- Ну, як вы маецеся, васпан Канiво?
Волат-падарожны, якога прыемна лучыла з царкоўным служкам аднолькавасць росту, плячэй i жывата, адказаў з усмешкай:
- Памаленьку, пане ойча, памаленьку. А як вы?
- Ды ў мяне заўсёды ўсё добра.
- А вашы справы як, васпан Пуарэ? - пацiкавiўся абат.
- Ат, у мяне - як у мяне. Рапс нiяк не ўрадзiў сёлета, дык трэба неяк выкручвацца.
- Што зробiш, часы цяжкiя.
- А ўжо ж пэўна што нялёгкiя, - пацвердзiў жандарскi голас пышнацелай паловы васпана Рабо.
Яна была родам з суседняга сяла, i кюрэ ведаў яе толькi па iменi.
- Гэта вы, Блёндэль? - папытаўся ён.
- Ага. Я. Замужам вось за Рабо.
Нядошлы, затурканы, але задаволены Рабо з усмешкай павiтаўся з кюрэ, у глыбокiм паклоне перагнуўся ўперад, быццам кажучы: "Гэта я-Рабо, гэта я ажанiўся з Блёндэль".
Раптам васпан Бэлём, якi ўсё затуляў насоўкай вуха, жаласна застагнаў. I пры кожным сваiм "вой... м-м... ммм..." ён ажно прытупваў нагою ад нясцерпнай пакуты.
- У вас баляць зубы? - паспачуваў кюрэ.
Селянiн на момант перастаў стагнаць i адказаў:
- Ды не... пане ойча... Не зубы... Нешта ў вуху, там... глыбока...
- Што ж там такое ў вашым вуху? Скула?
- Ды не ведаю... Мо скула, мо не скула. Але, далiбог, туды залез нейкi страшны звер, калi я спаў на сене,
- Звер? Вы ў гэта верыце?
- Дзiва што! Як у iснаванне раю веру, пане ойча! Я ж чую, як ён шалпочацца там, у вуху. Ён грызе мне галаву, далiбожачкi, грызе галаву! Вох, ммм... ммм... ммм... - i Бэлём зноў затупаў нагою.
Гэта падзея надзвычай зацiкавiла пасажыраў. Кожны меркаваў па-свойму. Пуарэ сцвярджаў, што ў вуху павук, настаўнiк - што вусень. Ён бачыў ужо нешта падобнае ў Кампмюрэ, у дэпартаменце Орн, дзе пранастаўнiчаў шэсць гадоў; дык там вусень запоўз у вуха i выпаўз цераз нос. Але чалавек аглух на адно вуха, бо вусень прадзiравiў барабанную перапонку.
- Хутчэй за ўсё гэта чарвяк, - падагулiў кюрэ.
Васпан Бэлём, адкiнуўшы галаву набок i прыпёршыся да дзверцаў - ён залез у дылiжанс апошнi, - стагнаў:
- Вой! Ммм... ммм... ммм... Па-мойму, там мурашка, вялiзная мурашка... Вой, як кусае!.. Во, во, пане ойча, шавелiцца, рынулася... Вох! Ммм... ммм... ммм... Горачка маё!..
- Ну, а ў доктара ты быў? - папытаўся Канiво.
- Вядома, не!
- А чаму?
Ад страху перад доктарам Бэлёму ажно палягчэла. Ён выпрастаўся, праўда, насоўку ад вуха так i не адняў.
- Чаму! Сам плацi гэтым лайдакам, як у цябе лiшнiя грошы завялiся! Хiба ён парадзiць табе за раз? Не, пайдзi да яго i раз, i два, i тры, i чатыры, i пяць разоў! А гэта ж цэлыя два экю па сто су, цэлыя два экю, не меней!.. Дый што б ён зрабiў мне, лайдак той, што б ён зрабiў мне, га? Ну от скажы!
Канiво засмяяўся:
- Не ведаю. А куды ж ты едзеш?
- У Гаўр, да Шамбралана.
- Да якога Шамбралана?
- Ды да лекара.
- Да якога лекара?
- Каторы вылечыў майго бацьку.
- Твайго бацьку?
- Ну. Даўно ўжо.
- А што ж з iм такое было, з тваiм бацькам?
- Сярэдзiну адняло, i варухнуць нагою не мог.
- I як жа яго вылечыў Шамбралан?
- А штомоцы скусаў яму спiну - як цеста мясiў, аберуч! I што ты думаеш? Праз гадзiну-другую ўсё як рукой зняло!
Бэлём прыгадаў, што Шамбралан у дадатак яшчэ i шаптаў нешта, але ў прысутнасцi святара не пасмеў сказаць пра гэта.
Канiво са смехам прадаўжаў:
- То, можа, трусяня якое залезла табе ў вуха? Убачыла зараслi дый падумала, што гэта яго нара! От чакай, зараз я вытуру яго адтуль.
Канiво склаў трубкай рукi i ўзяўся падрабляць галасы гончых сабак на паляваннi. Што ён толькi нi вырабляў: i якацеў, i рыкаў, i вiшчаў, i брахаў! Усе пасажыры ажно клалiся ад рогату, смяяўся нават вечна сур'ёзны настаўнiк.
Але Бэлёма злавала, што з яго пацвельваюцца, i кюрэ тактоўна павярнуў размову. Ён абярнуўся да таўстухi Рабо i папытаўся:
- А цi вялiкая ў вас сям'я?
- Ды вялiкая, пане ойча...