– Добра вучыцца, – сказаў Балашэвіч. – Ты ж чуў яго чытанне.
– І мой ужо чытае, дзякуй Богу.
– Чытае, кажаш? А я ж помню, што як зімою малацілі, то быў у нас і не ўмеў ні бэ ні мэ.
– Так, зімою жаднай літары не ведаў, а цяпер от чытае – як рэпу грызе.
– Скуль жа так хутка? Навучыў хто?
– Дык часам Казік са Смалярні, Каралеў унук, паказвае, а астатняе сам. Знойдзе якую паперку друкаваную і разбірае сабе, чытае, вучыць. Так яму навучыцца закарцела, што нават і ў сне пра гэта гаворыць.
– Калі так моцна хоча, то вучыце, час ёсць яшчэ, хлопец не стары.
– Лёгка сказаць – вучыце, але дзе, як, за што?
– Зімою хай да Казіка ходзіць, недалёка ж. Ці, можа, ён болей вучыць не будзе?
– Вучыць будзе, але незасцянковых баіцца браць, каб ураднік не разагнаў.
– Пагутары са сваім аб’ездчыкам, мо штосьці…
– Ды што там аб’ездчык, – перарваў Васілеўскі. – Я самога памешчыка хачу прасіць. Калі прыедзе зімой на паляванне і з мядзведзем пашанцуе, дык пакланюся яму нізка, руку пацалую і буду прасіць памагчы ды парадзіць. Прасіць буду.
– Прасіць можна, язык не адваліцца, – пагадзіўся Балашэвіч і паглядзеў на сонца, якое ўжо хавалася ў прагал між верхавінамі лясных дрэваў. – Але пакуль мы тут з табою блынды правім, час бяжыць. Мне сёння трэба яшчэ з сынамі параіцца і да заўтрашняга разбору падрыхтавацца. Хадзем, Сташку, – паклікаў ён унука. – Запрашаю, пане Васілеўскі, да нас на хутар у госці.
– Ды якія госці… Дзякуй, але пабягу. Сёння неяк да Ямаў і Храпачова дабрацца трэба. Можа, збяру трохі людзей, каб памаглі вам заўтра.
Развіталіся як заўсёды – малодшыя пацалавалі рукі старэйшым – і разышліся: Васілеўскі – на іншы бок лесу, а тыя двое – вузкай сцяжынай праз поле, дзе красавала жыта, на хутар.
Стары глыбока занурыўся ў думкі. Пахвальныя словы лесніка пра гаспадарку і сыноў абудзілі згадкі пра ўсе злыбеды, якія ён зазнаў, пакуль падняў гаспадарку ды выгадаваў дзяцей. Як нітка з разматанага клубка, цягнулася праз ягоныя думкі чарада карцінаў уласнага жыцця аж ад 1875 года, калі ён з-над Дняпра прыехаў сюды, у пушчу. А цяпер тут Рагі.
Было яму тады трыццаць сем. Малых дзяцей меў як гароху. Дзеўкам-блізняткам усяго адзінаццаць споўнілася. Ян, старэйшы сын, быў вось такі, як цяпер Стах – ужо ягоны спадкаемца. У Марціна пачыналі зубы мяняцца. Уладзь з Бронікам яшчэ без портак хадзілі. Ганка, ужо гадоў пяць як замужняя, у пялюшках ляжала. А дзвюх наймалодшых дзяўчат, што цяпер панны пераспелыя, тады і на свеце не было.
Палёў у гэтай старане тады яшчэ было вельмі мала. Абшар на дзясяткі вёрст[5] шчыльна пакрывалі глухія нечапаныя лясы, якія, апроч палявання, ніякае карысці не прыносілі, і ўласнікі з усіх сілаў намагаліся ператварыць іх ва ўробленае, прыбытковае поле. Угаворвалі і нават прасілі людзей сяліцца ў іхных лясах, дазваляючы выбіраць што падабаецца, апроч нерушаў, і абяцаючы першыя пяць гадоў не браць з новых пасяленцаў арэнды.
Ранняй восенню, акурат тады, калі цяпер заканчваюць жаць, Балашэвіч, адолеўшы больш за сотню вёрст лесам, выбраў сабе месца тут, між дзвюх рачулак, каб было дзе, сказаў ён, рыбку на посны дзень лавіць, а бабе бялізну й пялюшкі праць зручна. Поля не было зусім: ні хаты паставіць, ні дзяружкі разаслаць, – а наўкола, як і цяпер, стаяла глухая й непралазная пушча. Найбліжэйшае поле і чалавечае паселішча было за пяць вёрст – якраз у той самай вёсцы Ніты. Яе жыхары абранае Балашэвічам міжрэчча, куды часам залазілі надраць арэхаў ці лыка, называлі Рагі.
На тым месцы ён расчысціў пагорак, зваліўшы дзесяціны дзве лесу, пабудаваў шалашы для сябе і худобы, працерабіў сцежку на тры вярсты да дарогі і напрадвесні перавёз усю сям’ю і майно.
І пачаліся турботы і цяжкая праца. Пакуль спажывалі зерне, прывезенае з сабою, было яшчэ паўбяды, а потым настаў голад. Спачатку на новай зямлі не гаспадарылася, не шанцавала страшна. Пасадзіў картоплю, угнаіў, попелам падкарміў – забуяла і ўся ў бацвінне пайшла. З грэчкай – тое самае: саломаю зарасла вышэй поясу, а зернем ледзь-ледзь насенне вярнулі. І ячмень нешчасліва пасеяў, перад доўгімі дажджамі – той змакрэў і не вырас. Меў лапік аўса – на чатыры хаты хапіла б, – дык цёмнай ноччу прыйшло мядзведжае сямейства і ўсё зжэрла, растрапала, паламала. Вялікая надзея яшчэ на проса была, якое ўрадзіла надзіва: высокае, сцябліны як тронкі грабляў, мяцёлкай па галаве дасі – і няма чалавека. Цешыліся, чакаючы, пакуль добра даспее, але тут дождж з ветрам наляцеў, і праз тры дні стала пустая салома: асыпалася проса на зямлю да апошняга зярнятка.
Адна карова вясной у балоце ўтапілася, другая таксама здохла – рысь пажэрла вымя. Зімой ваўкі падкапалі хлеў і задушылі свінаматку.
Прыйшла вясна, а ў іх, як кажуць, ні цыбулі, ні куды цыбулю ўкінуць. А жонка тым часам, як тое ў гароце і бывае, нараджала дзяцей адно за адным.
Балашэвіч валасы на галаве рваў ад роспачы.
Час ад часу ў Рагі з цікавасці зазіралі нітаўцы, кпілі і застрашвалі:
– Ляху, ляху! – крычалі. – Дзе ў цябе розум з галавой былі, калі ты ў такую глуш, такое чарналессе пёр? Ты што, на ўсім свеце лепшага месца не знайшоў? Бяжы, пакуль можна, а то згінеш разам з усімі сваімі вырадкамі!
Балашэвіч і сам ужо вельмі шкадаваў пра сваё неразважнае пачынанне, але ўцякаць было позна. За што новую арэнду падымаць? Як паказацца людзям на вочы з чародкай паўголых змораных дзяцей?
Ён сціснуў зубы і застаўся, вырашыўшы змагацца, пакуль ногі не выпруціць. Паехаў да швагра, выпрасіў насення, засеяў колькі было поля і з дзецьмі церабіў пушчу далей. Другі ўраджай быў лепшы і на цэлы год даў ім прынамсі хлеба. Восенню дзяўчаты назбіралі ў лесе дванаццаць пудоў[6] арэхаў на продаж. Зімою ён сам узяўся рабіць цэбры з вёдрамі, а хлопцы налаўчыліся лавіць у сіло тхароў і лісіц ды паляваць з сякерай на гарнастаяў. Увесну яны абярнулі гэта ўсё на грошы і аддалі на гадоўлю быдла.
Яны заглыбляліся ў пушчу ўсё смялей і грунтоўней – працавалі ўсе, аж да трохгадовага дзіцяці, працавалі як мурашы, заўзята і дружна: секлі, карчавалі, збіралі галлё, закураныя дымам і запэцканыя сажай.
Паляна шырылася, расла, і з кожным годам хлеба і ўсялякіх дабротаў у Балашэвіча прыбывала.
Праз пяць гадоў у Рагі завітаў памешчык, пахваліў за працавітасць і прызначыў суму арэнды. Спачатку мала – усяго дзесяць рублёў, але потым кожны год на тры, на пяць, а то і на дзесяць рублёў падымаў. Калі прайшло дзевятнаццаць гадоў, хацеў выселіць, бо баяўся, што пададуць на адчужэнне паводле тэрміну даўнасці. Але Балашэвіч угаварыў: пакляўся гонарам і продкамі ды падпісаў паперу, што ні ён, ні ягоныя сыны ніколі не хацелі Рагі прыўлашчыць. І іх пакінулі. Толькі з Балашэвічам і абышліся так мякка, бо за яго паручыўся памешчык, у якога ён наймаў зямлю перад гэтым. Ад іншых арандатараў уласнік пушчы не прыняў ні слова, ні подпісу – выселіў гвалтам з паліцыяй, а на іх месца засяліў новых.
Цяпер Рагі былі самым заможным хутарам у ваколіцах.
«Вам зараз толькі жыць і песні спяваць», – успомніў Балашэвіч нядаўнія словы лесніка.
Можна было б і спяваць, калі б не свавольныя Ніты. Вось красуе ніва – дзесяцін на дванаццаць – буйнога, як чарот, і густога, як шчотка, жыта. А вунь там – яшчэ адно такое поле шуміць яравым збожжам. Наўкола разлеглыя, як стэп, тлустыя лугі. У лесе сорак пяць галоваў іхнага быдла пасецца, на папары – столькі ж свіней і ў два разы болей авечак. У іх тры пары коней, каб араць, і адна на стайні – каб выязджаць. На пасецы – 25 старых раёў. Пабудовы драўляныя, але выгодныя, усім патрэбным абсталяваныя.
Выйшаўшы з унукам на пагорак, Балашэвіч нават спыніўся, радасна азіраючыся навокал. Сэрца напоўнілася гордасцю: ён – гаспадар усёй гэтай мядова-малочнай паляны. Гэта ён разам з роднымі дзецьмі яе выбедаваў.
II. Наезд
Цэлы вечар на хутары рыхтаваліся да абароны перад заўтрашнім меркаваным нападам. Накасілі і прывезлі воз травы для статка, каб пастухі маглі вярнуцца з пашы раней, калі спатрэбяцца ў бойцы. Знялі з рачнога моста да Нітаў насціл, звезлі яго на дзядзінец, потым вастрылі палкі, насаджвалі на доўгія дрэўкі вілы, якімі гной кідаюць, стругалі адпаведныя сваім сілам калы, мачылі новыя лапці, зацягвалі новыя аборы: няма нічога горшага, чым калі падчас бойкі парвецца ці развяжацца абора альбо лопне пас і спадуць порткі.