Бахаревич Ольгерд Иванович - Мае дзевяностыя

Шрифт
Фон

Альгерд Бахарэвіч

Мае дзевяностыя

2018

Найлепшы час для памылак

Цяпер мне сорак тры.

Зь дзесяці галоўных хрысьціянскіх запаветаў я парушыў роўна палову. Думаю, на гэтым пакуль што варта спыніцца. Ня буду ўдакладняць, якімі менавіта божымі законамі я пагрэбаваў, – важна тое, што ўсе пяць былі парушаныя яшчэ ў 90-я.

Менавіта на гэтыя гады і прыпала мая маладосьць.

Маладосьць існуе, каб рабіць памылкі. Каб экспэрымэнтаваць над сабой і іншымі, рызыкаваць, бунтаваць і… І, што зробіш: неўпрыкмет прыцірацца да сьвету. У маладосьці падаецца, што ў цябе ў запасе ёсьць яшчэ адно жыцьцё – і калі яно раптам не складзецца, такой бяды: яго пражыве за цябе нехта іншы. Пражыве, пакуль ты, як дурань, будзеш бегаць басанож па расе, ап’янелы ад улады над дадзенымі табе часам і целам, над цемрай будучыні: no future for you. Гэтая ўлада здаецца вечнай. У маладосьці ты не задумваешся над тым, што ўжо пачаў пісаць сваю гісторыю – якая, на жаль, не падлягае рэдагаваньню. І правільна. Толькі камсамольскія кар’ерысты і мэнэджэры сярэдняга зьвяна ад пачатку пішуць сябе начыста.

Эпоха 90-х была ідэальным часам для памылак і экспэрымэнтаў – межы свабоды пашырыліся настолькі, што ты ня ведаў, за што хапацца, што яшчэ кінуць на пажыву ненаеднаму ўласнаму «я». 90-я – бясконцая чарада спакусаў на выбар, гэта адпушчаныя на свабоду рэцэптары, нэрвы, думкі, жаданьні, гэта амаль «дастаеўскае» адчуваньне, што бога няма і можна ўсё – і трэба пакаштаваць як мага болей, бо заўтра гэты рай могуць прыкрыць. Старэйшаму пакаленьню дзевяностыя бачацца як панылы, цяжкі, шэры час – але мая генэрацыя ведае: гэта быў час самага вар’яцкага драйву і найвялікшай свабоды, калі лёгка дыхалася, думалася, сьпявалася і пілося, а дзяржава толькі зьбіралася зь сіламі, каб зрабіць ашалелым ад свабоды людзям ін’екцыю свайго снатворнага.

Наступнаму пакаленьню будзе ўжо значна цяжэй. Памылкі і экспэрымэнты каштавацьмуць яму даражэй, а выхад з ачмурэньня акажацца балючым і цяжкім. Парушаць, экспэрымэнтаваць, кідаць выклік і выходзіць за межы зробіцца ў гэтай краіне злачынствам «па змоўчаньні» – і з такімі людзьмі я сустрэнуся, калі генэрацыйны разрыў паміж намі зробіцца непазьбежным.

Я жахнуся іхнай несвабодзе.

Я раззлуюся на іхнае няведаньне.

Я пашкадую іх за іхную сьлепату.

І пазайздрошчу іх мэтанакіраванасьці і здольнасьці ня браць нічога блізка да сэрца.

І захачу напісаць гэтую кнігу.

Эмігрант Алег Іванавіч

Часам мне робіцца шкада, што я не нарадзіўся крыху раней; мне ўсё здаецца, што тады я абавязкова ўцёк бы з-за жалезнай заслоны ў вольны сьвет і цяпер даўно жыў бы з пашпартам якой-небудзь дэмакратычнай краіны, у прыгожым горадзе ля мора і займаўся б тым, што люблю. Чаму б і не? Зьявіцца на сьвет у 50-я, неяк вырасьці да памераў савецкага чалавека, прыкінуцца паслухмяным, ляяльным, шэрым, дабіцца замежнай камандзіроўкі – і не вярнуцца. Або жыць так, каб цябе самога – выкінулі. Пазбавілі савецкага грамадзянства. Зрабіцца дысыдэнтам. Дыскрэдытаваць усё гэтае здыскрэдытаванае, выдрэсіраванае, дрысьлівае і дрымучае – і дадыскрэдытавацца да высылкі за межы імпэрыі.

І ўсё ж я чамусьці бачу сябе ў ліку тых, хітрэйшых.

Я пісаў бы ня горш за ўсіх гэтых убогіх сацрэалістаў – уступіў бы ў саюз пісьменьнікаў, займеў бы кватэрку, пару дачных сотак, пэўныя льготы, магчымасьць чытаць сваю графаманію розным мурамцам і ўрэнгойцам… І ўсё гэта – выдаўшы нейкія кніжачкі. Вядома, трошкі франдзіраваў бы, трошкі пісаў у стол. Лічыцца, што пісаць – значыць мець дар праўды. Лухта. Пісаць – значыць мець талент да мімікрыі. Ці – дар на ўзровень вышэйшы – да пераўвасабленьня. Быць здольным ператварацца на патрэбу ў каго заўгодна з пэрсанажаў. У ваўка, казьляня, інсэкту, раку, гусачку, дублінскага яўрэя, бэрлінскага паліцыянта, Лаліту, Леніна, Аліндарку. Чаму б і не ў сярэдняга савецкага празаіка? Вечна шматабяцальнага, не заўважанага ў заганных сувязях, ідэалягічна правільнага, нікому асабліва й не патрэбнага…

А потым: «Алег Іванавіч, намячаецца паездачка ў ФРГ…»

Алег Іванавіч зьбірае паперкі. Алег Іванавіч усыпляе ўсіх сваёй бездакорнай біяграфіяй: тата – інжынэр, мама – настаўніца (і камсамольскі работнік). Алег Іванавіч праходзіць сумоўе. Алег Іванавіч атрымлівае замежны пашпарт. Алег Іванавіч у балоньневым плашчыку і капелюшы. Вось ён ляціць самалётам «Аэрафлёту>» ў капіталістычны рай. А вось зноў ён, Алег Іванавіч, туманнай раніцай, бледны, высокі, бясстрашны, пасярод чужога гораду, пра які столькі чытаў… Той самы Алег Іванавіч – і ўжо ня той. Выходзіць, азіраючыся, з гатэлю: паблізу яго чакаюць нямецкія сябры, зь якімі даўно ўсё ўмоўлена. Палітычны прытулак, беднасьць, казённая кватэрка для выгнаньнікаў, пакуты чужой мовы, катэдра ў правінцыйным унівэрсытэце, выступы на палітычных сходках, паездкі за кошт «пэнаў» за акіян. Прэмія за нуднаваты раманчык пра турму народаў, які так ніхто і не прачытаў. Свабода.

У 90-я ўсе гэтыя выгнаньнікі раптам зрабіліся на Захадзе нікому не патрэбныя.

Позіркі ўтаропіліся ў тых, хто застаўся.

Скаргі і ўцёкі

Падаецца, вось ён, шанец нечага дасягнуць, не хітруючы і нікуды не ўцякаючы. Застацца. Дзе там. Мы засталіся – і зайздросьцім тым, хто зьехаў. А яны – нам. Усё як раней.

І ўсё ж лепш такая эмігранцкая нябачнасьць, чым лёс усходняга эўрапейца, які дагэтуль марыць пра Эўропу, седзячы ў сябе дома. Дома мала што зьмянілася. Галоўным талентам Усходняй Эўропы дагэтуль застаецца талент своечасова адсюль уцячы. Мне сорак тры – і людзі наўкола мяне заўжды або марылі пра тое, каб зьехаць, або зьбіраліся, або проста зьяжджалі.

Я зайздрошчу тым, хто нарадзіўся раней за мяне. Яны маглі паскардзіцца сьвету на нешта канкрэтнае – а значыць, ім было пра што пісаць. На адным болю, на адной несвабодзе, як на адным крыле, можна было ляцець доўга… А цяпер? Ня скардзіцца ж на тое, што табе проста задушліва тут жыць. На тое, што ты нарадзіўся ў 1975-м. Сам вінаваты. Ты сам вінаваты, што твае дзевяностыя прайшлі ў Менску.

Цяпер ніхто ня хоча ад нас скаргаў. Ад нас хочуць пераменаў. «Ну, нешта ж зьмяняецца…» – мармычам мы. Праўда? Ну і добра.

Усходняя Эўропа – гэта больш не цікава.

Калі толькі там, вядома, не ідзе вайна. Калі б я нарадзіўся раней, я быў бы ўдзельнікам вайны. Ужо адно толькі паводле паходжаньня. Салдатам вялікай прапагандысцкай бітвы. Вэтэранам, ахвярай, маленькім жаўнерыкам «халоднай» вайны. Вайна – добрая інфармацыйная нагода, вайна – самы прадаваны трэнд, вайна робіць любую літаратуру бачнай. Нават кепскую. І пісьменьнікаў робіць бачнымі, а іхныя дзіўныя мовы – чутнымі…

«Халодная» вайна – не выключэньне.

Чытаючы кнігі, знаёмячыся з рознымі людзьмі, з прагнай цікавасьцю шукаючы сьведчаньні і ўспаміны, я разумею, што, пэўне, у нечым яно так і выглядала: некалі савецкі пашпарт быў гарантыяй таго, што ты маеш права на паратунак і бачнасьць. Што табе ёсьць ад чаго ўцякаць. Што ты – беглы раб у пошуках свабоды. Прывід у пошуках цялеснае абалонкі.

Скрыпка беларуская

Але маладосьць не выбіраюць: маё дарослае жыцьцё пачалося акурат тады, калі заслона абрынулася. Толькі я атрымаў савецкі пашпарт, як вялікі сьвет раптам адчыніўся: свабода! А я быў яшчэ занадта малады, каб туды выправіцца, – маёй місіяй было пакаштаваць свабоду на смак менавіта тут. Першае пакаленьне вольных беларускіх студэнтаў мусіла застацца дома і прыняць на сябе ўвесь шок, усю навізну і ўсю асалоду.

Мы мусілі пражыць гэтыя 90-я на радзіме – і на свае вочы пабачыць, як у нас яе крадуць. Мы былі занадта маладыя, каб нас нехта паслухаў. І занадта дурныя, каб прадугадаць наступствы.

Калі дзяцінства амаль для кожнага чалавека (якім бы яно ні было) – гэта страчаны рай, дык маладосьць – выгнаньне з раю. Рай – стан. Прыгожая нота, якая ўсё цягнецца і цягнецца. Рай задуманы так, што ты ня бачыш канца. Выгнаньне – гэта хутчэй працэс, дзеяньне, у якім цябе круцяць, торгаюць, б’юць па галаве, хапаюць за рукі і штурхаюць у сьпіну. Выгнаньне – кашэчы канцэрт у паўцемры. Выгнаньне нагадвае табе пра тваю канцовасьць і сьмяротнасьць. Выгнаньне – так грае скрыпка, пакутуючы і распавядаючы сваю гісторыю кожным выгінам, кожнай струною…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3