Бахаревич Ольгерд Иванович - Мае дзевяностыя стр 9.

Шрифт
Фон

Жорсткасьць была ў школе законам. Я памятаю ўрокі, на якіх гулялі ў квача кавалкам акрываўленай ваты – выхапленай завадатаркамі клясы ў нейкай слабой ахвяры ў жаночым туалеце і кінутай на пацеху хлопцам, з гучным абвяшчэньнем імя: у яе месячныя, ах…ць! Памятаю, як моцныя даводзілі слабых, на кожным уроку, кожным перапынку, памятаю калектыўнае зьбіцьцё, байкоты, двубоі да крыві, абыякавасьць, цынізм і поўную адсутнасьць эмпатыі, выбітыя зубы, скрадзеныя рэчы, памятаю гнюснае жаданьне на кожным лапіку калідора і ў кожнай сытуацыі ўсталяваць цьвёрдую герархію, я памятаю пот і страх статку. І на ўсё гэта настаўнікі глядзелі скрозь пальцы, бо ўся сыстэма была пабудаваная на гэтым: страху, сіле, уладзе тупасьці і ўбоства, я памятаю альфа-самцоў і самак, і амэгаў, і калі ўсе на аднаго…

«Школа як школа», – пацісьне плячыма практычна любы дарослы чалавек, які прайшоў празь пекла ўсеагульнай адукацыі. Не. Ніхто не прымусіць мяне лічыць такі расклад прымальным і неабходным (нібыта для загартоўкі характару). Пабудаванае на прыніжэньні і гвалце апрыёры ня можа быць правільным, ня можа мець права на існаваньне. І вось гэта для мяне сапраўды – закон.

Школа прывучыла мяне ненавідзець калектывы і бегчы ад іх, а калі трэба – паўставаць супраць, быць аднаму супраць усіх – мой улюбёны стан. І пры гэтым я не магу сказаць, што належаў у клясе да пагарджаных ахвяраў – маё месца ў герархіі было недзе збоку, сярод фрыкаў, да якіх бессэнсоўна прымяняць «пацанскія» законы, фрык існуе сам па сабе, зь ім можна гуляць у футбол, сьпісваць, абмеркаваць сёе-тое, зь яго можна і трэба ржаць і зьдзекавацца, але лепш за ўсё пакінуць яго ў ягоным уласным сьвеце, бо зачапіць яго па законах гэтага, рэальнага, цяжкавата. Сэнс і асалода тэрору ў рэакцыі на яго ахвяры – і правільнай рэакцыяй мусіць быць плач і просьба пра літасьць. А фрык на тое і фрык: хто яго ведае, што ў яго ў галаве – і дзе межы яго чульлівасьці…

Пасьля заканчэньня школы я ні разу не наведаў славутыя сустрэчы выпускнікоў. З тымі, з кім я сябраваў, сувязі захоўваліся вельмі доўга. А астатнія… Я проста ня ведаю, пра што мне зь імі размаўляць. Што нас яднае – акрамя карычневага будынку-сфінкса, акрамя дзесяці гадоў зьняволеньня ў адным, выпадковым і злучаным падлеткавым гвалтам і дзяржаўнай бюракратыяй труме карабля, «летящего вдаль». Карабля зь нявольнікамі, якім сказалі, што яны ўсе мусяць ацалець, вырасьці і працаваць на гаспадара, бо ў гэтым і ёсьць сэнс жыцьця, бо так пабудаваны сьвет і так загадаў бог.

Пашпарт

У 1991-м мне споўнілася шаснаццаць і я атрымаў пашпарт грамадзяніна СССР. Усьведамленьне таго, што цяпер я – адзін зь мільёнаў чалавекападобных чарвячкоў, цалкам аддадзеных пад уладу монстра пад назвай «дзяржава», доўга напаўняла мяне трывогай. Дзяржава, якой бы яна ні была, гэта заўжды жудасьць і зло. «Убей в себе государство!» – як слушна сьпяваў Ягор Летаў. Я думаў пра незалежную Беларусь як пра ўратаваньне ад гэтага савецкага дзяржаўнага усёўладзьдзя, але разумеў: хутка школа скончыцца – і мне трэба будзе рабіцца дарослым. А дзяржава не даруе дарослым таго, што яна даравала мне ўсе гэтыя школьныя гады.

З савецкім пашпартам я пражыў да пачатку новага тысячагодзьдзя. Трохі шкадую, што не атрымаў пашпарт з «Пагоняй» – не хацелася ў той час ісьці да бюракратаў, а неўзабаве стала ўжо позна, прыйшлі цёмныя часы – надоўга. У 2001-м я атрымаў пашпарт грамадзяніна лукашэнкаўскай Беларусі: на даляглядзе зьявіліся замежныя пэрспэктывы, і я здаўся, купіў у дзяржавы яе сінюю графаманскую кніжачку з амаль тым самым, знаёмым зь дзяцінства гербам.

Канец фільму

Улетку 1992-га мы сядзелі на школьным стадыёне і курылі – усёй нашай кумпаніяй. Гэта была першая цыгарэта ў маім жыцьці, і я мужна змагаўся з уласным арганізмам, які ўсяляк супраціўляўся, толькі б не прымаць у сябе атруту. Наперадзе быў выпускны, на якім я выпіў бутэльку віна і нават не захмялеў. Кажуць, так часта бывае першы раз. Макс зьбіраўся паступаць на філязофска-эканамічны факультэт БДУ, Слава – на архітэктуру, Лаўрэнцій – у пэдагагічны на гісторыка, Лёха – у наргас, я – на філфак пэду. Школа скончылася.

Наступны раз я ўвайду ў маю яшчэ не зусім чужую, але ўжо апанаваную зусім іншымі пахамі і гукамі школу ў ліпені 1994-га – каб аддаць свой голас за Пазьняка на першых у незалежнай Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах. І больш ужо ніколі сюды не вярнуся.

МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ

Вірус

Вірус беларушчыны я падхапіў яшчэ ў канцы 80-х – і вельмі хутка хвароба перайшла ў хранічную стадыю: так я і пражыў да сёньняшняга дня і ні пра што не шкадую. Самое слова «беларушчына», дарэчы, мне ніколі не падабалася, ёсьць у ім нейкія бяздумныя ахвярнасьць і фанатызм, а яшчэ абмежаванасьць і, галоўнае, адсутнасьць самаіроніі, той гаючай самаіроніі, на якой заўжды трымалася мастацтва. І пры гэтым тэрмін «беларушчына» не ахоплівае ўсяго, што адбываецца пад яе сьцягамі, – ён ня ўлічвае цудоўнай і трагічнай разнастайнасьці маёй унікальнай і няшчаснай радзімы. Ну, ды бог зь ім. Раскажу, як усё пачыналася.

Моцна, але недакладна

Недзе ў самым канцы 1989 году бацька, які тады працаваў у Жодзіне і кожны дзень езьдзіў туды чыгункай, прынёс дахаты газэты, якія купіў у электрычцы. І сярод іх была газэта БНФ – ня памятаю ўжо, як яна называлася. Я ў той час прагна накідваўся на любое новае чытво, дык узяўся і за гэты баявы лісток, пачытаў – і мне спадабалася. Мне хацелася яшчэ – і я пачаў паляваць на нацыяналістычную літаратуру.

На дзіва, такая знайшлася – нібы толькі й чакала, калі я прачнуся.

Гэта быў зусім нечаканы погляд на краіну, у якой я жыў, і мне раптам зрабілася ясна, дзе я, хто я, у чым сэнс таго, што адбываецца навокал, і чаго можна чакаць ад найбліжэйшае будучыні. Вядома, усё гэта цудоўна зрэзаніравала і з маім падлеткава-юначым пратэстным настроем – падсьвядома я ўжо тады шукаў альтэрнатыву ўсяму, з чым сутыкаўся, мне было важна заўжды бачыць супрацьлегласьць заведзенаму парадку, і так яно і засталося на ўсё жыцьцё. Як толькі нешта робіцца мэйнстрымам, я станаўлюся на бок альтэрнатывы або сам імкнуся яе стварыць. Гэта ня лечыцца, гэта арганічная частка мяне – як і мая беларускасьць.

Вядома, у тых першых адраджэнскіх выданьнях я найперш шукаў адказаў. Дзе я? Хто я насамрэч? Што адбываецца там, дзе я жыву, – што тут было раней і што будзе?

Адказы былі ясныя, страшныя і нечаканыя.

Раней я думаў, што жыву ў Шабанах, у горадзе Мінску, у СССР, у краіне Чэхава, Талстога, Дастаеўскага, Пятра І, Леніна, Сталіна, Гарбачова… Усё навокал было ярка асьветленае расейскай культурай, а што там схавана ў ценю, ніхто не цікавіўся і не расказваў. БССР – усяго толькі адміністратыўная адзінка, як штат у ЗША. Ніхто навокал у маім асяродзьдзі па-беларуску не гаварыў, а калі б камусьці гэта і прыйшло ў галаву, яго б палічылі псыхічна хворым. Вядома, дзе-нідзе беларуская мова чулася: найперш яна асацыявалася з галасамі футбольных камэнтатараў, якіх парадыявалі шабаноўскія хлопцы, гуляючы на школьным стадыёне: «Мяч трапляе прама ў бэльку! Гы-гы-гы!» Гэта з тых часоў – неўміручае:

«Моцна, але недакладна!»

Камэнтатары: Новікаў і Навіцкі. Ад каго яшчэ можна было пачуць літаратурную беларускую? Ад напышлівых тэлевізійных дзядзькаў у барэтах… Гэта іх называлі інтэлігенцыяй. З экранаў яны вярзьлі розную лухту, якая ня мела нічога агульнага з навакольнай рэчаіснасьцю. Настаўніца беларускай мовы па-за ўрокамі гаварыла чыста па-расейску і нацыяналістаў не любіла. Самі нацыяналісты замільгалі ў тэлевізары ўжо пазьней. Ну вось, мабыць, і ўсё. Мова, якая існуе толькі як сымбаль чагосьці, але па-сапраўднаму не жыве – такой мы яе ўспрымалі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3