Мопассан Ги Де - Аздоба (на белорусском языке) стр 3.

Шрифт
Фон

Дзень балявання настаў. Панi Люазэль мела вялiкi поспех. Зграбная, элегантная, яна была прыгажэйшая за ўсiх, яна ўвесь час усмiхалася i не знаходзiла сабе месца ад шчасця. Усе мужчыны глядзелi на яе, пыталiся яе iмя, iмкнулiся з ёй пазнаёмiцца. Прайсцiся з ёй у вальсе хацелi найвышэйшыя чыноўнiкi з сакратарыята. Яе прыкмецiў сам мiнiстр.

Яна танцавала заўзята, з запалам, ап'янелая ад радасцi, забылася на ўсё ў трыумфе сваёй прыгажосцi, у славе свайго поспеху, нiбыта ў воблаку шчасця ад столькiх знакаў увагi, ад усяго гэтага захаплення i пакланення, што яна выклiкала ў мужчын, ад поўнай сваёй перамогi, што заўжды так соладка грэе жаночае сэрца.

Адно а чацвёртай гадзiне ночы яна сабралася пайсцi дамоў. Яе муж ад поўначы спаў у маленькай пустой зале з трыма iншымi чыноўнiкамi, жонкi якiх дужа весялiлiся на баляваннi.

Муж накiнуў ёй на плечы паўкажушок, сцiплае пахажалае адзенне, убоства якога не стасавалася з элегантнасцю вячэрняга ўбрання. Яна адчула гэта, i ёй захацелася хутчэй уцячы, каб яе не заўважылi iншыя жанчыны, якiя захiналi свае плечы ў дарагiя футры.

Люазэль затрымаў яе:

- Ды чакай жа. Прастудзiшся на вулiцы. Я зараз клiкну фiякр.

Але яна не слухала яго i ўжо хутка спускалася па лесвiцы. Калi яны выйшлi на вулiцу, свабодных брычак там не было, яны пачалi шукаць, крычалi наўздагон рамiзнiкам, але тыя былi ўжо далёка.

Яны спускалiся да Сены, змерзлыя, не спадзеючыся ўжо нi на што. Нарэшце, каля рэчкi, iм трапiўся адзiн з тых лядашчых начных вазочкаў, якiя можна сустрэць у Парыжы толькi ўночы, нiбыта яны саромеюцца свайго ўбоства, каб ездзiць па горадзе днём.

Ён прывёз iх дадому, на вулiцу Пакутнiкаў, i яны самотна паднялiся да сябе. Для яе ўсё было скончана. А ён думаў пра тое, што а дзесятай гадзiне яму трэба быць у мiнiстэрстве.

Яна падышла да люстра i зняла паўкажушок, каб яшчэ раз убачыць сябе ва ўсiм харастве. Але раптам ускрыкнула. Караляў на шыi не было!

Муж, ужо паўраздзеты, спытаўся:

- Што там у цябе?

Вельмi разгубленая, у роспачы, яна павярнулася да яго:

- У мяне... я... я згубiла каралi панi Фарэсцье.

Ён збянтэжана падскочыў:

- Што!.. Як?.. Гэтага не можа быць!

Яны кiнулiся шукаць у складках сукенкi, у складках паўкажушка, у кiшэнях, паўсюль. Але нiчога не знайшлi.

Ён запытаўся:

- Ты ўпэўнена, што, калi адыходзiла з балю, яны ў цябе яшчэ былi?

- Але, я iх кратала ў вестыбюлi мiнiстэрства.

- Але каб ты iх згубiла на вулiцы, мы б пачулi, як яны ўпалi. Мусiць, яны засталiся ў фiякры.

- Хутчэй за ўсё. Ты запомнiў нумар?

- Не. А ты? Таксама не паглядзела?

- Не.

Яны ўзiралiся адно ў аднаго, прыгнечаныя сваiм горам. Тады Люазэль пачаў зноў адзявацца.

- Пайду, - сказаў ён, - прайдуся, дзе мы iшлi пешкi, пагляджу, можа, яшчэ пашанцуе знайсцi.

I ён выйшаў. А яна так i засталася сядзець у вячэрнiм убраннi, не могучы нi пайсцi спаць, нi падняцца з крэсла, каб запалiць агонь, не могучы нi пра што думаць.

Муж вярнуўся пад сёмую гадзiну. Ён нiчога не знайшоў.

Зранку ён пабег у палiцэйскую прэфектуру, хадзiў па рэдакцыях газет, даваў аб'явы, абяцаючы ўзнагароду, завiтаў у вазоўнi да рамiзнiкаў - хадзiў паўсюль, куды толькi яго штурхала надзея.

Яна чакала ўвесь дзень, у такiм самым здранцвеннi, прыбiтая жахлiвай бядою, што iх напаткала.

Люазэль вярнуўся ўвечары, змарнелы, са збялелым тварам; даведацца ён нiчога не здолеў.

- Трэба напiсаць тваёй сяброўцы, - сказаў ён, - што на каралях зламаўся замочак, i ты iх аддала адрамантаваць. Гэта нам дасць яшчэ крыху часу, а тады, можа, выкруцiмся.

Яна напiсала лiст пад яго дыктоўку.

Праз тыдзень яны страцiлi ўсе надзеi. I Люазэль, якi выглядаў пастарэлым на пяць гадоў, заявiў:

- Трэба пастарацца iх неяк замянiць.

Назаўтра яны ўзялi футарал, у якiм некалi ляжалi каралi, i пайшлi да ювелiра, iмя якога было пазначана на накрыўцы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора

Жизнь
8.8К 124