Трафімчык Анатоль В. - 1939 год і Беларусь. Забытая вайна стр 7.

Шрифт
Фон

«Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно».

Бальшавікоў не турбавала пытанне беларускай дзяржаўнасці: у важных гістарычных дакументах Беларусь не згадвалася як народ з правам на дзяржаўнае самавызначэнне. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён падтрымліваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. На самым пярэдадні кастрычніцкага перавароту Ленін, што праўда, у форме рытарычнай фігуры ўмоўнага ладу заяўляў пра неадкладнае аднаўленне свабоды Фінляндыі, Украіны, Беларусі і краін з мусульманскім насельніцтвам.

Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць. Яны імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць іх, а беларускі – на пэўны час увогуле быў выключаны з павесткі для бальшавікоў. Дый гаварылася ж не пра дзяржаўны суверэнітэт, а пра нейкую абстрактную свабоду, разуменне якой у бальшавікоў мела свае асаблівасці, абумоўленыя класавым падыходам: прадугледжвалася вызваленне не ўсёй нацыі, а толькі працоўнага класа, якому, у сваю чаргу, патрэбна была сацыялістычная рэвалюцыя. Калі ж працоўны клас таго ці іншага народа не разумеў гэтай патрэбы, дык бальшавікі, нібыта робячы ласку, гатовы былі прынесці шчасце светлай камуністычнай будучыні на штыках.

Тэарэтычныя двухсэнсоўныя дэкларацыі засцілі вочы, аднак, не ўсім. Некаторыя лідары беларускага нацыянальнага руху бачылі, што на практыцы савецкая Масква не збіраецца прадпрымаць нейкія крокі да задавальнення нацыянальных памкненняў беларусаў. Менавіта ў такім сэнсе гучыць меркаванне дзеяча БНР Язэпа Варонкі адносна Сталіна, погляды якога тут цалкам супадаюць з вышэйпрыведзенымі словамі Леніна пра права на аддзяленне:

«інакш (у адрозненне ад Анатоля Луначарскага. – А. Т.) адносіцца да нашага руху той самы камісар Джугашвілі (Сталін), які выдаў дэкрэт аб нацыянальным самавызначэнні і думае правесці нас дэкрэтам, не прадпрымаючы ніякіх крокаў да неадкладнага задавальнення нашых нацыянальных імкненняў».

Заангажаваныя ў справах Беларусі бальшавікі мелі выразна антынацыянальныя намеры, аб чым можна аб’ектыўна меркаваць па словах галоўнага бальшавіцкага ідэолага «Заходняй вобласці» Вільгельма Кнорына, сказаных ім восенню 1918 г. Яны недвухсэнсоўна характарызуюць палітычную лінію бальшавікоў:

«Мы лічылі, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Нашаю задачаю з’яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыянальных рагаткаў. Беларускі ж рух з’яўляецца такім узвядзеннем новых нацыянальных рагаткаў, якіх не было да гэтых пор, а таму камуністы не могуць у якім бы то ні было выглядзе прымаць удзел у гэтым руху. <…>

Некаторыя лідары беларускага руху бачылі, што савецкая Масква не збіраецца задавольваць нацыянальныя памкненні беларусаў

«Мы, камуністы, у тым краі, што вы называеце Беларуссю, працуем, не лічачыся з тым, якога мы роду і племені. <…> Беларускі рух – гэта адраджэнне ў пачварных формах сацыял-шавінізму, з якім мы так доўга вядзем барацьбу».

Аднак, як ні парадаксальна, бальшавікі не здолелі ў дачыненні да Беларусі паступіць згодна са сваімі поглядамі. Галоўнай перашкодай стала сітуацыя ва Усходняй Еўропе. І калі з дзейнасцю БНР (а палітычныя сілы рэспублікі з канца 1918 г. імкліва слабелі) бальшавікі маглі спраўляцца адной прапагандай, практычна не хаваючы сваіх намераў, то з моманту адраджэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмай Польшчы, якая адразу выявіла імперскія амбіцыі, беларуская праблема запатрабавала ад Крамля аператыўнага і прагматычнага вырашэння.

Пазіцыя Польскай Рэспублікі ў дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай: каб не стаць другой Украінай, якая ўрэшце пасля ўпартай барацьбы трапіла назад пад уладу «маскалёў», палякі выяўлялі большыя прэтэнзіі – «ад мора да мора», што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы. Больш за тое, ваенна-стратэгічныя пралікі М. Тухачэўскага і савецкай дыпламатыі далі магчымасць Польшчы устанавіць мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана, якая спачатку расцэньвалася як дзяржаўная.

І яшчэ. Каб краіны-суседзі, перадусім Польшча, не здолелі замацаваць сваю незалежнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б пытанне пра беларускую дзяржаўнасць.

Як трапна адзначылі Расціслаў Платонаў і Мікалай Сташкевіч, ад пачатку было бачна, што«вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыдычнага афармлення БССР прадвызначылі яе незайздросны лёс, і яна павінна была спыніць сваё існаванне».


Відавочна, без тэрытарыяльных прэтэнзій версальскай Польскай Рэспублікі на беларускія землі аўтэнтычнасць нашай нацыі і яе права на палітычнае самавызначэнне былі б праігнараваны савецкай Расіяй. У абставінах, калі Захад рэальна пагражаў Расіі, урад бальшавікоў выпрацоўваў «палітыку абароны рэвалюцыі», што прадугледжвала ўтварэнне ўздоўж заходняй мяжы ланцуга савецкіх рэспублік – тут найперш меліся на ўвазе Украінская, Эстонская, Латвійская і Літоўская рэспублікі. Польшча павінна была замкнуць гэты ланцуг, стаўшы апошнім яго звяном.

Аднак надзеі на рэвалюцыю ў Польшчы не спраўдзіліся. Таму ролю звяна ўсклалі на Беларусь. На пачатку 1919 г., г. зн. адразу пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі, Ленін адзначаў, што рэспубліка буферная і патрэбная толькі таму, што мяжуе з варожымі краінамі, а яе ўсходнія губерні (Смаленская, Віцебская і Магілёўская) можна выключыць са складу Беларусі, бо яны злучаныя з Расіяй.

Заўважым, пры абвяшчэнні БССР 1 студзеня 1919 г. пэўны час (літаральна некалькі тыдняў) яна ахоплівала амаль усю беларускую этнічную тэрыторыю – пяць губерняў (адпаведная пастанова была прынята 30 снежня 1918 г. беларускімі бальшавікамі). Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300 000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн. чалавек.

Але з увагі на пагрозу, што ў пэўнай сітуацыі Беларусь можа быць адарванай ад Савецкай Расіі з пяццю губернямі, пакінулі толькі дзве з іх. Устаноўку Леніна ажыццявілі на пасяджэнні Цэнтральнага Бюро КП(б) Беларусі 22 студзеня 1919 г., у пратаколе якога Адольф Іофе падкрэсліваў, што бальшавіцкае кіраўніцтва вырашыла стварыць паміж Савецкай Расіяй і імперыялістычным акружэннем (у першую чаргу мелася на ўвазе Польшча) шэраг рэспублік-буфераў, чым быў бы пастаўлены бар’ер націску імперыялістаў.

Была і другая прычына абмежавання памераў БССР – жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыянальныя тэндэнцыі. Гэтага фактара таксама не хавалі бальшавіцкія кіраўнікі тагачаснай Беларусі.

«С целью защитить соседей от большевистской заразы нужно было разжечь пагубные националистические чувства и заглушить классовые противоречия. <…> Но когда на тот же путь вступило правительство (на чале са Змітром Жылуновічам. – А.Т.), декретировавшее выделение Белорусской республики, на сцене снова появился белорусский язык. Целесообразность этого акта мы никак понять не можем ни экономически, ни политически, ни этнографически. Положение пяти губерний, вошедших в состав Белорусской республики, ничем существенным не отличается от остальных губерний Советской России. Нам нужно классовое самоопределение, но не искусственное национальное…»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3