А часам здараецца і так, што вечар і ранне бываюць больш цяжкімі і змрочнымі, чым звычайна, і тады ўвесь наступны дзень праходзіць пад захмараным небам. Апоўдні недзе паблізу б’е маланка, і Юсі, шукаючы паратунку, спалохана імчыцца ў пуню. Гэта Бог абрынуўся яму на галаву, ён з’явіўся проста адтуль, з Хар’яскангаса, з бязмернай далечыні даўно пражытых гадоў. А Туарыла робіцца нікчэмнаю і далёкаю, таму што бацька Пеньямі знайшоў уцекача Юсі і зноў завалодаў сынам, як у былыя часы. Бліскае маланка, нібыта люты позірк усяго таго, што даўно згінула; яшчэ гучней чуюцца грымоты, і Юсі з жахлівым крыкам кідаецца ў абдымкі да сваёй памерлай маці Маі. Кроў ачысцілася ад усяго наліплага тут, і знаёмы краявід праз дождж бачыцца злавесна чужынскім. Дзікунская грубасць бацькі Пеньямі і ласкавая пяшчота маці робяцца самымі каштоўнымі скарбамі для трапяткога дзіцячага сэрца тут, на аддаленай чужой пашы.
Грымоты сціхлі, навальніца скончылася, аднак палёгкі не было – такі ўжо дзень сёння. Згубіліся дзве каровы. Юсі яшчэ ўсхліпвае ад перажытых уражанняў і тут жа пачынае плакаць зноў: што яму будзе, калі каровы не знойдуцца. Важак статка паказваецца на ўскрайку паляны, але як шалёны кідаецца прэч, як толькі хлопчык набліжаецца да яго. Ваўкі! З пачуццём молячыся Богу, заліваючыся слязьмі, бяжыць дарослы хлопчык Юсі па размоклай сцяжынцы дадому і чуе, як у яго за спінаю нема раве скаціна, якую задзірае воўк. Аж тут які-небудзь дзед-лесавік, што жыве ў самотнай лясной хаціне, пачуўшы Юсеў лямант, выходзіць паглядзець, што там парушае вячэрні спакой, і накіроўваецца на выганы Туарылы. Ён бачыць загрузлую ў дрыгве карову, бачыць, як ашалела носіцца навокал бык, бачыць, што асаблівай небяспекі няма. Уцяміўшы гэта, стары няспешна вяртаецца дамоў па вяроўку.