I ў захопленай краiне яны заставалiся добрымi хлопцамi. Адны ў гэтай пажылой жанчыны, яны былi вельмi ветлiвыя з ёю, як маглi бераглi яе ад цяжкае працы i вялiкiх выдаткаў. Людзi бачылi, як сырымi снежнымi ранiцамi яны раздзявалiся да пояса i мылiся каля студнi, шчодра палiваючы вадою свае бела-ружовыя спiны, а цётка Саваж тым часам завiхалася, гатуючы снеданне. Бачылi яшчэ, як яны мылi кухню, шаравалi кафлю, калолi дровы, абiралi бульбу, рабiлi ўсю хатнюю работу, нiбы добрыя сыны пры сваёй мацi.
Але яна, старая, усё думала пра свайго, пра худога бамбiзу з кручкаватым носам, карымi вачыма, з густымi чорнымi вусамi. Штодня яна пыталася ў кожнага з салдатаў, што размясцiлiся ў яе хаце:
- Вы не ведаеце, куды адступiў французскi полк, дваццаць трэцi маршавы? З iм мой сын.
Яны адказвалi:
- Не, ня фетаем, сусiм ня фетаем.
I, разумеючы яе клопат i неспакой, таксама маючы недзе мацярок, яны рабiлi ёй тысячу дробных паслуг. Дарэчы, i яна iх любiла, гэтых чатырох варожых салдатаў, бо сяляне не багатыя на патрыятычную нянавiсць, гэта справа вышэйшых класаў. Прыгнечаныя, тыя, што плоцяць больш за ўсiх, бо яны бедныя, тыя, на каго кладзецца кожны новы падатак, тыя, каго забiваюць масамi, тыя, што на вайне ўтвараюць сапраўднае гарматнае мяса, бо iх шмат, тыя, нарэшце, што найбольш пакутуюць ад жахлiвага ваеннага згалення, бо яны самыя слабыя i найменш здатныя да супрацiўлення, не надта ўспрымаюць той ваяўнiчы iмпэт, тое пытанне гонару, тых так званых палiтычных камбiнацый, што ўжо шэсць месяцаў знясiльваюць дзве нацыi, як пераможаную, так i пераможнiцу.
Паглядаючы на немцаў, што жылi ў цёткi Саваж, у наваколлi казалi:
- Ну, гэтыя чатырох знайшлi сабе прытулак.
Але вось неяк уранку, калi старая была ў хаце адна, далёка на раўнiне яна заўважыла чалавека, што iшоў да яе сядзiбы. Хутка яна яго пазнала, гэта быў вясковы паштар, што разносiў лiсты. Ён аддаў ёй складзеную паперку, яна выцягнула з футарала акуляры, якiмi яна карысталася шыючы, i вось што прачытала:
"Панi Саваж, гэтым лiстом паведамляю вам сумную навiну. Ваш сын Вiктор учора быў забiты ядром, якое, так бы мовiць, разарвала яго напалам. Я быў зусiм побач; мы i ў роце трымалiся разам, i ён мне расказаў пра вас, каб я паведамiў вам у той самы дзень, як яго напаткае якая-небудзь бяда.
Я ўзяў гадзiннiк у яго з кiшэнi, каб аддаць вам, калi скончыцца вайна.
Шчыра вiтаю вас.
Сэзэр Рыво.
Салдат 2-га класа, 23-га маршавага палка".
Лiст быў напiсаны тры тыднi таму. Яна не плакала; сядзела нерухома, такая ўражаная, ашаломленая, што нават i болю яшчэ не пачула. Думала: "Ну вось табе, цяпер ужо i Вiктора забiлi". Потым вочы яе налiлiся слязамi, i боль сцiснуў сэрца. Думкi наплывалi адна за адною, жахлiвыя, пакутлiвыя. Ужо не абдыме яна болей сваё дзiця, свайго бамбiзу, нiколi болей! Жандары забiлi бацьку, прусакi забiлi сына... Ядро разарвала яго напалам. Ёй здавалася, што яна сама бачыла гэты жах: галава панiкла, вочы шырока расплюшчылiся, а ён усё пакусваў свой доўгi вус, нiбы загневаўся, як даўней.
А што яны потым зрабiлi з яго целам? Каб ёй хоць аддалi яе дзiця, як некалi аддалi мужа з прабiтым куляю лобам.
Нарэшце яна пачула галасы. Гэта прусакi вярталiся з сяла. Яна хуценька схавала лiст, выцерла вочы i сустрэла немцаў са звычайным выразам твару.
Усе чацвёра задаволена смяялiся, бо неслi ладнага труса, крадзенага, канешне, i знакамi паказвалi старой, што сёння ў iх будзе смачны абед.
Яна адразу ж пачала завiхацца, каб прыгатаваць ежу, але калi спатрэбiлася забiць труса, у яе не хапiла рашучасцi. А гэта было ёй не ўпершыню! Адзiн з салдатаў забiў яго, стукнуўшы па патылiцы.