Валерий Гапеев - Я размалюю для цябе неба стр 3.

Шрифт
Фон

— Атрымаў два званкі? Ты яшчэ не тое атрымаеш! Я табе пакажу…

Але Ліну ён адпусціў, і дзяўчынка са страхам і жалем глядзела на Жэньку: атрымаць два званкі, такіх гучных і працяглых за адзін дзень — гэта страшна.

— Ты ўсё зразумеў? — перад дзецьмі паўстаў Настаўнік.

— Так, Настаўнік, — адказаў Жэнька.

— Табе засталося тры званкі. Пасля іх ты будзеш выгнаны са школы. І гэта значыць, што тваё месца — шахты Далёкай Мяжы.

— Я ведаю гэта, Настаўнік…

…Тата крычаў. Вельмі злосна і доўга. Мама маўчала. Жэнька адчуваў яе жаль, страх і яшчэ нейкае дзіўнае, незразумелае, ледзь улоўнае пачуццё. Гэта было падобна да ціхай радасці.

…Фарбы мама прынесла праз тры дні, бо Жэньку дазволілі дома маляваць партрэт Першага Кіраўніка. Ён спяшаўся ў той дзень дадому, не застаўся гуляць у двары школы. Толькі папрасіў Ліну, каб яна потым прыйшла да яго.

Мама і тата, вядома, адчуваюць яго хваляванне. Ну і што, хай… Ён будзе маляваць…

Жэнька ўсе гэтыя гадзіны памятаў той момант, як пад мазком пэндзля празрысты стол у класе перастаў быць празрыстым. Гэта так проста і так нечакана: фарба зрабіла празрыстае — каляровым. І не празрыстым.

Ён расставіў на сваім стале фарбы, потым прыцягнуў стул. І стаў маляваць. Жэнька маляваў акно. Яго вельмі проста маляваць: трэба толькі зафарбаваць усё астатняе, што не акно. І ў першую чаргу — тую сцяну, за якой яму крывіць твар Мікіта. Тут акно будзе вельмі маленькае, каб толькі ледзь-ледзь бачыць вуліцу. Акно вялікае будзе там, дзе Ліна. А ў сцяне, што дзеліць яго пакой з пакоем дарослых, акна не будзе: Жэнька не хоча бачыць, як мілуюцца мама і тата.

Закончылася сіняя фарба, ён адчыніў зялёную, потым памаранцавую і блакітную, жоўтую і чорную. Якой незвычайнай рабілася сцяна! Як раптам утульна стала ў яго пакойчыку, хай і не было ў ім дзвярэй, толькі тры сцяны, хай была празрыстая столь!

Жэнька не зразумеў, чаму не званок зазвінеў, а завыла сірэна. Менавіта яму, ён адчуў гэта.

А потым перад домам пачуўся шум — гэта пад’ехалі ахоўнікі ў шлемах. Яны ў разгубленасці спыніліся перад іх будынкам і глядзелі на амаль не празрыстыя рознакаляровыя сцены Жэнькінага пакоя. Потым з’явілася мама, тата, а з імі нейкі дзіўны чалавек з абручом на галаве. Па тым, як яго баяліся, Жэнька зразумеў, што гэта — нехта з кіраўнікоў.

Жэнька стаяў пасярод свайго пакоя з рознакаляровымі сценамі і намаляванымі вокнамі ды разгублена ўсміхаўся: калі яны так здзіўлены яго адкрыццём, чаму ж не радуюцца? Няўжо не бачаць, як цудоўна будзе, калі сцены ўсіх дамоў у горадзе размаляваць у розныя колеры?

Чаму так спалохалася мама? Чаму гатовы ўзарвацца ад злосці і адчаю бацька? Чаму тата крычыць, каб ён станавіўся ў кут і глядзеў сабе пад ногі? І навошта ў домцягнуць агідны доўгі шланг. Чаму ліецца вада? Чаму так зацята маўчыць мама, а ў іх доме гаспадараць чужыя людзі?

Сцены пакоя адмылі вартаўнікі дома і яны ізноў зазіхацелі сваёй празрыстасцю.

— …Навошта ты гэта зрабіў, сынок?

— Што ты няньчышся з ім! — не стаў далей стрымліваць сваю злосць бацька. — Ты падчас цяжарнасці атрымала два папярэджанні за свае сюсюканні! Табе забаранілі нараджаць другое дзіця з-за твайго залішняга мацярынскага інстынкту! Ты сапсавала яго сваёй ласкай! Ён павінен расці мужчынам, а ты!..

— Навошта ты гэта зрабіў, сынок, — усё гэтак жа далікатна, нібы не чуючы крыку бацькі, перапытала мама.

— Я хацеў тут пацалаваць Ліну, — прызнаўся Жэнька.

— Дурненькі, — з палёгкай засмяялася мама. — Але ж яе можна пацалаваць пры ўсіх. Мы ж казалі табе, што ніхто не хавае сваіх пачуццяў. Ты хочаш пацалаваць дзяўчынку? Пацалуй яе. Які сэнс хаваць дзеянні, калі ўсе мы адчуваем адно аднаго, калі нам вядомы пачуцці іншых?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги