Трафімчык Анатоль В. - 1939 год і Беларусь. Забытая вайна стр 3.

Шрифт
Фон

«Уступленными областями все равно владеть не будут, так как русская революция перекатится в ближайшее время не только в Германию, но и в другие воюющие государства».

Класічным стаў выраз пра адсутнасць сяброў у дзяржавы пры наяўнасці яе інтарэсаў. Але бальшавікі нават інтарэсы дзяржавы ставілі ніжэй вартасцей і мэтаў сваёй ідэалагічнай праграмы.

Яны добра разумелі, што толькі ўласнымі намаганнямі будзе цяжка распаўсюдзіць рэвалюцыю на Захадзе, таму спадзяваліся не толькі і нават не столькі на свае сілы. Ускладалася надзея на зацягванне вайны (менавіта гэты матыў абумовіў імкненне вывесці Расію з барацьбы супраць Германіі, каб апошняя свае сілы, якія былі на зыходзе, кінула на больш моцныя Англію і Францыю, да якіх далучыліся ў 1917 г. ЗША). Гэта б знясіліла Захад. Бальшавіцкая Расія, атрымаўшы перадышку, мелася аднавіць свой патэнцыял. Зацягнутая імперыялістычная вайна, па меркаванні бальшавіцкіх ідэолагаў (пра гэта адкрыта казаў Ленін), павінна была таксама распаліць сацыяльныя пачуцці (замест нацыянальных) у ваюючых народаў да такой ступені, каб зброя ў руках салдат была развернута на 180 градусаў – са знешняга ворага на ўнутранага, г. зн. на буржуазію і паноў у сваёй дзяржаве.

Бальшавіцкія планы, аднак, не рэалізоўваліся гладка. Хоць Чырвонай Арміі і ўдалося ўтрымаць уладу на большай частцы былой Расійскай імперыі, але з дзеяннямі па-за яе межамі атрымаўся пралік. Германія выйшла з Першай сусветнай вайны несвоечасова – з гледзішча стратэгіі бальшавікоў. Ленін жадаў бачыць гэты працэс вясной, самае позняе – у ліпені 1918 г.:

«Если бы германская революция вспыхнула и победила в ближайшие три-четыре месяца, тогда, может быть, тактика немедленной революционной войны не погубила бы нашей социалистической революции».

У Германіі ўспыхнула рэвалюцыя ў лістападзе 1918 г., і яна сапраўды прыспешыла капітуляцыю Чацвяртнога саюза. Здавалася, рэвалюцыйныя падзеі, згодна з планамі бальшавікоў, перакінуліся і на іншыя еўрапейскія краіны (акрамя Германіі, сацыялісты ўзялі ўладу на некаторы час у Венгрыі і Славакіі). Але Чырвоная Армія на той момант не магла аказаць дзейснай дапамогі, бо завязла ў барацьбе супраць унутраных контррэвалюцыйных і нацыянальна-вызваленчых сіл аж да 1921 г. Калі ўнутры Расіі бальшавікі атрымалі канчатковую перамогу, у Еўропе патэнцыяльныя асяродкі распальвання рэвалюцыі былі ліквідаваныя. Свет уступіў у фазу адносна стабільнага існавання. Народы былі стомленыя вайною, яе бедствамі і, натуральна, не хацелі працягу канфліктаў і эскалацыі палітычнай напружанасці.

У выніку на міжнароднай геапалітычнай арэне сфарміраваліся тры асяродкі:

• Англія, Францыя, ЗША. Гэтыя дзяржавы захавалі сваю магутнасць і ўплывы, а ЗША значна павялічыла сваё значэнне ў сусветнай палітыцы. Новая светабудова іх задавальняла, акрамя аднаго, даволі прынцыповага факта і фактара – Савецкай Расіі (з 1922 г. – СССР). Гэта быў ідэалагічны вораг і эканамічна нязручная краіна. Калі Захад і даваў ёй права на існаванне, дык толькі часовае (але яшчэ не меў пэўных стратэгій на будучыню, яны пачалі выкрышталізоўвацца недзе на пераломе 1920–1930-х гг. і мелі на мэце скіраванне германскіх апетытаў на ўсход, г. зн. на Савецкі Саюз).

• Германія і краіны, якія прайгралі ў Першай сусветнай вайне і сталі ў пэўным сэнсе ізгоямі. У іх адразу зарадзіліся ідэі рэваншызму. Сюды ж можна дадаць краіны, якія тым часам павялічвалі сваю магутнасць і сталі прэтэндаваць на большае значэнне ў геапалітычным кантэксце (Японія, Італія). Палітыкі гэтага шэрагу краін не былі задаволены існай раскладкай сіл у свеце. Але галоўны рэваншыст – Германія – пакуль быў моцна абмежаваны па ўмовах капітуляцыі.

• СССР. Краіна Саветаў вымушана была сцвярджаць сваё права на існаванне, прарываць палітычную і эканамічную блакаду. З-за камуністычнай дактрыны, якая пужала свет, СССР стаў яшчэ адным ізгоем і быў вымушаны пагадзіцца з існаваннем капіталістычнага акружэння. Але – як думаў спярша Ленін, а пасля і І. Сталін – пагадзіцца толькі часова. Стратэгія была нязменнай: у выніку новай сусветнай вайны, пасварыўшы вядучыя капіталістычныя краіны, аслабіць іх і распаўсюдзіць як мага шырэй сацыялістычны лад.

Дарэчы, менавіта Ленін адным з першых загаварыў пра магчымасць і верагоднасць Другой сусветнай вайны. Калі стала ясна, што распаўсюджванне сусветнай рэвалюцыі адкладваецца, у канцы 1920 г. ён заявіў:

«Мы кончили одну полосу войн, мы должны готовиться ко второй; но когда она придет, мы не знаем, и нужно сделать так, чтобы тогда, когда она придет, мы могли быть на высоте».

Такім чынам, перспектыву найбольш ясна бачылі бальшавікі. Астатнія два асяродкі мелі жаданні, але не канкрэтныя планы і раскладкі. Аморфная, ілюзорная ідэя «светлай будучыні» камуністаў не павінна ўводзіць у зман і ствараць уражанне іх адарванасці ад рэчаіснасці. Савецкія палітыкі глядзелі на свет вачыма рэалістаў, загадзя выпрацоўваючы тактыку і стратэгію дзеяння.

Беларусь – пляцоўка для вайны: высвятленне адносін паміж новай Польшчай і бальшавікамі

Польская дзяржаўнасць адсутнічала больш чым стагоддзе: у 1795 г. Расія, Прусія і Аўстрыя канчаткова падзялілі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Аднак польскі нацыянальны дух не заняпаў – палякі плённа развіваліся ў нацыянальна-культурным плане, не перастаючы марыць аб аднаўленні дзяржаўнасці. Яна сталася магчымай у выніку Першай сусветнай вайны, якая спярша ўгнаіла глебу для сацыялістычных рэвалюцый у Расіі і Германіі, пасля чаго новыя ўлады былі не ў сілах утрымаць многія народы ў іх імкненні да незалежнасці.

11 лістапада 1918 г. – фактычна адначасова з рэвалюцыяй у Германіі і заканчэннем Першай сусветнай вайны – Польшча абвясціла аб сваёй незалежнасці. Заўважым, што новапаўсталая польская дзяржава называлася «Rzeczpospolita Polska», што ў перакладзе азначае «Польская Рэспубліка», а не ІІ Рэч Паспалітая, як часцей за ўсё называюць міжваенную Польшчу. Межы адноўленай Польшчы ўсталёўваліся Версальскай дамовай. Антанта змагла збольшага ўрэгуляваць нямецка-польскае размежаванне. Аднак усходняя мяжа Польшчы заставалася вялікай праблемай. Спрэчкі, у тым ліку ваеннага характару, разгарэліся з Украінай (за Львоў), Літвой (за Вільню) і Савецкай Расіяй – самым сур’ёзным ворагам (за беларускія землі).

Сярод польскіх кіраўнікоў не было агульнай палітычнай канцэпцыі дзяржаўнага ўладкавання. Лакалізацыя новай Польшчы ў межах яе этнічных тэрыторый, на думку аднаго з польскіх лідараў Рамана Дмоўскага, прывяла б у будучыні да знікнення польскай дзяржавы. У адрозненне ад Савецкай Расіі, якая прэтэндавала на ўсю Польшчу, апошняя імкнулася пашырыць сваю тэрыторыю толькі за кошт «крэсаў» (польск. ускраін), на якіх пражывала пэўная колькасць этнічных палякаў ці спаланізаваных тутэйшых. У сучаснай польскай гістарыяграфіі існуе меркаванне, што спачатку кіраўніцтва Польшчы настойвала на аднаўленні межаў 1772 г., каб пазней – з улікам сітуацыі ў асобных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай – часткова адмовіцца ад разлеглых абшараў на ўсходзе і дамагацца на захадзе тых зямель, на якіх пражывалі палякі.

Іншы польскі лідар Юзаф Пілсудскі (беларус па паходжанні) марыў пра аднаўленне гістарычнай Рэчы Паспалітай як федэрацыі народаў (разам з літоўцамі, беларусамі, украінцамі). У такой дзяржаве, на яго думку, галоўную палітычную лінію будуць праводзіць палякі (як гэта і было ў старой Рэчы Паспалітай). Такая ідэя падобная да рэалізаванай у 1922 г. бальшавіцкай задумы па стварэнні Саюза ССР (дзе кіраванне ажыццяўлялася з Крамля).

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3