Пачуўшы аб панадворку, фельчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пайшоў і я. О, колькі ж там было раненых!.. Стагнанні, кроў… Гляджу, ля самае сценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне… У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, злез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы ў таго сабакі былі як і ў чалавека, калі ён дужа трудзіцца ад болю і безнадзейнасці, чуе, што канае, смерць… Сабака схаваўся, каб ніхто яго не бачыў, і яму было прыкра, што я турбую яго апошнюю часіну, – ён балюча і нездаволена захрыпеў, скорчыўся… Такі ж самы погляд кінуў на мяне цяпер Талстоў, бамбардзір-наводчык першага аруддзя. Я ўлавіў, як і фельчар акінуў яго асаблівым поглядам, як глядзяць на людзей таго свету. Потым фельчар з найвялікшаю ласкаю і далікатнасцю падаў яму закураную цыгарку, бо ён папрасіў курыць. «За паўгадзіны памрэць», – шапнуў мне фельчар, калі мы адышлі ад яго. I праўда, калі я мінут цераз дзесяць ізноў прахадзіў міма, то ўбачыў, што ён, бедны, стаў сінець і па-мёртваму заплюшчыў вочы. Асколак гранаты пасек яму кішкі. Яшчэ цераз колькі мінут падышоў фельчар, палажыў руку на яго грудзі і потым пераксціў, як нябожчыка: «Каб не так быў наеўшыся ўчора рознай зеляніны, то, можа б, і вытрымаў», – сказаў ён. Гэтая смерць зрабіла на мяне гнятучае ўражанне, я нават стаў меней баяцца куль і снарадаў. А яны ізноў пасыпаліся. Адзін пялёхнуўся ў сажалку на самым падворку – і не ўзарваўся. Чорны дым ад снарадаў заслаў паветра і ўкрыў сіняе неба, дзе чыркала крыллем бесклапотная і смелая ластаўка.
Примечания
1
Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пайшоў вальнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.
2
Шпорамі.