Такія тэлеграмы слалі бальшавіцкія прадстаўнікі ледзь не з самага пачатку стварэння Савецкай Беларусі. Пры гэтым яны нават прызнавалі канструктыўныя бакі ў існаванні БНР, але толькі для пэўнага гістарычнага моманту.
Знешнепалітычныя падзеі нават вымусілі Маскву прызнаць немэтазгодным хуткае ўключэнне Беларускай рэспублікі ў склад Савецкай Расіі на правах федэрацыі, бо тым самым ліквідавалася б уся выгада існавання буфераў-рэспублік. Быў прапанаваны метад працяглых перамоў пра федэрацыю.
5 лютага 1919 г. газета «Звезда» ў рэдакцыйным артыкуле «К итогам съезда Советов Белоруссии» тлумачыла:
«Почему съезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы… Политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно». Разам з тым, як працягвае артыкул, «съезд подтвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию “своего” белорусского языка, “своей” национальной культуры напрасны… Пусть примут это к сведению белорусские писатели».
Як заўважыў беларускі гісторык Аляксандр Дзядзінкін, рашэнне VІ Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) аб утварэнні Беларускай рэспублікі супала з падачай афіцыйнай заявы Польскага міністэрства замежных спраў ураду РСФСР аб тэрытарыяльных прэтэнзіях, што з’яўляецца важным аргументам на карысць знешнепалітычнага фактару ўтварэння БССР. Дый самі бальшавікі шматкроць казалі пра знешнепалітычныя фактары стварэння Беларускай Рэспублікі.
Шэраг прыкладаў прыводзіць беларускі дзеяч-эмігрант Аўген Калубовіч. На 6‐ай абласной канфэрэнцыі дакладчык у пытанні абвяшчэння БССР Аляксандр Мяснікоў (ён толькі што вярнуўся з Масквы, куды ён ездзіў па гэтым пытанні) заклікаў, каб мясцовыя «товарищи» пагадзіліся на варыянт цэнтральных уладаў па стварэнні новага становішча, хоць і разглядаў абвяшчэнне БССР як пэўную саступку Беларускім секцыям РКП(б), выстаўляўчы галоўным матывам гэтага кроку міжнародны фактар. Ён заяўляў, што заходнія дзяржавы даюць народам «буржуазнае самавызначэнне». Гэтаму трэба супрацьпаставіць самавызначэнне на базе савецкай улады. 24 верасня 1919 г. сакратар ЦК КП(б) Літвы і Беларусі В. Кнорын у газеце «Звезда» пісаў, што«Коммунистическая партия… мотивировала свой шаг исключительно причинами международного характера».
Фактычна той жа комплекс чыннікаў (пагроза з боку Польшчы і дзейнасць нацыянальных сіл) абумовіў арганізацыю Літоўска-Беларускай ССР, якой мы тут не надаем лішняй увагі, бо гэтая рэспубліка, неўзабаве паглынутая польскімі войскамі, у развіцці падзей сыграла значна меншую ролю, чым спробы стварэння беларускай савецкай дзяржавы. Хіба што варта адзначыць яшчэ большую брутальнасць, з якой гэтым разам вырашалася доля Беларусі. Стварэнне ЛітБел, паводле меркавання Уладзіміра Ладысева, да ўсяго іншага яшчэ і здымала пытанне аб правамернасці далучэння ўсходніх этнічных тэрыторый да РСФСР. Гэтае аб’яднанне сталася ліквідацыяй хай сабе і намінальнай беларускай рэспублікі і выклікала крызіс у яе ўрадзе, які пакінулі тры наркамы – Фабіян Шантыр, Усевалад Фальскі і Язэп Дыла.
У такіх варунках правядзенне І Усебеларускага з’езда Саветаў на пачатку лютага 1919 г. было больш падобным да нонсэнсу. З’езд праводзіўся па сцэнарыі, складзеным у Маскве (што затым стала рэгулярна практыкавацца), быў скліканы ў адміністрацыйным парадку з неабходным для бальшавікоў падборам кандыдатаў без уліку тэрытарыяльных прапорцый. З’езд прадубляваў рашэнне крамлёўскіх кіраўнікоў аб утварэнні Літоўска-Беларускай ССР і – як ні парадаксальна – прыняў першую Канстытуцыю БССР і дзяржаўную сімволіку.
Рэальнай улады ў аб’яднанай рэспубліцы беларусы не мелі. Але і гэтае ўтварэнне з наступленнем польскага войска неўзабаве спыніла існаванне.
Другое абвяшчэнне БССР у 1920 г.: in abstracto
Вясною 1920 г. на польскім фронце сілы бальшавікоў пачалі мацнець, што, натуральна, зрабіла рэальнымі планы наступлення. У іх святле, як потым (пасля правалу пахода на Варшаву) прызнаўся Ленін, лёс зямель паміж Польшчай і Расіяй выглядаў няпэўна. Будучыня краіны залежала ад вынікаў барацьбы знешніх сіл.
Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем БССР (паралельна існавала – на афіцыйным узроўні – і назва ССРБ, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь) летам 1920 г. праціўнікі такога абвяшчэння, кіраўнікі Заходняй вобласці Рычард Пікель і Ісаак Рэйнгольд, даслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі».
У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнае дзяржаўнасці з наступным падагульненнем:
«Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальныя суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні савецкай рэспублікі пабочную ролю. <…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых форм. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі – чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць – этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя перадумовы. <…> Беларусы – не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад вялікарускай. Беларускі нацыяналізм – чыста інтэлігенцкі мяшчанскі рух (і то нязначная частка), які не мае ніякай падтрымкі сярод працоўных мас».
Вельмі паказальна адлюстраваны адносіны бальшавікоў да беларускай дзяржаўнасці ў дакуменце пад назвай «Записка И.Т. Смилги относительно провозглашения Белорусской Республики и войны с Польшей», накіраваным 14 ліпеня 1920 г. у ЦК РКП(б):
«Предлагаю:
• Провозгласить Белорусскую республику (пока in abstracto).
• Войны с Польшей не кончать, пока не добьемся Советской Польши или же в крайнем случае достаточных гарантий прочности мира.
• Пройти к германской границе кратчайшим путем через Литву».
Ключавым тут з’яўляецца лацінскі выраз, пазначаны ў дужках – in abstracto, што ў перакладзе азначае «наогул, адцягнута». Для лепшага разумення прывядзём яго дыпламатычны антонім: in concreto – у сапраўднасці, у рэчаіснасці, у пэўным выпадку. У сваю чаргу, Ленін, азнаёміўшыся з гэтым дакументам у кантэксце прапаноў пра перамір’е ў сувязі з надыходзячымі перамовамі з Польшчай, робіць памету «Nota bene», г. зн. акцэнтуе ўвагу менавіта на такім варыянце лёсу Беларусі.
Увогуле, у 1920 г. адносна беларускага пытання бальшавікі вагаліся найбольш: сваю тактыку ЦК РКП(б) будаваў тут з улікам прасоўвання на захад Чырвонай Арміі, а яе поспехі былі пераменлівымі (нават цягам аднаго летняга сезона). Як толькі наступ аказваўся няўдалым, адразу паўставалі структуры для фармальнага замацавання прасавецкае Беларусі і наадварот.