– Гэта яшчэ не довад, – сказаў ён. – Бываюць шлюбы, да якіх коцяцца павольна, нячутна, без асаблівага жадання. І раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступіць не хапае адвагі. І жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такія сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памыліцца. Адзінае, што мяне дзівіць…
Ён спыніўся.
– Гаварыце… Не бойцеся мяне пакрыўдзіць. Зрок у мяне востры… Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкі збоку і крытыкаваць іх.
– Ну добра! – прамовіў ён. – Мяне дзівіць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод іх ёсць выдатныя людзі, ёсць вельмі прывабныя), а тое, што вы згадзіліся правесці з ім у яго краіне ўсё сваё жыццё… Там дык вы, напэўна, адкрыеце «новы свет», вартасці якога будуць чужыя вам… Ангельскія звычаі і забабоны… Хоць, можа, ваш жаніх сам па сабе такі дасканалы, што вы не прыдасце ніякага значэння асяродзішчу, у якім будзеце жыць.
Я на хвіліну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пітэру Дэну, надзвычайна важна і трэба, каб я перакладала яму свае думкі дакладна, з усімі адценнямі.
– Не перабольшвайце, – кажу, – Джэк (мой будучы муж) далёкі ад дасканаласці і, я ўпэўнена, не заменіць сабой грамадства, якое мне адпавядала б… Джэк слаўны хлопец, сумленны, і мне ён будзе добрым мужам у тым сэнсе, што мне не здрадзіць, і я нараджу здаровых дзяцей. Але па-за клопатамі аб дзецях, па-за дзелавымі інтарэсамі, палітыкай і анекдотамі пра нашых сяброў у нас амаль нічога не будзе агульнага… Зразумейце мяне правільна. Джэк зусім не дурніца, кіруе справамі лепш не трэба, адчувае прыгажосць, мае свой густ… Толькі вось паэзія, жывапіс, музыка для яго, як лішняя нагрузка. Ён аб іх ніколі не думае… Але ці так гэта важна? Ва ўсякім разе, мастацтва ёсць толькі адна з праяў чалавечай дзейнасці.
– Бясспрэчна, – сказаў Пітэр Дэн… – Можна быць чалавекам вельмі чуллівым і не любіць мастацтва ці, дакладней, не разумець яго… Я хутчэй аддам перавагу шчырай раўнадушнасці, чым фанабэрыстаму, вытанчанаму чыстаплюйству. Але каб быць мужам такой жанчыны, як вы… Ці ёсць у яго хоць тая мінімальная сардэчнасць, што дазваляе ўгадваць скрытыя жаданні блізкага яму чалавека?
– Ён не глядзіць так глыбока… Я яму падабаюся, а чаму – ён сам не ведае. Ён ні аб чым не пытаецца і верыць, што зробіць мяне шчаслівай… Мужа я буду мець працавітага, кватэру на Парк-авеню, аўтамабіль самы раскошны, яго маці (яна родам з Віргініі) падбярэ нам цудоўных чорных слуг. Скажыце, якога ж яшчэ раю шукаць жанчыне?
– Не здзекуйцеся, – прамовіў ён. – Здзек – заўсёды адзнака ліхіх думак. Калі насміхаюцца з тых, каго трэба любіць, гэта забівае ўсякую прыхільнасць… І вось яшчэ… І гэта асабліва важна. Адзіны шанс на ратунак – у далікатных і літасцівых адносінах да людзей. Амаль усе яны такія няшчасныя…
– Я не думаю, што Джэк няшчасны. Ён амерыканец і добра прыстасаваны да свайго грамадства, якое, не крывячы душой, лічыць найлепшым у свеце. У чым жа ён тады пачне сумнявацца?
– У вашай любві, і даволі скора. Вы яго навучыце пакутаваць.
Не ведаю, ці адчулі вы з маіх слоў, што ў гэтую ноч мой узбунтаваны розум быў схільны з усім згаджацца. Незвычайна было тое, што я была адна, а першай гадзіне раніцы, у пакоі незнаёмага ангельца, з якім выпадкова сустрэлася на аэрадроме. Яшчэ больш незвычайна, што я расказала яму падрабязна пра сябе і падзялілася сваімі планамі на будучыню. Нарэшце, самае дзіўнае, што ён даваў мне парады і я слухала яго з пашанай.
І ўсё ж гэта было іменна так. Чалавечая годнасць Пітэра і яго дабрата рабілі ўсё простым і натуральным. Ніякіх замашак прапаведніка, прарока-прафесіянала. Нічога напускнога. Ён ад душы смяяўся, калі я гаварыла што-небудзь смешнае. Але ў ім угадваўся сур'ёзны падыход да ўсяго, з'ява даволі рэдкая ў грамадстве. Так. Іменна сур'ёзны падыход… Вы разумееце? Людзі ў большасці не выказваюць таго, што думаюць. За іхнімі словамі звычайна тоіцца задняя думка, і тое, што ў іх на языку, толькі маска, каб схаваць сапраўднае. Альбо, што яшчэ часцей, балбочуць абы-што, не думаючы.
Пітэр паводзіў сябе, як некаторыя героі Талстога: не збочваючы, даходзіў да самай сутнасці рэчаў. Гэта настолькі мяне ўразіла, што я запытала:
– У вас ёсць расейская кроў, не іначай?
– З чаго вы ўзялі? Пытанне нечаканае, асабліва ад вас. Так, мая маці была расейка, бацька – ангелец.
Гэта трапная здагадка мяне проста акрыліла, і я, не саромеючыся, пачала пытацца:
– Вы – халасцяк? Вы ніколі не жаніліся?
– Не. Бачыце… Вы можаце палічыць гэта гордасцю… Я захоўваю сябе для чагосьці большага.
– Для вялікай любві?
– Для вялікай любві, але не да жанчыны. Я ўвесь час адчуваю, што за мізэрнымі з'явамі гэтага свету ёсць нешта вельмі значнае, прыгожае, дзеля чаго варта| жыць.
– І гэтае «нешта» вы знаходзіце ў рэлігійнай музыцы.
– Так, і ў паэзіі… І чытаючы евангелле… Я хацеў бы зрабіць сваё жыццё чыстым. Прабачце, што я гавару пра сябе… такім прыўзнятым тонам… далёка не брытанскім… але, мне здаецца, вы разумееце ўсё… і адразу.
Я ўстала, падышла і села каля яго ног. Чаму? Сама не ведаю. Але іначай зрабіць не магла.
– Так, разумею, – прамовіла я. – Адчуваю, як і вы, што нельга траціць жыццё – наш адзіны неацэнны здабытак – на марныя клопаты, нікчэмныя сваркі, дробныя заняткі. Я б жадала, каб кожная мая гадзіна была падобна на тую, што я праводжу цяпер каля вас… Аднак я ведаю, што гэтага не будзе… Няма ў мяне сілы… Паплыву па цячэнню, бо так лягчэй… Зраблюся місіс Джэк Д. Паркер, буду гуляць у карты, у гольф, палепшу свае спартыўныя паказчыкі, зімаваць паеду ў Фларыду, і так год за годам, пакуль не прыстукне смерць… Вы, можа, скажаце, які жаль!.. Ваша праўда… Але што рабіць?
Я прытулілася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму… душой і целам… Так, душой і целам, бо галоўнае – гэта гатоўнасць.
– Што рабіць? – паўтарыў ён. – Кіраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергія і аўтарытэт… Ну так!.. І, між іншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькі некалькі момантаў, калі ўсё вырашаецца, і надоўга. У гэтыя моманты якраз і трэба праявіць мужнасць, сказаўшы – так альбо не.
– І вы лічыце, што ў мяне цяпер такі момант, калі трэба праявіць мужнасць і сказаць – не?
Ён далікатна дакрануўся да маіх валасоў, потым адвёў руку і задумаўся.
– Вы задалі мне вельмі цяжкае пытанне, – прамовіў ён нарэшце. – Якое ў мяне права, у чалавека, які ўпершыню вас сустрэў, пра вас нічога не ведае, ні пра вашу сям'ю, ні пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памыліцца… Вырашаць павінны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае… А што магу я? Я магу толькі накіраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, і, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, і запытацца ў вас: «А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзіць вашым лепшым задаткам?»
Тут і я задумалася.
– На жаль – не… Няма ў мяне пэўнасці. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесці сябе ў ахвяру… У дзяцінстве я марыла быць святой альбо гераіняй… А цяпер маё жаданне – прысвяціць сябе чалавеку незвычайнаму і, у меру сіл маіх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокім прызванні… Вось так… Я вам прызналася ў тым, пра што нікому яшчэ не гаварыла… Чаму вам? Гэта і для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасці і абуджае давер'е.
– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзі называюць «шчасцем», магчыма, здольны палюбіць другіх па-сапраўднаму і праз гэта знайсці іншую форму шчасця.
І тады, учынак смелы і крыху шалёны, я схапіла яго за рукі і сказала:
– А чаму б вам, Пітэр Дэн, не ўзяць сваёй часціны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы іменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.