, то з другога кута. – Вось у Амстэрдаме…» Аўстрыяк з асуджаным выглядам ківаў, тужліва паглядваючы на пустыя нішы са сьвежымі падцёкамі фарбы.

Экскурсаводка Люба крыху хвалявалася і чамусьці ўвесь час глядзела на мяне – мне было яе шкада, і я ўдаваў на твары перабольшаны інтарэс. Распавядаючы пра насатых князёў зь відавочнымі прыкметамі выраджэньня і іхных жонак, падобных да лысых, ружовых кактусаў, яна раз-пораз зазірала ў свой нататнік – там было шмат вясёлых малюнкаў асадкай, зробленых, відаць яе рукой у нудныя хвіліны жыцьця, і я падумаў, што Люба, напэўна, вельмі добры чалавек, зь якім няблага было б пагаварыць пра нешта іншае, а не пра ўсю гэтую гістарычную лухту. Што яна, жанчына, можа ведаць пра Замак?

Іншая рэч – я…

Людзям на партрэтах мы відавочна не падабаліся: нізкалобыя арыстакраты з вачыма крымінальнікаў пагардліва сачылі, як мы махаем сваімі тэлефонамі, рукамі і падбародзьдзямі, арыстакраткі пазіралі хітра, як цыганкі. У аднаго з партрэтаў быў такі выраз твару, быццам ён зараз загадае адвесьці нас на стайню і ўсыпаць кожнаму бізуноў. Я вельмі хутка стаміўся ад сваіх занадта жывых спадарожнікаў, ад паўсюдных сьлядоў нармальнага менскага эўрарамонту, па-майстэрску ўпісаных у мураваную кладку. Хацелася выйсьці на замкавы двор, да сонца, да чырвоных камянёў, хацелася кавы і пакурыць.

Сонца вісела проста над замкам, калі мы апынуліся ў прасторнай залі, пасярод якой стаяў вялікі стол – тут уладары замку вырашалі ўсе важныя пытаньні: ад лёсу служак да лёсу сьвету. А сьвет канчаўся за найбліжэйшым лугам. Праз акно былі відаць край зубчаты бору і жоўтая дарога, па якой мы прыехалі. З замкамі як зь людзьмі: здалёк яны сымпатычнейшыя, чым пры блізкім знаёмстве. Люба замоўкла, каб набраць паветра, і я сустрэўся вачыма з той самай жанчынай у белай, занадта белай сукенцы. У іх гарэў дзіўны агонь. Няўжо ёй падабаецца Гісторыя? – падумаў я зьдзіўлена. Жанчынам ня мусіць падабацца Гісторыя. Надта ўжо часта яны ў ёй былі ў ролі закладніц. Закладніц, наложніц, нажніцаў, якімі мужчыны рэзалі сабе палатно, каб выціраць чужую кроў са стала для сваіх баляваньняў.

Калі мы ішлі сюды празь цёмны і цесны пераход, я крыху адстаў ад групы і мімаволі затрымаўся каля адной зь нішаў. Высьветлілася, што адстаў ня толькі я. Уціснуўшыся плячыма ў камяні, у нішы стаяла знаёмая мне жанчына ў белай сукенцы. Чорны заплечнік яна трымала ў руках – а перад ёй тырчаў знаёмы мне бляндынчык. Ніша была досыць вузкая, і бляндынчык загароджваў жанчыне ў белай сукенцы праход.

«А если подумать? – пачуў я ягоны бадзёры голас. – А если хорошо подумать? А, Почемучечка?»

Жанчына ў белай сукенцы заўважыла мяне – я адвярнуўся і кінуўся даганяць экскурсантаў. Як мужчына му.

Цяпер мы ўсе стаялі вакол стала ў позах рэвалюцыйных матросаў і тупа глядзелі на чырванашчокую Любу. Хамы, якія ўпіваліся сваёй уладай. Уражаньняў нам ужо хапіла – але гэта была толькі палова экскурсіі.

Мы ішлі згодна са стрэлкамі – жаночымі пальцамі, раздрукаванымі на прынтэры, паўсюдна разьвешанымі на белых сьценах. «Працяг экспазыцыі» – чыталі мы ўголас, чамусьці нам вельмі падабалася чуць свае галасы ў такой сур’ёзнай абстаноўцы. Мы пабачылі пакоі, дзе ўладары замка спалі і кахаліся, мяшаючы ў правільных прапорцыях дынастычную кроў – на дзіва маленькія, амаль дзіцячыя ложкі зь неверагоднымі балдахінамі. Мы пабачылі пакоі, дзе яны елі – цяпер у іхны посуд за люстранымі загародкамі было налітае толькі сонца, пасыпанае пылам. Калі б мне прапанавалі выпіць з такога, я б адчуў гідлівасьць. Мы пабачылі пакоі, дзе яны чыталі – цяжкія кнігі ў вокладках з чалавечай скуры. Мы пабачылі пакоі, дзе яны музыцыравалі: паркет маўчаў, ён быў зусім новы, ён пахаваў пад сабой усе жывыя гукі, а новых пакуль не нарасло. Мы пабачылі галерэі і паглядзелі па чарзе ў байніцы, мы наступалі адно аднаму на ногі і адхіналіся ад чужых ног на вузкіх пакручастых лесьвіцах. Мы пачулі колькасныя лічэбнікі, якія не застануцца ў памяці, і гады жыцьця, якія нічога нам не сказалі. Мы паслухалі гісторыю пра тутэйшы прывід – маладую сялянку, якую некалі спаліў, прывязаўшы да дрэва, мясцовы фэадал, і цяпер кожная ноч, якая апускаецца на замак – гэта яе тая самая ноч, якая паўтараецца ўжо трыста гадоў. Расказваючы пра гэта, Люба старалася ўкласьці ў свой голас як мага больш рамантыкі, а я думаў пра тое, што кожны мужчына, які чуе гэта, уяўляе сябе на месцы фэадала, а кожная жанчына – на месцы той сялянкі, і інакш ніколі не было і ня будзе. Мы гвалцім і аддаемся гвалту нават тады, калі ня маем да гэтага ні волі, ні ахвоты. Сялянку звалі Ганна, здань таксама – «Однофамилицы», гучна сказаў бляндынчык, і ўсе засьмяяліся, і я разам з усімі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3