Маруа Андрэ - Навелы стр 6.

Шрифт
Фон

Чалавек як быццам нудны. Аднак я ахвотна бавіла з ім час. Ён мне здаваўся надзейным, шчырым. Было тое самае адчуванне бяспекі, што пазней пры першым збліжэнні з маім цяперашнім мужам. Іншыя мае сябры вагаліся, не ведалі, куды ім падацца: у мужы ці ў палюбоўнікі. Балбатні хоць адбаўляй, а яснасці ніякай. З Джэкам іншая справа. Сама думка аб часовай сувязі наводзіла на яго жах. Ён хацеў ажаніцца са мной, завезці мяне ў Амерыку і каб я яму нарадзіла двое дзяцей, прыгажунчыкаў, кучаравых, як ён, з прамымі носікамі, павольнай гутаркай трошкі ў нос, і такіх жа наіўных. Ён быў віцэ-прэзідэнт банка з перспектывай стаць яго прэзідэнтам і гаспадаром. Ва ўсякім разе ў нас было б усё, што нам трэба, і самы раскошны аўтамабіль. Так ён уяўляў сабе жыццё.

Павінна вам прызнацца, я спакусілася. Гэта вас дзівіць?.. Але ж яно зусім у маёй натуры. Жанчыну з характарам складаным, супярэчлівым, вабілі цэльнасць і прастата. Адносіны з раднёй у мяне былі дрэнныя, і, выехаўшы ў Злучаныя Штаты, я б вызвалілася ад прычэпак і прэтэнзій. Пасля некалькіх месяцаў стажыроўкі ў парыжскім філіяле Джэк збіраўся вярнуцца ў Ню-Ёрк. Развітваючыся, я дала яму слова прыехаць туды і выйсці за яго замуж. Заўважце, што я не была яго палюбоўніцай. І зусім не ад упартасці: я б уступіла, каб ён настаяў… А толькі ён не адважыўся. Джэк быў шчыры амерыканскі католік, трымаўся звычаяў строгіх і хацеў са мной павянчацца: касцёл Святога Патрыка, Пятае авеню, шаферы ў жакетах з белымі гваздзікамі ў пятліцы, шаферкі ў муслінавых плаццях… Вядома, я была не супраць такога вяселля.

Мы дамовіліся, што я прыеду ў красавіку. Джэк павінен быў заказаць мне білет на самалёт. Я была так упэўнена, што пералячу акіян на самалёце французскай кампаніі, што нават не палічыла патрэбным яму пра гэта сказаць. У апошні момант я атрымала білет Парыж – Лондан і Лондан – Ню-Ёрк ад кампаніі амерыканскай, якая ў той час прамой лініі да Парыжа не мела. Гэта крыху сапсавала мне настрой, але жанчына я лагодная, вы гэта ведаеце, і, каб не рабіць нікому турбот, згадзілася ляцець з перасадкай. У Лондан я павінна была прыбыць а сёмай гадзіне ўвечары, паабедаць у аэрапорце і вылецець у Ню-Ёрк тады ж у дзевяць гадзін.

Вы любіце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя і больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамікамі, клічуць пасажыраў у гарады далёкія і дзівосныя. Праз шырокія шыбы відаць, як прызямляюцца і ўзлятаюць паветраныя гіганты. Гэта фантастычна і мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купіну моху, і тут з дынамікаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавіла, але пачула слова «Ню-Ёрк» і нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азірнулася. Пасажыры ўставалі.

Па суседству са мной сядзеў у крэсле цікавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкімі, зграбнымі рысамі твару, крыху ўзлахмачанымі валасамі, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскіх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасці Шэлі. Разглядваючы яго, я падумала: «Пісьменнік альбо музыкант», і мне захацелася, каб ён быў маім спадарожнікам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць і запытаў па-ангельску:

– Прабачце, мадам… Вы павінны ляцець рэйсам 632?

– Так… А што аб'явілі?

– Што па тэхнічных прычынах самалёт затрымліваецца да шасці гадзін раніцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлі, кампанія дае аўтобус.

– Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзіне раніцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збіраецеся рабіць?

– О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, які жыве і працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакінуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну і вярнуся дадому.

Праз хвіліну ён дадаў:

– Не, лепш іначай… Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзіць па горадзе… Я – арганны майстар і мушу час ад часу правяраць якасць маіх інструментаў у некаторых лонданскіх цэрквах… І вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.

– Вы можаце заходзіць у цэрквы ўночы?

Ён засмяяўся і дастаў з кішэні вялікае вясло ключоў.

– Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавішы і трубы. Ціха, нікога не турбуеш…

– Вы іграеце самі?

– Стараюся.

– Гэта, мабыць, вельмі добра: арганныя канцэрты ў адзіноце і змроку.

– Добра? Не ведаю. Хоць я і люблю царкоўную музыку, арганіст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.

Ён падумаў хвіліну, потым сказаў:

– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае… Бачымся мы ўпершыню, і права на ваша давер'е ў мяне няма… Тым не менш, калі ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезці туды і даставіць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама іграеце.

– Іграю. А вы з чаго ўзялі?

– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памыліцца тут нельга.

Павінна прызнацца, камплімент гэты мяне крануў. Штосьці надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым – справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне і ў галаву не прыходзіла яму адмовіць.

– Паедзем, – сказала я. – А куды я дзену чамадан?

– Здадзім яго разам з маім у багажную камеру.

Я не змагу назваць ні тых трох цэркваў, у якіх мы пабывалі ў гэтую ноч, ні таго, што іграў на арганах мой таямнічы спадарожнік. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вітых лесвіцах, як месячнае праменне лілося праз высокія вокны, і цудоўную, велічную музыку. Я пазнавала мелодыі Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднік імправізаваў. І тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккіх, нябесных, поўных любві і ласкі.

Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала імя вялікага музыканта. Яго звалі Пітэр Дэн.

– Вас чакае слава. Вы – геній, – гаварыла я.

– Які я геній! Ноч і позні час стварылі вам ілюзію. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера і… ваша прысутнасць, на гэты раз.

Гэта яго заява не здзівіла мяне і не абразіла. Пітэр Дэн быў адной з тых асоб, з якімі збліжаешся хутка і лёгка. Ён быў з іншага свету, далёкі ад марнасці зямное. Калі наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хітрасці:

– Цяпер каля дванаццаці. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзіны тры-чатыры, якія мы павінны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты… Заўтра раніцай работніца прыбярэ.

Я адчула сябе шчаслівай, і, я ад вас не таю нічога, а таму прызнаюся, ва мне абудзілася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуцці жанчыны ў большай ступені залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуцці мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзіі і гармоніі, гэта моцная і пяшчотная рука, што падтрымлівала мяне ў змроку, – усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. І каб мой спадарожнік захацеў, я б не вызвалілася з яго ўлады… Такая мая натура.

Яго пакойчык, завалены кнігамі, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скінула капялюш і паліто і намерылася ісці памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухні, але ён адмовіўся:

– Не трэба, я сам. Вазьміце кнігу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

Я выбрала «Санеты» Шэкспіра і паспела прачытаць з іх тры, змест якіх вельмі адпавядаў майму настрою.

Увайшоў Пітэр, паставіў перада мной столік, заслаў яго абрусікам і падаў мне ўсё, што меў.

– Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робіце. Шчаслівая тая жанчына, што падзеліць з вамі жыццё.

– Ніякая жанчына не падзеліць са мной жыцця… Расказвайце пра сябе, гэта цікавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

– Так. Выходжу замуж за амерыканца.

Ён успрыняў гэта спакойна.

– Вы яго любіце?

– Я павінна яго любіць, паколькі вырашыла быць з ім разам да канца маіх дзён.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3