Ўайлд Оскар - Саламея

Шрифт
Фон

Оскар Ўайлд

Саламея

© Маціеўская К., пераклад, прадм., 2013

© ПУП «Кнігазбор», 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Danse macabre сямі пакрывалаў

Калі ў мяне атрымліваецца прыдумаць афарызм, я ніколі не спрабую прыпісаць яго сабе: усе мы ведаем, што гэта ўжо сказаў Ўайлд.

Дораці Паркер

Пачынаючы размову пра Оскара Ўайлда, варта падрыхтавацца да таго, што з вялікай імавернасцю не скажаш нічога новага – і нічога пра Оскара Ўайлда. Маштаб легендаў, чутак, скажэнняў і прыхарошванняў, якімі ахутаная фігура «лонданскага дэндзі», даўно перасягнуў усе магчымыя межы. І бадай вось тут Ўайлда акурат можна было б абвінаваціць у «непрыстойных паводзінах», але, мяркую, ён ведаў, на што ішоў: «Горшай за чуткі пра вас можа быць толькі іх адсутнасць».

Эдгар По напісаў цэлае апавяданне пра найлепшую схованку, якая ва ўсіх на вачах. Гаворка ніжэй пойдзе пра тое, што ўсе ведаюць, але не заўсёды ўлічваюць. Так, перад намі сфінкс без загадкі, але зняць сем – ці колькі атрымаецца – пакрывалаў падманных уяўленняў пра яго часам хочацца.

«Саламея» стаіць асобна ад астатніх п’есаў Ўайлда і па стылі найбольш блізкая да ягоных вершаў прозай, якія падалося мэтазгодным змясціць з ёй у адной кнізе і якія могуць пацвердзіць, што крытык, які ў рэцэнзіі на «Саламею» адзначаў «арыгінальныя вершы» Ўайлда, не так моцна памыляўся, як можа падацца на першы погляд.

Як вядома, п’еса напісаная па-французску, што не перашкаджае ні змяшчаць яе ў зборах твораў у ангельскім перакладзе, ні перакладаць яе з гэтых самых збораў твораў. Не ўсюды можна нават знайсці згадку, што гэта пераклад і хто ў ім вінаваты. Колькі б ні абвінавачвалі Ўайлда ў недастатковым валоданні французскай для таго, каб пісаць на ёй мастацкі твор, пасля паралельнага прачытання двух тэкстаў нічога не застаецца, як пагадзіцца, што лорд Алфрэд Дуглас ведаў французскую яшчэ горш, і нават праўкі аўтара пераклад не ўратавалі. Незразумела, навошта множыць памылкі, давяраючы, так бы мовіць, другаснай крыніцы, але што да «Саламеі», то памылкі праз яе ангельскі пераклад множацца дасёння. Калі ў рускага філолага-класіка Міхаіла Гаспарава спыталі, ці варта захоўваць памылкі аўтара перакладанага твора, перакладчык Авідыя і вагантаў адказаў: «Выпраўляйце. Усё адно сваіх наробіце». Sapienti sat, гаворачы мовай Авідыя і вагантаў.

Недастатковае валоданне аўтарам французскай, як на мяне, пайшло п’есе на карысць. Калі б Ўайлд ведаў мову лепей, ён бы, цалкам магчыма, не ўтрымаўся і выкарыстаў некалькі тузінаў пышных і вычварных словаў, якімі часам злоўжывае ў вершах прозай, закруціў бы сінтаксіс і аздобіў тэкст мноствам лішніх карунак. А так раскошная дэкадэнцкая карціна намаляваная вельмі стрыманымі фарбамі, у чорна-белых тонах, практычна тушшу – практычна як ілюстрацыі Обры Бёрдслі. А пластычнасць тэксту дасягаецца менавіта з дапамогай простасці: адзінае ўпрыгожанне, якое дазваляе сабе Ўайлд (ці дазваляе яму французская), – гэта паўторы.

У сваім артыкуле, прысвечаным «Саламеі», які таксама быў перакладзены для гэтай кнігі, Роберт Рос напісаў: «Адзін музычны крытык надзвычай непрыхільна паставіўся да некаторых біблійных цытатаў (у прыватнасці, з кнігі Езэкііля), якія прамаўляў Іяканаан. Ён палічыў іх «тыповымі для ўайлдаўскага разбэшчанага ўяўлення і поўнымі нецікавых і няўдалых метафараў». Уяўленне пра Ўайлда і яго творы часам сягае недалёка ад уяўлення «аднаго музычнага крытыка» пра Біблію. Але каб зняць гэтае пакрывала, трэба толькі прачытаць. І перш чым гаварыць «Лухта!», і перш чым гаварыць «Геній!» Многія паўсюдна злоўжываюць і тым, і другім.

Вобраз Саламеі Ўайлда пасля выхаду п’есы, ды і пазней таксама, выклікаў у крытыкаў гнеўныя пярэчанні. Ператварэнне дзяўчынкі, якая здзейсніла страшнае злачынства толькі таму, што цалкам давярала сваёй маці, і якая абсалютна нявінна папрасіла ў айчыма галаву прарока, у ахопленую жарсцю жанчыну, што танчыць сапраўдны танец смерці, многіх абурала. Але што зробіш – цяпер Саламею абсалютная большасць ведае па ўайлдаўскай трактоўцы. Ды і калі крытык спачатку нагадвае ўсім, як важна быць сур’ёзным, а потым блытае Ўайлда з Езэкіілем, разумееш, што быць сур’ёзным часам не варта. Іначай высветліцца, што Біблію таксама напісаў Оскар Ўайлд.

Кацярына Маціеўская

Вершы прозай

Мастак

Аднаго вечару яго душу напоўніла жаданне стварыць статую радасці, што трывае імгненне. І пайшоў ён у свет, каб знайсці бронзу. Бо толькі бронзаю мог ён думаць.

Аднак уся бронза свету знікла, і нідзе ў цэлым свеце не было іншай бронзы, апроч бронзы для статуі скрухі, што доўжыцца вечна.

І цяпер гэтая статуя ў яго была: ён стварыў яе сваімі рукамі і паставіў над труной адзінага, каго кахаў у жыцці. Над труной мёртвага, найбольш ім каханага, паставіў ён створаную ім статую, знак любові, што не памірае, і знак скрухі, што доўжыцца вечна. І ва ўсім свеце не было больш бронзы, апроч бронзы для гэтае статуі.

І тады ўзяў ён статую, якую стварыў, і паклаў яе ў самую вялікую печ, і аддаў агню.

І з бронзавай статуі скрухі, што доўжыцца вечна, стварыў ён статую радасці, што трывае імгненне.

Дабрадаўца

Была ноч, і Ён быў адзін.

І ўбачыў Ён удалечыні гарадскія муры, і рушыў да горада.

І наблізіўшыся, пачуў Ён у горадзе крокі радасных, смех шчаслівых і нізкае гучанне шматлікіх лютняў. І пагрукаў Ён у браму, і нехта з варты адчыніў Яму.

І прыкмеціў Ён дом, збудаваны з мармуру, і прыўкрасныя мармуровыя калоны перад ім. Кветкі гірляндамі абвіналі калоны, а ўнутры і звонку гарэлі кедравыя паходні. І ўвайшоў Ён у дом.

І калі мінуў Ён залу з халцэдону, і залу з ясмісу, і пайшоў да доўгай бяседнай залы, то ўбачыў юнака ў вянку з чырвоных ружаў, што ляжаў на канапе колеру марской пурпуры. Вусны юнака чырванелі ад віна.

І стаў Ён за яго спінаю, і дакрануўся да яго пляча, і спытаў яго: «Чаму ты жывеш так?»

І юнак павярнуўся, і пазнаў Яго, і мовіў у адказ: «Калісьці я быў пракажоны, а ты ацаліў мяне. Як яшчэ мне жыць?»

І пакінуў Ён дом, і пайшоў прэч.

І неўзабаве ўбачыў Ён жанчыну з нафарбаваным тварам, у каляровых строях і абутку, упрыгожаным перлінамі. І за ёй ішоў, бязгучна, бы лавец, юнак у плашчы двух колераў. Твар жанчыны быў як панадны твар стода, і вочы юнака гарэлі пажадаю.

І паспешліва дагнаў Ён юнака, і дакрануўся да яго рукі, і спытаў яго: «Чаму ты так глядзіш на гэтую жанчыну?»

І юнак павярнуўся, і пазнаў Яго, і мовіў: «Калісьці я быў сляпы, а ты даў мне зрок. На што яшчэ мне глядзець?»

І паспяшаўся Ён наперад, і дакрануўся да каляровага строю жанчыны, і спытаў яе: «Няўжо нельга ісці іншай дарогай, апроч дарогі граху?»

Вучань

І жанчына павярнулася, і пазнала Яго, і засмяялася, і мовіла: «Але ты дараваў мне мае грахі, і даспадобы мне гэтая дарога».

І пакінуў Ён горад.

І калі пакідаў Ён горад, то ўбачыў юнака, што сядзеў пры дарозе і плакаў.

І падышоў Ён да юнака, і дакрануўся да яго доўгіх пасмаў, і спытаў яго: «Чаму ты плачаш?»

І юнак падняў вочы, і пазнаў Яго, і мовіў у адказ: «Калісьці я быў мёртвы, і ты ўваскрасіў мяне. Што яшчэ мне рабіць, як не плакаць?»

Калі памёр Нарцыс, ставок, што радаваў яго, з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, і арэады, плачучы, выйшлі з лясоў, каб спяваць яму і несці супакой.

І калі яны ўбачылі, што ставок з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, яны распусцілі свае зялёныя косы, і плакалі, і казалі да яго:

– Мы не дзівімся гэтай журбе па Нарцысу, ён быў такі прыгожы.

– А Нарцыс быў прыгожы? – спытаў ставок.

– Хто ведае гэта лепш за цябе? – адказалі арэады. – Ён не зважаў на нас, імкнучыся да цябе, і ляжаў на тваіх берагах, і глядзеўся ў цябе, і ў люстры твае вады адбівалася яго прыгажосць.

І ставок адказаў:

– Але я любіў Нарцыса, бо, калі ён ляжаў на маіх берагах і глядзеўся ў мяне, у люстры яго вачэй я бачыў адбітак сваёй прыгажосці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3