Настаўнік
Калі цемра агарнула зямлю, Іосіф Арымафейскі спусціўся ў даліну, несучы запаленую сасновую паходню, бо меў што зрабіць у доме сваім.
І ўкленчыўшы на цвёрдых камянях Даліны Скрухі, убачыў ён юнака, што быў аголены і плакаў. Яго валасы былі колеру мёду, яго цела было як лілея, але ён зраніў цела сваё шыпамі, і ляжаў попел на валасах яго замест вянку.
І той, хто меў шмат, сказаў юнаку, што быў аголены і плакаў: «Мяне не дзівіць твая бязмежная туга, бо Ён напраўду быў беззаганны».
І адказаў юнак: «Я плачу не па ім, але па сабе. Я таксама ператвараў ваду ў віно, ацаляў пракажоных і вяртаў зрок сляпым. Я хадзіў па вадзе і выганяў д’яблаў з тых, каго зракліся. Я карміў галодных у пустэльні, дзе не было ежы, я падымаў памерлых з іх цесных жытлаў, і па слове маім перад незлічоным натоўпам высахла бясплодная смакоўніца. Усё, што рабіў гэты чалавек, рабіў і я. І тым не менш яны мяне не ўкрыжавалі».
Дом Суду
І было маўчанне ў Доме Суду, і Чалавек стаў голы перад Богам.
І разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Ганебным было жыццё тваё, і быў ты нялітасцівы да тых, каму патрэбная была абарона, і да тых, хто прасіў дапамогі, быў ты люты і жорсткі. Няшчасны благаў цябе, а ты не слухаў, і вушы твае былі закрытыя для плачу пакутных Маіх. Спадчыну сіротаў браў ты сабе і пускаў лісаў у вінаграднікі суседзяў сваіх. Ты адбіраў хлеб ад дзяцей і кідаў яго сабакам, і пракажоных Маіх, што жылі ў спакоі на пустках, славячы Мяне, ты выганяў на гасцінцы, і на зямлю Маю, з якое Я стварыў цябе, праліваў ты нявінную кроў».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І зноў разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Заганным было жыццё тваё, і хараство, што Я паказаў табе, ты збэсціў, і дабра, што Я схаваў, ты не заўважыў. На сценах твайго пакоя былі выявы куміраў, і з ложка тваіх распустаў ты падымаўся пад гукі флейтаў. Ты збудаваў сем алтароў грахам, за якія Я пакутаваў, ты еў тое, чаго не належыць есці, і на пурпуры адзення твайго былі вышытыя тры знакі ганьбы. Твае стоды не з золата ці срэбра вечных, але з плоці смяротнай. Ты масціў іх валасы парфумамі і ўкладаў плады граната ім у рукі. Ты націраў іх ступні шафранам і рассцілаў перад імі кілімы. Сурмою фарбаваў ты іх павекі і целы іх мазаў міраю. Ты падаў перад імі ніцма, і стальцы тваіх куміраў ззялі на сонцы. Ты паказваў сонцу сваю ганьбу і месяцу свой шал».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І трэці раз разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Злом было жыццё тваё, і злом ты адказваў на дабро, і зламыснасцю на спагаду. Рукі, што кармілі цябе, ты зраніў, і грудзьмі, з якіх піў, ты пагарджаў. Той, хто нёс табе ваду, сыходзіў, пакутуючы ад смагі, і выгнаннікаў, што хавалі цябе ноччу ў сваіх жытлах, ты выдаваў яшчэ да світання. Вораг, што злітаваўся над табою, трапіў у тваю пастку, а сябра, што ішоў з табою, ты прадаў, і тым, хто даваў табе любоў, ты адказваў пажадай».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І закрыў Бог кнігу жыцця Чалавека, і сказаў: «Сапраўды кажу, у пекла дарога табе. Проста ў пекла твая дарога».
І ўскрыкнуў Чалавек: «Не будзе гэтага!»
І спытаў Бог Чалавека: «Чаму гэтага не будзе? Чаму ты думаеш, што не ў пекла табе дарога?»
«Бо ў пекле я жыў заўсёды», – адказаў Чалавек. І было маўчанне ў Доме Суду.
І парушыў маўчанне Бог, і сказаў Чалавеку: «Бачу, што не магу Я адправіць цябе ў пекла. Сапраўды кажу, у рай дарога табе. Проста ў рай твая дарога».
І ўскрыкнуў Чалавек: «Не будзе гэтага!»
І спытаў Бог Чалавека: «Чаму гэтага не будзе? Чаму ты думаеш, што не ў рай табе дарога?»
«Бо ніколі і нідзе не мог уявіць я раю», – адказаў Чалавек.
І было маўчанне ў Доме Суду.
Настаўнік мудрасці
Яшчэ ў дзяцінстве поўніла яго дасканалая веда пра Бога, а калі ён зрабіўся юнаком, многія святыя, як і некаторыя дабрадзейныя жанчыны з вольнага горада яго маленства, узрушана дзівіліся глыбокай мудрасці яго адказаў.
І калі бацькі далі яму адзенне і пярсцёнак сталасці, ён пацалаваў іх, і пакінуў іх, і пайшоў у свет, каб гаварыць свету пра Бога, бо тады было шмат такіх, што не ведалі Бога, альбо ведалі Яго дрэнна, альбо хвалілі несапраўдных багоў, тых, што жывуць у гаях і ніяк не клапоцяцца пра сваіх прыхільнікаў.
І павярнуўся ён тварам да сонца, і рушыў у падарожжа басанож, бо бачыў, што так ходзяць святыя, і нёс на пасе скураную кайстру і біклагу з абпаленае гліны.
І калі ішоў ён гасцінцам, яго напаўняла радасць дасканалае веды пра Бога, і ён нястомна ўзносіў Яму хвалу, і неўзабаве дасягнуў незнаёмых земляў, дзе было шмат гарадоў.
І прайшоў ён праз адзінаццаць гарадоў. І адны з тых гарадоў ляжалі ў далінах, другія месціліся на берагах вялікіх рэк, а іншыя стаялі на ўзвышшах. І ў кожным горадзе ён знаходзіў сабе вучня, што любіў яго і йшоў за ім, і вялікія натоўпы людзей з кожнага горада ішлі за ім, і веда пра Бога пашыралася па ўсёй той зямлі, і многія ўладары прынялі яе, а жрацы храмаў, дзе багомілі стоды, убачылі, як сплыла палова паднашэнняў, і калі пачалі яны гучна біць у свае бубны, амаль ніхто не прыйшоў да іх з павамі і з ахвярным мясам, як вялося ў гэтых землях раней.
І чым больш людзей ішло за ім, і чым большым рабілася кола яго вучняў, тым хутчэй расла яго скруха. І не ведаў ён, чаму скруха яго бязмежная, бо ўвесь час гаварыў ён пра Бога, поўны дасканалае веды пра Яго, якую Бог Сам даў яму.
Неяк пад вечар пакінуў ён адзінаццаты горад, што быў у Арменіі, і вучні яго і вялікая грамада людзей пайшлі за ім. І ўзышоў ён на гару, і сеў на камень, што ляжаў на гары, і сталі вучні вакол яго, і ўкленчыў натоўп у даліне.
І закрыў ён твар далонямі, і заплакаў, і запытаў сваё сэрца: «Як сталася так, што я поўны скрухі і страху, а кожны мой вучань – вораг, што прыходзіць апоўдні?» І сэрца мовіла ў адказ: «Бог напоўніў цябе дасканалаю ведаю пра Яго, а ты перадаў гэтую веду іншым. Найкаштоўнейшы скарб ты падзяліў і непашыты хітон разарваў на кавалкі. Той, хто раздае мудрасць, рабуе сябе самога. Ён падобны да таго, хто аддае сваё багацце рабаўніку. Ці ж Бог не мудрэйшы за цябе? Хто ты такі, каб раздаваць таямніцу, якую раскрыў табе Бог? Калісьці я было багатым, а ты пазбавіў мяне багацця. Калісьці я бачыла Бога, а ты схаваў Яго ад мяне».
І ён зноў заплакаў, бо ведаў, што сэрца сказала яму праўду, што аддаў ён іншым дасканалую веду пра Бога і зрабіўся падобным да таго, хто чапляецца за Боскі падол, і чым больш тых, хто верыць у яго, тым меншая яго вера.
І сказаў ён сабе: «Я не буду больш гаварыць пра Бога. Той, хто раздае мудрасць, сам сябе рабуе».
І праз колькі гадзінаў вучні ягоныя падышлі да яго, нізка схіліся й мовілі: «Настаўніча, скажы нам пра Бога, бо маеш дасканалую веду пра Яго, і ніхто, апроч цябе, не валодае ёю».
І мовіў ён ім у адказ: «Я буду гаварыць вам пра ўсё, што ёсць у нябёсах і на зямлі, але пра Бога я не буду гаварыць вам. Ні цяпер, ні пасля не буду я гаварыць вам пра Бога».
І ўгневаныя, сказалі яны яму: «Ты прывёў нас у пустэльню, каб мы слухалі цябе. Ты хочаш пакінуць неспатоленымі ўсіх, каго сабраў, каб ішлі за табой?»
І мовіў ён ім у адказ: «Я не буду гаварыць вам пра Бога».
І сказаў яму натоўп, наракаючы: «Ты прывёў нас у пустэльню і не наталіў нас. Гавары нам пра Бога, прынясі нам спатолю».
Але ён не адказаў нічога, бо ведаў, што калі будзе гаварыць ім пра Бога, то раздасць сваё багацце.
І вучні ягоныя пайшлі ад яго ў скрусе, і людзі вярнуліся ў свае дамы, а многія памерлі ў дарозе.
І застаўшыся сам, павярнуўся ён тварам да месяца, і рушыў у падарожжа, і ішоў, пакуль не мінула сем поўняў, і не размаўляў ні з кім, і нікому не адказваў. І калі мінула сёмая поўня, дайшоў ён да пустэльні, пустэльні Вялікай Ракі. І натрапіўшы на пячору, дзе некалі жытлаваў кентаўр, ён абраў яе сваім домам, і сплёў сабе кілім з трыснягу, каб спаць на ім, і зрабіўся пустэльнікам. І кожную хвіліну пустэльнік славіў Бога за тое, што мае яшчэ веду пра Яго і Ягоную дзівосную веліч.