Гэтай кнігі як выніку працяглых даследаванняў і рэфлексій не атрымалася б без інтэнсіўных кантактаў і плённага супрацоўніцтва з даследчыкамі самых розных краін, перадусім Беларусі і суседзяў. Акрамя М. Дабрыніна (Брэст), якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, у першую чаргу трэба згадаць Уладыслава Фёдаравіча Версцюка (Кіеў), Фёдара Данілавіча Клімчука (Мінск), Яўгена Мірановіча (Беласток), Захара Васілевіча Шыбеку (Хайфа). Усім ім я выказваю асаблівую ўдзячнасць.
Выданне, якое вы трымаеце ў руках, на жаль, не змогуць прачытаць бацькі аўтара. Народжаныя «за Польшчай» Віктар Трафімчык і Яніна (у дзявоцтве Муха) – адпаведна ў 1937 і 1939 гг. – не так даўно адышлі ў вечнасць. Іх светлай памяці і прысвячаецца гэтая кніга.
* * *
Спадзяюся, што гэтае знаёмства з драматычнымі падзеямі 1939 г. не проста запатрабуе, а прымусіць шаноўнага чытача дадаткова думаць, разважаць, шукаць. Прымусіць кожнага, хто гэтым выданнем не пагрэбуе.
Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Першая сусветная вайна і новая канфігурацыя сіл у свеце
1914–1918 гг. былі азмрочаны для чалавецтва вайною, у якой прынялі ўдзел вядучыя дзяржавы свету, уцягнуўшы ў бурхлівы вір і многія невялікія народы. Лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін пасля першага года вайны справядліва выказаўся:
«это есть война между двумя группами разбойнических великих держав из-за дележа колоний, из-за порабощения других наций, из-за выгод и привилегий на мировом рынке».
Галоўнай прычынай вайны стала імкненне перадусім Германскай імперыі, якая ўтварылася толькі ў 1870 г., да перадзелу свету, у прыватнасці, заморскіх калоній. Зразумела, ні Вялікабрытанія, ні Францыя, ні іншыя краіны не жадалі страчваць набытыя рознымі шляхамі землі на глобусе, які з пачатку ХХ ст. пачаў увачавідкі цяснець.
Расійская імперыя таксама разраслася. Аднак у адрозненне ад іншых вялікіх дзяржаў, якія павялічвалі свае плошчы за кошт заморскіх уладанняў, Расія ад ХVІ да ХІХ ст. узбуйнілася на еўразійскім мацерыку: з’яўляючыся спачатку Маскоўскім княствам, абвясціла сама сябе царствам. Яна ўвесь час захоплівала землі суседзяў, а затым, пры Пятры І, ператварылася ў Расійскую імперыю і з поспехам паднявольвала тэрыторыі, дзе дзяржаўнасць:
• толькі зараджалася, – напрыклад, у Сібіры;
• мела старажытны характар, хоць агульны культурны ўзровень заставаўся параўнаўча адсталым (лепей сказаць, спецыфічным), – краіны Сярэдняй Азіі;
• узнікла раней, чым на землях паўночна-ўсходняй Русі, і мясцовыя народы паспелі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, – сённяшнія Беларусь і Украіна, а таксама прыбалтыйскія краіны.
Апетыты заходніх каланіяльных дзяржаў за ХІХ ст. трохі зменшыліся, бо больш ужо не было куды разрастацца. А ў Расіі наадварот – выспела дактрына «вызвалення» славянскіх братоў на Балканах і Канстанцінопаля як галоўнага праваслаўнага цэнтра, які ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў складзе Асманскай імперыі (Турцыі). Мара пра Басфор і Дарданелы – пралівы па шляху з Чорнага ў Міжземнае мора – зрабілася навязлівай у галовах расійскіх цароў, палітыкаў і генералаў. Яшчэ адным падобным трызненнем стала фантастычная ідэя «памыць боты» ў Індыйскім акіяне.
У заключнай трэці XIX ст. у Еўропе паўсталі дзве амбітныя дзяржавы – Германія і Італія – з магутным інтэлектуальным патэнцыялам і глабальнымі каланізатарскімі замашкамі. Да Першай сусветнай вайны на міжнароднай арэне ўтварылася наступная расстаноўка сіл: з аднаго боку паўстаў Чацвяртны саюз у складзе Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый, а таксама Балгарыі, з другога ўтварылася Антанта, дзе рэй вялі Вялікабрытанія (Англія), Францыя, Расія.
Усяго ў вайне прынялі ўдзел 38 (з 55 існуючых) дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек (87 % ад усяго насельніцтва зямлі), у войскі было мабілізавана каля 75 млн чалавек (так, на Беларусі ў расійскую армію быў рэкрутаваны кожны другі мужчына).
Лічбы ахвяр уражваюць: больш за 10 млн забітых і памерлых ад ран салдат, каля 12 млн мірных жыхароў былі забіты ці памерлі ад эпідэмій і голаду, не менш за 20 млн было паранена альбо пакалечана. У розных крыніцах лічбы могуць адрознівацца. Але іх маштаб паўсюль аднолькавы: лік ішоў на дзясяткі мільёнаў!
Першая сусветная вайна, як прынята лічыць, закончылася 11 лістапада 1918 г. Па яе выніках Германія прайграла і моцна абмяжоўвалася, перадусім у ваенным патэнцыяле. Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі зусім распадаліся.
Адбыўся своеасаблівы «парад суверэнітэтаў» – дзяржаўнасць атрымалі многія малыя народы Еўропы. Дастаткова ўспомніць суседзяў Беларусі: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію. Але не ва ўсіх спраўдзілася спроба здабыцця незалежнасці ў канцы Першай сусветнай вайны: не стала паўнавартаснай дзяржавай Беларуская Народная Рэспубліка, дый Украіна не ўтрымалася як незалежная дзяржава – і гэта нягледзячы на мацнейшую нацыянальную самасвядомасць насельніцтва і мабілізацыю баяздольных узброеных сіл, а таксама знешнюю падтрымку.
Калі кажуць, што па выніках Першай сусветнай вайны распалася і Расійская імперыя, гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Бальшавікі, якія на працягу 1917 г. змаглі змяніць царскую ўладу і Часовы ўрад, захавалі нядаўнюю «турму народаў» (па трапным выказванні У. Леніна), утрымаўшы ў яе лоне не толькі Беларусь і Украіну, але і каўказскія і сярэднеазіяцкія народы. Стратамі аказаліся Фінляндыя, Польшча, Прыбалтыка. Аднак і гэтыя аддзяленні Крамлём разглядаліся як тактычныя і, адпаведна, часовыя. А створаны самімі бальшавікамі міф пра распад Расійскай імперыі быў ім выгадны: пасля знішчэння «турмы народаў» («стары парадак мы зруйнуем») на яе расчышчаным месцы мела паўстаць светлая камуністычная будучыня («і свет на новы лад збудуем» – вядомыя словы з камуністычнага гімна «Інтэрнацыянал»).
Геапалітычная сістэма пасляваеннай светабудовы атрымала назву Версальска-Вашынгтонскай – ад гарадоў, дзе на працягу 1919 г. былі ўкладзены асноўныя дамоўленасці. Тым не менш, адзін з французскіх генералаў публічна заявіў, што насамрэч вайна не скончана – наступіў толькі перапынак у баявых дзеяннях. Час паказаў рацыю вайскоўца.
Галоўнай прычынай адтэрміноўкі заканчэння Першай сусветнай вайны сталі надзвычай умелыя, эфектныя – як у тактыцы, так і на перспектыву – палітычныя дзеянні бальшавікоў. Бальшавіцкая партыя на чале з Леніным змагла дамовіцца з Берлінам аб вялікіх субсідыях на дэстабілізацыю абстаноўкі ўнутры Расіі шляхам рэвалюцыі і забеспячэнні яе далейшага выхаду з вайны. Германія ваявала на два франты, што вяло яе да паражэння, а добраахвотны выхад з вайны Расіі ліквідаваў бы адзін фронт, нават больш таго – узмацніў бы нямецкую эканоміку і армію рэпарацыямі. З іншага боку, бальшавікі адпусцілі ў незалежнае жыццё некалькі краін з Расійскай імперыі, не столькі з-за сваёй дабрыні і дэмакратычнасці, колькі з прычыны адсутнасці магчымасцей утрымаць фінаў і палякаў у лоне «турмы народаў» (а спробы ўтрымаць былі). На пачатковым этапе савецкай уладай ставілася задача замацавацца прынамсі на абмежаванай тэрыторыі і захаваць «ачаг» камуністычнай рэвалюцыі.
Бальшавікі глядзелі далей, чым кіраўніцтва заходніх краін, і тым больш, чым палітыкі новапаўсталых дзяржаўных утварэнняў. Галоўнай, канчатковай мэтай, якую бачыў Ленін, была сусветная рэвалюцыя, у тым ліку ў Германіі. Таму ён быў гатовы аддаваць (і тым больш абяцаць!) любыя матэрыяльныя багацці (грошы, каштоўнасці, землі), спадзеючыся, што скора ўсё вернецца пад іх уладу. Прывядзём словы лідара савецкай Расіі: