Бахаревич Ольгерд Иванович - Праклятыя госці сталіцы стр 6.

Шрифт
Фон

22

Публіка пасьпела трохі падзабыцца на існаваньне кінатэатру імя Жданава і кіно навогул, калі цягнік гісторыі раптам затармазіў на годзік каля адной цудоўнай станцыі зь сінім возерам і белымі бусламі. Пасьля смутнага часу бясцар’я дырэктарам нарэшце прызначылі паджылую, але юную душой Маю Леанідаўну, патрыётку, што нават са стаматолягамі размаўляла выключна па-бумску, асабіста ведала ўвесь айчынны дысыдэнцкі дыснэйлэнд і чытала на ноч Шамякіна. Ведала б яна, да чаго прывядзе гэтае яе імкненьне зрабіць з кінатэатру культурны цэнтр, куды зьляталася б сакалінай сям’ёй моладзь і вывучала б Камасутру патрыятызму, узаемнічаючы зь дзеячамі культуры, мастацтва і чагосьці трэцяга, а таму лішняга. Памяшканьняў для такіх заняткаў у горадзе апошнім часам бракавала; неўзабаве кіно імя Жданава ўзгадала, што такое чалавек і чым ён пахне зімовымі вечарамі. Таварыш Грышук лаяўся па мацеры, калі падлога пад ягонымі тапачкамі выбухала загадкавым, аднак адназначна непрыстойным воклічам: “Жыд ведае Русь!”. Калі нацыяналістычныя шабасы сканчаліся, ён выглядваў у вакно: у сутоньне з кінатэатру выходзілі падлеткі зь бела-чырвонымі стужкамі ў валасах ды вясёлыя картавыя дзядкі, у кожнага пісьменьніцкі барэт на пляшыне. “Чуеш, Мікола!…” – неслася па двары; нехта нібы бомж валасаты валачыў за сабой гітару, а падобная да баптысткі дзеўка гучна запрашала ўсіх у “сядзібу на каву з канапкамі”. “Ну падаждзіце, будут вам седібы, будет вам і кава с канапай”, – хаваў свой гарачы шэпт у складкі бруднай фіранкі Грышук; дом заміраў, на кухнях выключалася сьвятло, жыльцы пачуваліся як пад акупацыяй. І толькі калі апошні нашчадак паліцаяў садзіўся ў трамвай, зноў запальваліся экраны тэлевізараў, вулічныя ліхтары й сонцы ў душах; людзі, гнаныя нейкім прыемным шалам, шукалі ў трох тэлевізыйных хваінах Леаніда Якубовіча – мудрыя вусы супакойвалі й давалі надзею. А ў гэты час Мая Леанідаўна ўласнаручна ставіла кінатэатр на сыгналізацыю, падымала каўнер асеньняга паліто й рушыла на прыпынак.

23

Яна была разумнай жанчынай, Мая Леанідаўна, і пасьля таго як цягнік гісторыі зноў набраў ход і над краінай усталявалася стабільна-бязвоблачнае неба, у дырэктаркі зьявіліся нядобрыя прадчуваньні. Аднак, аптымістка па натуры, яна спадзявалася, што ў яе яшчэ ёсьць хаця б пара гадкоў… У кінатэатры штотыдзень адбывалася якая-небудзь імпрэза, білетэрка, пабудзі яе сярод ночы, магла на памяць распавесьці біяграфію любога клясыка айчыннай літаратуры, кінамэханік спакойна мог пісаць доктарскую па дакумэнталістыцы семідзесятых, а прыбіральшчыца мыла падлогу новым дзяржаўным сьцягам. Шафа ў кабінэце Маі Леанідаўны ламілася ад кніг з аўтографамі славутых майстроў культуры – прыемна было часам зірнуць на сьляды заслужаных асадак: “Дарагой Маі з падзякай! Няхай не згасае сьветлы агмень…” і г.д. Кіно ў Жданаве спраўна працягвалі круціць, аднак нейкім чынам яно адыйшло на другі плян. Барадатыя барды, адсьпяваўшыся, забіралі публіку ў бліжэйшую пяльменную жлукціць гарэлку, у залі заставаліся адзінкі, якія не зьвярталі на экран ніякай увагі, а гучна лаялі ўладу. І слова ж ім ня скажаш, бо сталыя ж і знакамітыя людзі!… Аматары бяспройгрышнага галівуду, вядома ж, аддавалі перавагу іншым кінатэатрам, на “Жалезныя сківіцы”ў кіношку імя Жданава, напрыклад, прыйшло толькі пяцёра школьнікаў, што бессаромна прагульвалі дыктант па бумскай мове, дырэктарка ведала кожнага ў твар – дагэтуль іх клясу гвалтоўна прыцягвалі на дакумэнтальны фільм пра Адамовіча, а яшчэ раней – на юбілейную рэтраспэктыву Пташука, з панядзелка па пятніцу. Мая Леанідаўна, застаючыся сам-насам з сваёй параненай душой, неаднойчы вырашала: трэба ратаваць сытуацыю, аднак на наступны дзень да яе прыходзілі юныя паэты-скандалісты, і яна, пагаварыўшы зь імі чвэрць гадзінкі, пусьціўшы сьлязу ад роднай мовы пад яшчэ просячымі малака вусікамі, пагаджалася: “Добра, праводзьце сваю вечарыну”, і праз два тыдні яны прыходзілі: на плітцы перад экранам курчыўся бамбіза ў бруднай вадалазцы, лямантуючы на ўвесь дом: “Сала!!! Сала!!!”, а ў прыбіральні нудзіла на сьцены кагосьці забінтаванага з ног да галавы. Нарэшце гвалдзёж сьціхаў, пачыналася кароткамэтражка пра маладыя гады кампазытара Івана Хруля; Мая Леанідаўна сама не заўважала, як стужка захоплівала яе, прымушаючы ўзгадаць уласную дзявоцкасьць. Ціха граў гармонік у руках лепшага сябра кампазытара, і вядучая дзяржаўнага радыё пранікнёна пыталася пра пляны… Потым у залі запальвалася сьвятло, і дырэктарка знаходзіла сябе ў горкай адзіноце між абоймаў працёртых, бы старыя сёдлы, крэслаў.

24

Пасьля Новага году кінатэатр на камісіі прызналі стратным і пастанавілі да траўня ліквідаваць установу. “Нядоўга музыка іграла, нядоўга фраер танцаваў”, – прашаптала зласьліва Маі Леанідаўне на вуха дырэктар “Шчасьця”, нядаўна адрамантаванай аграмадзіны ў цэнтры гораду, з “долбі-сыстэм” і більярдам, сынэматографа, што таксама спэцыялізаваўся на выхаваньні моладзі ў патрыятычным духу, толькі ў трошкі іншым. Мая Леанідаўна паспрабавала пратэставаць.

– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?

Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.

– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам… Цесната… І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому… Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е… Ды вось яшчэ… Грамадзкасьць піша…

Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.

– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно… а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.

25

У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць. Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.

26

Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!” – звонка закрычала адна, нахабна кіруючыся ў той самы пад’езд, дзе месьціўся кабінэт. “Нават дзеці ўжо ведаюць”, – падумала Мая Леанідаўна – зрэшты, нязлосна. Яна адчыніла фортку, і тут у дзьверы пагрукалі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3