Бахаревич Ольгерд Иванович - Мае дзевяностыя стр 4.

Шрифт
Фон

Школу трэба бачыць, трэба памятаць, а не апісваць і фоткаць. Вадзіць да яе чужых – ужо здрада. Школа – стратэгічны аб’ект асобага прызначэньня. Была. Ёсьць. Будзе.

Шабаны

Так, дзевяностыя я сустрэў школьнікам. І жыхаром Шабаноў – раёну, які яшчэ доўга будзе наводзіць жах на ўвесь горад: і сам па сабе, і як вобраз змрочнага індустрыйнага гета, у якім пануюць гвалт, савок, кіч, алькагалізм і беспрасьветнасьць.

Як выглядалі Шабаны на пачатку дзевяностых? Гэта было нагрувашчаньне шэрых дзевяціпавярховых бэтонных скрыняў, у ценю якіх нясьмела расьлі, хаваючы голыя галовы ў плечы, чэзлыя маладыя дрэўцы, і поўзалі па вузкіх разьбітых дарожках «жыгулі» і «масквічы». Зямля, пакрытая тоўстым слоем утаптаных недапалкаў і бітага шкла. Смурод са станцыі аэрацыі. Гразь, якая не высыхала нават летам, вялізныя пусткі і катлаваны, засьмечаныя лясы і ўзьлескі, разьбіты асфальт вуліц, якіх тады было афіцыйна толькі дзьве і якія губляліся ў лябірынце аднолькавых будынін. Выбухі з палігону, ад якіх трэсьліся шыбы ў вокнах нашай кухні. Паўсюль сноўдалі «абарыгены», нецьвярозы рабочы люд з МАЗу і трактарнага, зь зямлі тырчала нейкае жалезьзе, на даляглядзе праступалі з туману коміны заводаў. Бойкі: шабаноўскія супраць вясковых, новыя Шабаны на старыя, прыхадні супраць сваіх. Вырваныя з лавак на двары дошкі, салдацкія рамяні, жалезныя пруты – каб махацца. Дзьве-тры дзяржаўныя крамы, у якіх мала што можна было купіць, некалькі школаў і садкоў…

У канцы 80-х тут зьявіліся перасяленцы з чарнобыльскай зоны, насельніцтва імкліва расло, пракарміць сям’ю рабілася ўсё цяжэй, потым увялі талёны, але мы, школьнікі, у той час мала задумваліся пра бацькоўскія клопаты. Мы гулялі ў ножыкі за хмызамі на школьным стадыёне – увесь час азіраючыся, бо маглі прыйсьці старэйшыя і адняць зброю: тлумач потым бацькам, куды падзеліся нажы з кухні. Расьсеўшыся на бэтонных плітах, мы рэзаліся ў «чу», савецкімі манэткамі, здабываючы сабе сродкі на марозіва, газіроўку і піражкі. «Чу!» – па-змоўніцку зьвярталіся да цябе, заціснуўшы ў кулаку двушку, «чу» – адказваў ты – і гульня пачыналася: калі манэтка выпадала правільным бокам, ты выйграваў чужую. У васьмідзясятыя мы, наглядзеўшыся «Д’Артаньяна», ладзілі дуэлі на шпагах з алюміневага дроту – пакуль старэйшыя ішлі сьценка на сьценку. Усе гэтыя забавы ў 1991-м пакрысе сьціхлі. Надыходзіў час чагосьці іншага, новага, страшнага і прыцягальнага, і ўсе, нават малышня, адчувалі: нешта будзе.

Wind of Changes

Мы ведалі, што сьвет не канчаецца ў Шабанах, але езьдзілі «ў горад» нячаста. Гета ёсьць гета. Я ведаў, што «дзявятка» ідзе ў Sierra Branca, Серабранку, 21-ы – на Трактарны завод, дзе пачыналася мэтро, 98-ы – на плошчу Леніна і далей, на амаль мітычны ў маім уяўленьні Захад, 55-ы – ва Ўручча, 93-ы – у аэрапорт.

Яшчэ нядаўна адсюль наогул хадзілі толькі «дзявятка» і дзевяноста трэці. Але 90-я няўхільна ўцягвалі колішні пасёлак Шабаны ў менскую мэтраполію. У сярэдзіне 90-х тут зьявіўся Цэнтар дзяцей і моладзі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з лазьняй і більярдам… Але калі я вучыўся ў школе, у Шабанах не было нічога. У кіно шабаноўскія езьдзілі або на Енісейскую, у «Родзіну», або на Шарыкі, у «Камсамолец». У паліклініку, пакуль паблізу ад майго дому не ўзьвялі жоўтую 36-ю, нас цягалі на варожую Ангарскую. У канцы 80-х у Шабанах адчыніўся першы відэасалён, дзе паказвалі заходнія баевікі, эротыку і хорар. Я туды так і не патрапіў – па-першае, быў яшчэ малы, па-другое, там сядзелі мясцовыя аўтарытэты са сваімі дзеўкамі, па-трэцяе, дорага. Але зь відэа праблемы не было – бацька, усё жыцьцё захоплены тэхнікай, адным зь першых у Шабанах купіў патрыманы відэамагнітафон. А мне ў 90-м годзе – мой першы касэтны магнітафон, чырвоны, невялікі, зусім просты – я запісваў на яго з тэлевізара песьні з «Праграмы А» і беларускага «Кроку» (часам там паказвалі «Мрою»). Музыкі выглядалі на экране жахліва: быў відаць увесь грым, сіня-шэрыя твары ільсьніліся, БТ ужо тады валодала дарам ператварыць любога чалавека ў зомбі, прынамсі, вонкава…

У якой жа клясе я тады вучыўся? І зь якога году весьці адлік 90-х? З 91-га? Ну, недзе так; значыць, гэта дзявятая і адзінаццатая кляса, бо тады якраз была рэформа і трэба было пераскочыць праз адну ступень. Час для Беларусі быў легендарны: усё навокал віравала, ад тэлевізара было не адарвацца, Савецкі Саюз падыхаў на вачах, кожны дзень прыносіў нейкія навіны, і на школьным быцьці гэта не магло не адбівацца. Цяпер я разумею, што сымбалем і жывым увасабленьнем гэтых пераменаў для нашай школы, для Шабаноў і для нашых перапалоханых імклівасьцю часу бацькоў была менавіта нашая дзіўная кумпанія. Кожны з нас увабраў у сябе дух свабоды, як ніхто іншы ў гэтых сумных мясьцінах.

Макс. Слава. Лаўрэнцій. Лёха. Я

Так, нас было пяцёра сяброў – амаль усе мы вучыліся ў адной клясе, толькі Лёха потым перавёўся ў іншую школу, у Новых Шабанах. Зь Лёхам мы сябравалі найдаўжэй – зь пятае клясы ажно да пачатку цяперашняй вайны ва Ўкраіне. Прызнаньня, на чыім ён баку ў гэтым супрацьстаяньні, нашае сяброўства ня вытрымала. Шкада. Лёха любіў песьні Віктара Цоя і баявыя мастацтвы, добра вучыўся, качаўся, меў строгіх бацькоў і заўжды быў дужа, нават празьмерна галянтным кавалерам. І пры гэтым ён увесь час рабіў дзіўныя ўчынкі: напрыклад, часта хадзіў па Шабанах, аглушальна б’ючы ў далоні, і рэха стаяла па ўсіх дварах. Была ў яго нейкая жарсьць да гучнасьці: увесь сьвет мусіў ведаць, што ён існуе… Што ж, пачатку 90-х зь іхнымі лавінамі інфармацыі гэта пасавала. Гэта ён напалохаў неяк маю маму: пазваніў у дзьверы, думаючы, што адчыню я, – выключыў сьвятло на пляцоўцы, накінуў капюшон, закаціў вочы і запаліў сьвечку, трымаючы перад самым тварам… У той час, калі мы ўсе асвойвалі першыя гітарныя акорды, ён казаў, што хоча навучыцца граць на барабанах, – і нашыя першыя «альбомы», запісаныя на магнітафон, поўныя ягонага грукату: па скрынках, ночвах і місках. Што праўда, граць ён так і ня вывучыўся. У ягоным пад’езьдзе мы часта зьбіраліся цягам усіх дзевяностых: там і дагэтуль на сьцяне сьляды ад цыгарэтаў, якімі мы выпальвалі розныя надпісы, нібы пячорныя людзі, – хто ведае, навошта.

Пад’ездны рок

У кожнага з нас быў свой пад’езд, а ў ім сваё месца, дзе ўсе зьбіраліся ажно пакуль не пакінулі назаўжды бацькоўскі дом. У Лёхі – лесьвіца паміж паверхамі, у мяне – пляцоўка каля сьмецьцеправоду, зь вялікімі, нязьменна бруднымі вокнамі, празь якія я глядзеў у той час на сьвет. У Макса і Лаўрэнція, якія жылі ў адным доме, такім месцам быў куфар, з тых, якімі і цяпер застаўленыя ўсе лесьвічныя пляцоўкі шматпавярховікаў: там перахоўваюць бульбу і моркву, розны гаспадарчы інвэнтар, старыя рэчы, санкі, закаткі, усялякі рыштунак… У Славы мы зьбіраліся радзей – магчыма, таму, што ў яго былі занадта неталерантныя суседзі.

Макс быў першым, хто пачаў сур’ёзна займацца музыкай і вывучыўся граць на гітары. А яшчэ ён хадзіў у школу ў швэдры – а мы ў школьнай форме. Здаецца, у той час Макс быў у захапленьні ад БГ – значная частка дзевяностых прайшла пад песьні «Акварыюму». А яшчэ «Заапарку», а яшчэ «The Doors», і «T. Rex», і Джэніс Джоплін… І процьмы іншых, пра якіх цяпер мала хто ўжо й памятае. Усе Шабаны слухалі найбрыдчэйшую папсу або мэталістаў: ад «Мэталікі», «Мanowar» і ACDC да «Арыі» і «Черного кофе» і гулялі ў «ты валніст ці мэталіст?». А мы ўжо ў школе слухалі «Pink Floyd», Джыма Морысана, Боўі, Ігі Попа, «Led Zeppelinn», «The Cure», любілі бітлоў, перапісвалі на касэты розны new wave і чыталі пра беларускі, расейскі і ўкраінскі рок у «Крыніцы», «Піянэры», «Бярозцы» і першых самвыдатаўскіх часопісах. І адчайна хацелі быць падобнымі да рок-зорак.

Ясна, як да нас ставіліся. Як да фрыкаў: «хіпаны», «бітлы», «валасатыя» – гэта былі самыя бяскрыўдныя мянушкі. Часта даходзіла да агрэсіі – такім, як мы, у Шабанах было нялёгка, тут усе мусілі гуляць па правілах. Гэтыя турэмныя правілы – тое, што мы ненавідзелі ўсёй душой… Правілы – і гопнікаў. Бо мы, безумоўна, жылі ў самым гопніцкім раёне сталіцы. Усе васьмідзясятыя я і іншыя «хлопчыкі з кніжкамі» былі для іх ідэальнай мішэньню – але як толькі мы ўсе зрабіліся старшаклясьнікамі, уся тая гапата села ў турмы, пайшла працаваць і абзавялася сем’ямі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3