Рыхтаваліся старанна, удумліва, цалкам усведамляючы блізкую небяспеку, але без страху і залішняй гарачкі – нібыта да палявання ці сенакосу ў пагоду. Прывыклі. Кожнае лета яны адбівалі па некалькі нападаў. Пагражаючы знішчэннем, нітаўцы ўжо і ўсёй вёскай абяцалі напасці, вось як цяпер, але з вялікае хмары заўсёды бываў малы дождж: зазвычай прыходзілі толькі самыя задзірлівыя, пераважна няўмелыя смаркачы, якіх Балашэвічы, заўжды гатовыя да бойкі і папярэджаныя пра напад, з няславаю праганялі.
Пасля вячэры гаспадары селі на прызбу і доўга раіліся.
Назаўтра ўсе, апроч парабкаў і дзяцей, усталі, як звычайна, на світанні. Жанчыны, падаіўшы кароваў, запалілі ў печы і пачалі завіхацца са сняданкам, пастухі пагналі статкі папасвіцца пару гадзінаў, а стары Балашэвіч з сынамі ўзяўся адпраўляць Ружанец. Кожнага святочнага ранку ў Рагах чыталі як не Ружанец, то Гадзінкі альбо іншыя, адпаведныя пары года, малітвы: калі жывеш на такіх глухім хутары, да касцёла не наездзішся.
Адправіўшы Ружанец, пабудзілі парабкаў і дзяцей, паклікалі з поля пастухоў, паслалі Стаха да моста сцерагчы і селі за стол. Сняданак кабеты сёння зладзілі надзвычай шчодры: шатраваныя ячменныя бліны, мачанка з яйкамі, густа пасыпанымі скваркамі, і вэнджанымі скабкамі, на закуску – картапляныя клёцкі на малацэ і кіслае малако са смятанай і сырам. І ўсяго было ўдосталь.
Елі, згадваючы падзеі папярэдніх боек, і наперад смакавалі, як будуць дубасіць прыхадняў сёння. Падбадзёрвалі сябе – хата аж трэслася ад крыкаў і выбухаў смеху.
Стах пра набліжэнне захопнікаў не папярэджваў, таму па сняданку мужчыны апрануліся – стары па-святочнаму, астатнія ў зрэбнае, абулі лапці як на сенакос, узялі кіі і рушылі між яравых хлябоў адгароджанай сцяжынай да моста – тры стаі наўпрост.
Дзень быў пагодны, ясны. Па небе блукалі адзінокія воблачкі, маленькія, празрыстыя і зграбныя. Час ад часу з захаду веяў лагодны сухі ветрык, раса ўжо цалкам высахла. Чалавечы цень скурчыўся да чатырох крокаў.
Стах са сваім заўсёдным «штыхом» вартаваў пры мосце. Ён бачыў, што дарослыя набліжаюцца, нават чуў асобныя словы, але не азіраўся, натапырыўшы вушы ў бок лесу за рэчкай, выцягнуўшы шыю, услухоўваючыся: вельмі ўжо хацеў паказаць, што старанна выконвае баявое заданне, якому быў бязмерна рады.
– Ну што, – спытаў у яго дзядзька Уладзь, які падышоў першы, – мужыкоў яшчэ не было? Можа, паўцякалі, як пабачылі цябе з гэтым штыхом?
– Мужыкоў не было, але прыходзіў мядзведзь, – адказаў Стах, па-ранейшаму ўглядаючыся і ўслухоўваючыся ў лес.
– Мядзведзь, кажаш?
– Ага, вунь там, – паказаў хлопчык на гушчар, – трашчала моцна і раўло, ну акурат як бык перад бітвай бушуе.
– Тады і праўда мядзведзь, – пацвердзіў дзядзька, падміргваючы астатнім. – І што, ты не спужаўся?
– Ані трошкі! Вось нават з месца не сышоў!
– Чаго брэшаш, смаркач, – вылаяўся на яго бацька.
– Богам клянуся, татка, трашчала ў лесе, – прысягнуў малы.
– Колькі разоў я табе казаў не клясціся!
– Татка, я забыў.
– Зараз як дам на памяць. Марш дадому снедаць.
– Не хачу есці, я з вамі застануся.
– Я сказаў, марш дадому. І каб пры матцы сядзеў.
– Ага, – надзьмуўся хлопчык, – учора абяцалі з сабою ўзяць, а цяпер гоніце. У мяне ж і штых ёсць, я так вартаваў…
– Па срацы захацеў?! – крыкнуў бацька, хапаючыся за рэмень.
Стах хуценька адбег з бурчаннем – Ян з дзецьмі не жартаваў.
Мужчыны паселі на насыпе грэблі ў цені бярозы. Але чакаць давялося нядоўга.
Праз некалькі хвілін за рэчкаю нешта падазрона затрашчала, і з кустоў лазы паказалася галава юнака ў шырокай фуражцы. Хлопец асцярожна высунуўся напалову, зірнуў на грэблю за мостам і, заўважыўшы рагоўцаў, нырнуў у гушчар. Значыць, разведаць паслалі. Праз імгненне тая самая галава мільгала ўжо ў зарасніках папараці.
Уладзь прапанаваў ім утраіх з малодшым братам Бронікам і Саўкам, дужым парабкам, перайсці рэчку, засесці ў зарасцях ля звужэння дарогі за грэбляй і завадатарам, што зазвычай прыходзілі раней за астатніх, справіць добрую лазню, пакуль рэшта не падцягнулася. Але стары не дазволіў.
– Мы не задзірацца прыйшлі, – сказаў ён, – а бараніцца. Паспрабуем лагодна спачатку.
З лесу ўжо было чуваць, як пераклікаюцца людзі, іржуць коні і жарабяты. Галасы з кожнай хвіляй гучнелі. Мужчыны ступілі на апоры моста і прыслухаліся, нецярпліва чакаючы.
Галас ішоў зігзагам, як лясная сцяжына – то ўлева, то ўправа, – і хутка набліжаўся. Калі ветрык не варушыў цішы, да слыху даляталі асобныя пракляцці. Прыхадні ўжо дасягнулі найбліжэйшага звіву сцежкі і вось-вось мусілі з’явіцца на грэблі. Мабыць, раіліся між сабою. Мінула хвілін пяць – і раптам дзіка зараўло, закрычала: на грэблю высыпаў натоўп.
Уперадзе няшчыльна, па двое-трое, ішлі, крычучы, і трасучы кіямі, завадатары ў чорных, з шырокімі аколышамі фуражках набакір, з казацкімі чубамі, у белых зрэбных кашулях з чырвона-зялёнай вышыўкай на каўняры і на грудзях. Яны надзелі кашулі навыпуск, па-беларуску, і два разы апаясалі стракатай плеценай тасёмкай на паўвяршка, з кутасамі, што звісалі на левае сцягно, а таксама белыя нагавіцы і лапці-саракавушкі з рамянямі на лытках. За імі, пхаючыся, сунулася шматлюдная грамада, апранутая на той жа капыл. Кіі яны неслі на плячах і здалёк былі падобныя да вайсковай роты. Многія з іх былі дарослыя хлопцы, ужо з вусікамі, але бальшыня – смаркачы дапрызыўнога веку, хаця і дужыя ўжо. Далей аж у бясконцасць цягнулася доўгая падвойная чародка дзяўчат і падлеткаў на конях. За якія паўвярсты ў бары пастухова труба бадзёра выводзіла лявоніху, абвяшчаючы, што за ўсім гэтым ідзе статак быдла.
Рагоўцы трывожна пераглянуліся, зразумеўшы, што справа кепская. Насустрач ім ішло прынамсі восемдзесят хлопцаў, і гэта не лічачы конных, – а іх разам са старым усяго дзевяць. Дагэтуль нітаўцы ніколі не прыходзілі такім натоўпам.
Яны сышлі з апораў і сталі купкаю на беразе са свайго боку.
– Гэй, ляхі клятыя, – крыкнулі задзіракі, апынуўшыся за некалькі дзясяткаў крокаў, – на чорта мост разабралі, вашу маць? А ну склалі назад, морды ляцкія!
Балашэвічы прамаўчалі.
Неўзабаве падцягнуліся асноўныя сілы нітаўцаў і, абступіўшы завадатараў, падышлі да самага моста, але па апорах пераходзіць ніводзін не наважыўся. У бок Балашэвічаў паляцелі кляцьба, лаянка і разнастайныя мацюкі.
– Мяцежнікі, маць вашу! Чаго мост разбіралі? Сучыя сыны, недавяркі! Мост назад вярнулі, маць вашу, а то мы вам зараз пакажам!
Некаторыя для лепшай акрасы сваіх «матушак» пачыналі з «так і разгэтак», аж брыдка было слухаць.
Стары падаў знак, што хоча гаварыць. Натоўп крыху прыціх.
– Вы чаго, хлопцы, крычыцё? – прымірэнча загаварыў ён дрыготкім ад старасці і хвалявання голасам. – Навошта калы на плечы пабралі, нібы на ваўкоў ідзяце альбо на сабак шалёных? Скажыце па-добраму, чаго вы ад нас хочаце.
– Навошта мост разабралі, пытаемся! – выступіў наперад адзін з завадатараў – мужык, што адбыў службу ў войску і на праве знаўся. – Ва ўсім гасударстве расійскім ніхто не можа дарогу загароджваць. Давай, старык, складзі мост і нас пусці.
– Гэтая дарога не дзяржаўная, яна толькі на наш хутар і вядзе. Мы яе самі збудавалі і маем права ёю распараджацца. Людзям, якія да нас з добрымі намерамі ідуць, мы дарогі не заступім. Чаго вам трэба на нашым баку? Навошта вам мост?
– На пасбішча нашае, на сервітуты, хочам з быдлам і коньмі! Вярні насціл і ўсё тут!
– На гэтым баку – нашы лугі і збожжа, а вашых сервітутаў – ніводнага. Не вы дарогу нам пракладалі, не вы сеялі, то і пасвіць права не маеце.
– Маем права! Нашы атцы паншчыну служылі! Нам цар усюды дазволіў пасвіць! Маем права, маем! – пасыпаліся галасы з натоўпу.
– Ні мне, ні бацьку майму вы паншчыны не служылі, – адказаў Балашэвіч. – Я бедны працоўны чалавек, як і вы ўсе. Дзеткі мае, ці ж вам няма пашы апроч нашага хутара? Пяцьсот валокаў лесу перад вамі ляжыць, на дваццаць вашых статкаў хопіць. Вы ж сваёй худобе больш шкоды, чым карысці, чыніце, на пяць вёрст яе гонячы. Няўжо ж у вас конь пасыцее ці карова больш малака дасць, калі на нашым лузе паскубе альбо аўса ўшчыпне? Нашто ж хочаце шкоды людзям, што, як і вы, на кавалак хлеба цяжка робяць і ў таго самага Пана Езуса вераць, га?