Тут жа пакiнуў нямецкую форму i пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да ранiцы...
Чатыры днi ён сядзеў дома, чакаючы, пакуль немцы супакояцца, а на пяты выйшаў зноў i, гэтак жа сама хiтруючы, забiў яшчэ двух салдатаў. З гэтага часу ён ужо не спыняўся.
Штоночы ён блукаў, бадзяўся, шукаючы прыгодаў, забiваў прусакоў то тут, то там, лётаў па пустых палях, аблiты халодным месяцавым святлом, адзiнокi, самотны ўлан, якi паляваў на людзей. Зрабiўшы сваё, наклаўшы трупаў пры дарогах, стары вяртаўся ў сутарэнне i хаваў каня i форму. Ён спакойна прыходзiў сюды апоўднi, прыносiў авёс i ваду. Каня ён кармiў уволю, рыхтуючы яго да цяжкай работы.
Але ўчора ўночы адзiн салдат з тых, на якiх наскочыў дзядзька Мiлон, паспеў секануць яго шабляй па твары.
I ўсё адно стары забiў абодвух! Ён яшчэ здолеў вярнуцца, схаваць каня i надзець свае лахманы; але каля самай хаты змогся i ледзь дапоўз да стайнi.
Тут яго i знайшлi, скрываўлены, ён ляжаў на саломе.
Скончыўшы споведзь, стары раптам узняў галаву i з гонарам агледзеў прускiх афiцэраў.
Палкоўнiк абцёр вусы i спытаўся ў яго:
- Маеце яшчэ што сказаць?
- Не, болей нiчога, рахунак дакладны: я забiў роўна шаснаццаць, нi больш нi менш.
- Вы ведаеце, што вас расстраляюць?
- Хiба я прашу ў вас лiтасцi?
- Вы былi ў салдатах?
- Ну але. Былi часы, i я ваяваў. I бацька мой быў у салдатах, у Напалеона. А вы яго забiлi. Ды яшчэ ў тым месяцы пад Эўро сына майго забiлi, меншанькага, Франсуа. Я вам вiнаваты быў i сплацiў. Цяперачы ўсё, квiта!
Афiцэры пераглянулiся. А стары зноў:
- Восем за бацьку, восем за сына - квiта. Не я з вамi свары шукаў! Мне вы без патрэбы. I адкуль прыйшлi вы, не ведаю. Вы тут, у мяне, а судзiце мяне, быццам у сябе дома. Я сплацiў i не шкадую.
I, расправiўшы сваё нерухомае цела, стары склаў рукi на грудзях, стрымана i ганарлiва.
Прусакi доўга перагаворвалiся. Капiтан, якi таксама страцiў сына месяц таму, абараняў высакароднага старога.
Але вось палкоўнiк падняўся, падышоў да дзядзькi Мiлона i цiха сказаў:
- Слухай, стары, можа, мы i пакiнем табе жыццё, калi ты...
Але стары не слухаў, глядзеў проста ў вочы пераможцу, а вецер варушыў валасы яго, лёгкiя i рэдкiя. Жахлiвая грымаса скрывiла яго твар, худы i пасечаны. Набраўшы поўныя грудзi паветра, стары плюнуў у твар прусаку.
Палкоўнiк ашаломлена падняў руку, i ў тую ж хвiлiну стары плюнуў яшчэ раз.
Афiцэры ўскочылi, i ўсе разам пачалi крычаць нейкiя загады салдатам.
Не прайшло i хвiлiны, як старога паставiлi да сцяны, а ён гэтаксама ўсмiхаўся свайму старэйшаму сыну Жану, нявестцы i двум унучкам, што спалохана глядзелi на яго...