Я пыталася ў сябе: "Што ж яна робiць, што яе так добра i так хутка разумеюць? Цi дадае яна да позiрку нейкi знак галавой цi рух рукой?"
Я ўзяла тэатральны бiнокль, каб разгадаць яе сакрэт. О, усё было вельмi проста: спачатку яна падмiргвала, пасля ўсмiхалася i амаль незаўважна кiвала галавой, што значыла: "Вы зойдзеце?" Гэты рух быў такi лёгкi, такi прыхаваны, што вымагаў сапраўды шмат элегантнасцi.
I я падумала: "А цi атрымалася б у мяне гэтак жа смела i элегантна кiўнуць?"
Я пайшла паспрабаваць перад люстэркам. Дарагая, у мяне атрымалася яшчэ лепш, чым у яе, намнога лепш! Я вельмi ўзрадавалася i вярнулася да акна.
Цяпер да яе больш нiхто не заходзiў, зусiм нiхто. Напраўду, ёй не шанцавала. Напэўна, усё ж брыдка зарабляць на хлеб гэтакiм манерам, брыдка i адначасова забаўна, бо ўрэшце сярод мужчын, якiх сустракаеш на вулiцы, трапляюцца часам зусiм неблагiя.
Цяпер усе яны iшлi па тратуары з майго боку вулiцы, на яе баку не было нiводнага. Сонца засвяцiла ў другi бок. Яны iшлi адзiн за адным, маладыя, старыя, чорныя, бялявыя, сiвыя.
Я бачыла сярод iх вельмi прыстойных, дарагая, прыстойнейшых, чым мой муж i чым твой былы муж таксама.
Я думала: "Каб я зрабiла iм знак, цi яны зразумелi б мяне, сумленную жанчыну?" I вось у мяне абудзiлася непрыстойнае жаданне... непераможнае жаданне! Часам у мяне з'яўляюцца такiя жаданнi. А, глупства! I ўвогуле, мне здаецца, што жанчына ў нечым падобная да малпы. Дарэчы, сцвярджаюць (гэта мне адзiн доктар сказаў), што мозг малпы вельмi падобны да нашага. Дык вось, мы заўсёды каго-небудзь пераймаем, малпуем. Мы пераймаем нашых мужоў, калi кахаем iх у першыя месяцы шлюбу, пасля - нашых каханкаў, нашых сяброў, нашых духоўнiкаў, калi яны добрыя. Мы пераймаем iх манеру думаць, гаварыць, iх словы, рухi, усё. Якое глупства.
А калi мне ўжо вельмi захацелася нешта зрабiць, дык я абавязкова зраблю.
Дык вось, я падумала: "Ану, паспрабуем на адным, толькi на адным, каб пабачыць, што будзе. Што са мной здарыцца? Нiчога. Мы ўсмiхнёмся адно аднаму, i ўсё, i я яго больш нiколi не ўбачу, а калi нават убачу, дык ён мяне не пазнае, а калi нават пазнае, дык я скажу, што гэта памылка".
I я пачынаю выбiраць. Я хацела прыгожага, вельмi прыгожага. Раптам бачу iдзе высокi бландзiн, вельмi прыгожы. Ты ж ведаеш, я люблю бландзiнаў.
Я гляджу на яго, ён на мяне. Я ўсмiхаюся, ён таксама. Я кiваю. О, ледзь прыкметна. Ён кiвае ў адказ i заходзiць! Дарагая мая, ён заходзiць праз галоўную браму!
Ты сабе не ўяўляеш, што я ў гэты момант адчувала! Я думала, што звар'яцею. О, як я баялася. Уявi сабе, ён пачне гаварыць са слугамi! З Жазэфам, якi так адданы майму мужу! Жазэф напэўна падумае, што я даўно ведаю гэтага пана.
Што рабiць, скажы, што рабiць? Ён хутка пазвонiць, зараз, праз момант. Што рабiць, скажы? Я падумала, што лепей за ўсё выбегчы яму насустрач, сказаць яму, што ён памылiўся, прасiць яго, каб ён пайшоў адсюль. Ён пашкадаваў бы жанчыну, бедную жанчыну. I я кiдаюся да дзвярэй i адчыняю iх у той момант, калi ён збiраўся пазванiць.
Я, ужо зусiм ашалелая, сказала запiнаючыся: "Iдзiце адсюль, пане, iдзiце, вы памыляецеся, я сумленная жанчына, я замужам. Гэта памылка, страшная памылка, я пераблытала вас з адным маiм сябрам, вы вельмi падобныя. Майце лiтасць, пане".
А ён пачынае смяяцца i адказвае: "Здароў, кiска. Я ўсё ведаю. Ты замужам, значыць, гэта будзе каштаваць два луiдоры замест аднаго. Я згодны. Хадзем хутчэй".
I пхае мяне. Увайшоўшы, ён зачыняе за сабой дзверы, цалуе мяне, скаваную жахам, бярэ мяне за талiю i вядзе ў салон, што застаўся незачынены.
Ён пачынае аглядаць усё навокал, як ацэншчык на аўкцыёне. Пасля кажа: "Чорт, а ў цябе тут даволi шыкоўна. Пэўна, у цябе цяпер цяжка з грашыма, калi працуеш каля акна!"
Тады я зноў пачынаю яго прасiць: "О, пане, iдзiце адсюль, iдзiце! Зараз вернецца мой муж! Ён можа ўвайсцi ў любы момант! Я клянуся, што вы памылiлiся!"
Ён спакойна мне адказвае: "Ну, добра, красунька, хопiць прыкiдвацца.