Новая, поўная добрых прыкмет вясна сагрэла і Юсі, які цяпер жыў не на хутары Нікіля, а ў іншым месцы. З тае пары, калі яго ўзялі ў новы дом, ён больш не пакутаваў ад голаду. У гасподзе Туарыла нават у самыя цяжкія часы не мелі патрэбы падмешваць у хлеб чаго-небудзь болей за траціну, дый то гэткі хлеб пяклі ўсяго якую пару разоў за ўсю зіму. Гаспадар Туарылы рабіў гэта, каб пазбегнуць розных плётак на гэты конт, таму што быў у валасной камісіі па размеркаванні ўспамажэнняў. Добры хлеб нават у тыя часы ніколі не пераводзіўся ў гаспадарцы, не кажучы ўжо аб дарах жывёлагадоўлі. Туарыла была зусім не такая, як Нікіля, і не верылася, што яе гаспадар Кале быў братам Маі. Кале, мажны гарбаносы мужчына, меў звычкі і характар сапраўднага гаспадара і падсвядома цураўся сваёй недалужнай сястры. Юсі заўважыў гэта, калі двойчы прысутнічаў пры сустрэчах брата з сястрою. Было заўважна, што маці пабойваецца свайго брата, і яна ўжо назаўтра пакінула ягоны дом, радуючыся, што хлопчыку дазволілі застацца. А праз некалькі месяцаў яна вярнулася і дала зразумець, што прыйшла толькі дзеля таго, каб памерці ў родным кутку. І было відаць, што брат адчуў палёгку, калі Мая нарэшце сканала. Тады на Юсі на доўгі час найшло здранцвенне. У доме былі прасторныя чыстыя пакоі. У некаторыя з іх Юсі ніколі не заходзіў. Кармілі тут смачна і сытна, але кавы, якую ў старой гасподзе пілі па некалькі разоў на дзень, ніколі не давалі, хоць для сябе гаспадары і гатавалі яе. Ад добрых харчоў аслабелае цела хлопчыка хутка мацнела, але душа заставалася знямелаю і застылаю, нейкая хваравітая санлівасць завалодала ўсёй ягонаю істотай. Часцяком ён нават не разумеў, што яму загадваюць рабіць, куды пасылаюць. Ён проста стаяў і ў неразуменні прыдуркавата лыпаў вачыма. А калі ўсё ж мусіў ісці што-небудзь зрабіць, вочы адразу поўніліся слязьмі, бо ўсё тут было чужое, невядомае; яму нічога не тлумачылі, а толькі загадвалі. Спытаць ён не наважваўся і часам аслупянела стаяў сярод двара, аж пакуль гаспадыня, не дачакаўшыся, у нецярплівасці выскоквала на двор паглядзець, «куды гэта ён папёрся шукаць даёнку». А Юсі з задавальненнем збегаў бы па тую даёнку, каб толькі здолеў зразумець, што яму загадвае гаспадыня. З тае пары і пацягнулася за ім слава крыху дурнаватага няўклюднага хлопца. Калі Юсі, выконваючы які-небудзь загад гаспадыні, бесталкова мітусіўся ў прасторнай пякарні Туарылы, ён сам адчуваў, ды і збоку гэта было відно ўсім, што ніводзін яго крок, ніводзін ягоны рух не стасуюцца з цяперашнім асяродкам. Усё тут было зусім не гэткім, як у старой сялібе Нікілі. Гаспадар, якога маці ў размовах з сынам называла дзядзькам, быў для хлопчыка істотай надзвычай непасціжнай. Таму Юсі заўсёды называў яго «гаспадар» – звяртацца да яго іначай хлопчык не меў смеласці. Ён заўсёды быў заняты гаспадаркаю, заўсёды быў сур’ёзны, ніколі не напіваўся п’яным і не лаяўся са сваёй кабетаю, не кажучы ўжо пра тое, каб пабіцца з ёю. А гаспадыня зусім не баялася яго. Дзіўная халодная згода панавала паміж імі так, што немагчыма было стаць на чый-небудзь бок. Калі надыходзіў вечар, дык і гаворкі не магло быць пра тое, каб уцячы куды-небудзь з двара ў вёску. З парабкамі і служанкамі Юсі амаль ніколі не сутыкаўся і аб іхнім жыцці нічога не ведаў. Яны спалі ў хацінцы для парабкаў, Юсі – у пякарні, а гаспадар з гаспадыняю – у сваім пакоі. Увечары ён клаўся ў чысты няўтульны ложак, і ложак гэты быў своеасаблівым працягам непрыязнага дня. Нават у сне Юсі адчуваў патрэбу напружваць свае цягліцы, што мацнелі, а неадвязная цяжкая сытасць толькі ўзмацняла пачуццё падняволля.
На хутар Туарыла таксама часам заходзілі жабракі, але гэта быў зусім не той люд, што некалі мог прыблукаць у Нікілю. Гэтыя нясмела стаялі каля дзвярэй ці, прысеўшы на лаву, плаксівымі галасамі адказвалі на роспыты гаспадыні. Неяк аднойчы гаспадыня спыталася ў адной жабрачкі, як яе завуць, і выявілася, што тую, як і гаспадыню, звалі Эмаю. Тады жабрачка атрымала добрую міласціну, і тым жа днём на хутар завітала яшчэ адна жабрачка і, не чакаючы роспытаў, абвесціла, што яе таксама завуць Эма. Гаспадыня доўга і ад душы смяялася, але падалá і гэтай, аднак папрасіла папярэдзіць усіх астатніх Эмаў, што больш такі фокус не атрымаецца.
Як ні дзіўна, але тут, на новым месцы, Юсі вельмі баяўся жабракоў і ніяк не спрабаваў зблізіцца з імі. Напэўна, праз тое, што цяпер ён сам належаў да сытай паловы чалавецтва. Пазней сярод жабракоў ён згледзеў і некаторых старых прыяцеляў, з якімі разам гуляў на Свіной горцы. Юсі саромеўся іх, а таму размова атрымалася змушанай і кароткай. Хлопцы самі, без роспытаў, расказалі, што ў Нікілі цяпер гаспадараць людзі Олілы, што павітуха Ловіса моцна хварэе. Але гэтыя навіны толькі злёгку слізганулі каля душы Юсі, ніяк не крануўшы яе. І калі хлопцы пайшлі, Юсі адчуў вялікую палёгку.
Надышло лета, зямля парасла травою, убраліся ў лістоту дрэвы. На далёкіх пашах зазвінелі медныя званочкі кароў, яравыя засеялі пры добрым надвор’і. Насеннае зерне атрымалі ў пазыку ад казны. Атупелыя ад няшчасцяў людзі пачалі пакрыху ажываць, нарадзіліся новыя спадзяванні. Сейбіт, ступаючы па полі за бараною, моцна задумваўся, успамінаючы жахлівыя мінулыя гады, і душа ягоная ўсё больш шырока раскрывалася насустрач сённяшняму светламу сонейку і буйной зеляніне навокал. І хоць знясілены мінулымі цяжкасцямі розум чалавечы яшчэ не мог у поўнай меры ацаніць усе перажытыя выпрабаванні, у сейбіта ўжо нараджалася адчуванне таго, што новыя часы прынясуць і новую светлую ідэю, якая надасць жыццю новы кірунак і новы абшар. І калі чалавек са сваёй нівы бачыў, як цягнуцца па дарозе знядоленыя бяздомнікі, то з нейкаю прыкрасцю думаў, што старыя часы ўсё ж азмрочваюць тое імгненне, у якім нараджаецца новы час.
Для былога Юсі Нікілі, якога цяпер называлі Юсі Туарыла, гэта лета, як і наступныя летнія часы, сталася самаю важнай парою ў жыцці – парою юнацтва, таму што большую частку гэтай пары ён праводзіў у самоце.
Надзелы, на якіх ён пасвіў гаспадарскі статак, лашчылі вочы сваёю разнастайнасцю. Некалі там былі лядныя пожагі, а цяпер квітнелі ўтравелыя паляны. З глыбіні лісцвянога лесу выступалі агароджаныя пожні з абавязковымі паветкамі ды пунямі. Ціха бруілася паміж стромкімі беражкамі непаўнаводная звілістая ручаінка. А па-над ёю, на ўскрайку абрыву, бярэзіны схілялі над мурашнікам свае паніклыя плакучыя галіны, ад якіх у самую паўдзённую спякоту, калі сытыя каровы палягалі на зямлю, таксама сыходзіў спякотны водар. Юсі хутка прывык да гэтых светлых мясцін і з задавальненнем майстраваў калатоўкі і вырабляў кіёчкі, упрыгожваючы іх сваёй разьбою. Тут ён не адчуваў сваю няўклюдную бездапаможнасць, якая так моцна псавала яму жыццё ў новай гасподзе. Тут за спінаю ў яго не стаялі ніякія загадчыкі і камандаваць статкам можна было як заўгодна.
Удзень плынь ягоных думак залежала ад таго, як прайшло ранне і вечар напярэдадні. Магло быць і так, што ягоныя думкі ўвесь дзень круціліся вакол ягонага цяперашняга жыцця, вакол краявідаў, дзе пасвілася гавяда, а можа, ствараліся карціны жыццёвай будучыні, у якіх галоўнае месца займала пасада Туарыла з гаспадаром, гаспадыняю ды іншымі істотамі. Тут яму добра, і нікуды ён адсюль не пойдзе. Бацька, маці і ўвесь сусвет жыцця ў Нікілі засталіся далёка ззаду, здаваліся чужымі і варожымі ягонаму новаму жыццю, а таму паспяхова адпрэчваліся хлапечым розумам і сціраліся з памяці. Сёння сонца свеціць не для іх. Адсюль, з залітага сонцам пагорка, здаецца натуральным, што гаспадар і гаспадыня ніколі не сварацца паміж сабою… Надыдзе вечар, і будзе так прыемна вяртацца дадому разам са статкам.