Ласкава слухала неба шчырую малітву, дабрадушна хмурыўся Бэскід, а вецер, пралятаючы далей, старанна прычэсваў травы на паланіне, як маці дзіцячую галоўку...
Паланінка, верхавінка, чым ты так зрадзела, ці не тымі авечкамі, на якіх глядзела?..
— Ашкір! Ашкір! — падганяе ззаду аўчар. Авечкі лена згінаюць калені, трасуцца на тонкіх ножках і цярушаць воўну. — Ашкір! Ашкір! — Голыя морды, са старэчым выразам нуды, растульваюць слінявыя губы, каб паскардзіцца бог ведае каму: «Бэ-э... мэ-э...» Два аўчары вядуць гурт. Чырвоныя порткі разразаюць паветра, ад руху ківаецца кветка на капелюшы. — Шкір-шкір!.. — Аўчаркі прынюхваюцца да ветру і адным вокам скоса пазіраюць на авечак, ці ўсё ў парадку. Трэцца воўна аб воўну, белая аб чорную, падымаюцца пухнатыя хрыбты, як дробныя хвалі ў возеры, і дрыгаціць атара. — Да гурту! Да гурту! — Гарлавы вокліч вяртае крайніх у атару, трымае паводку ў берагах. Горы блакітнеюць навокал, як мора, вецер грувасціць на небе хмары. Трасуцца кучаравыя авечыя хвасты, а галовы ўсе нахіліліся, і белыя пляскатыя зубы выгрызаюць да кораня салодкі дзядоўнік, чартапалох, ружовую канюшыну. — Шкір! Шкір! — Сцеле паланіна атары пад ногі свой кілім, а яна накрывае яе рухомым рабым кажухом. Хрум-хрусь... Бэ-э... мэ-э... Хрум-хрусь... Цені ад хмар блукаюць па бліжэйшых узгорках, перасоўваюць іх з месца на месца. Ходзяць, здаецца, горы, як валы ў моры, і толькі далёкія непарушна блакітнеюць на месцы. Сонца заліло авечую воўну, рассыпалася ў ёй вясёлкай, запаліла травы зялёным агнём, за аўчарамі ідуць доўгія іх цені. — Да гурту! Да гурту! — Хрум-хрусь... Хрум-хрусь... — Нячутна ступаюць пастухі ў пасталах, коціцца мякка воўністая хваля па паланіне, а вецер пачынае іграць на далёкім варынні. «Дз-з...» — тонка спявае ён на адшчапанай трэсцы, дакучна звініць, як муха. «Дз-з...» — гучна абзываецца другое варынне, наводзячы сум. Хмары ўсё прыбываюць. Яны ўжо закрылі паўнеба, гасне далёкі Бэскід і чарнее, і пахмурнее ў ценях, нібыта ўдавец, а паланіна яшчэ маладая. І пытаецца вецер тонкім голасам у варыння: «Чаму ж ты не жэнішся, высокі Бэскідзе?» «Бо зялёная паланінка за мяне не пойдзе», — сумна ўздыхае Бэскід. Блакітнае неба ўмурзалася ў шэрань, мора гор пацямнела, паланіна пагасла, і атара авечак паўзе па ёй, як шэры лішай. Халодны вецер распраўляе крылле і б’е ім у грудзі пад безрукаўку. Так цяжка дыхаць, што хочацца павярнуцца да яго спінаю. Няхай б’е... Тонка заводзіць варынне, як муха ў павуцінні, скуголіць боль невыносны, плача самотны сум... Дз-з... дзы-ы... Не змаўкае, бесперастанку. Выцягвае жылы і рэжа нажом па сэрцы. Хацеў бы не слухаць, але нельга, хацеў бы ўцячы — ды куды? Ашкір-ашкіра!.. А ты куды?.. Ліха б на цябе! Шкір-шкір!.. Мурка!.. Але Мурка ўжо адварочвае. Абганяе авечку, вецер настаўбурыў на ім поўсць, а ён злавіў ужо зубамі за карак авечку і кінуў у атару. Дз-з-ы-ы... Дз-з-і-і... Так зубы баляць аднастайным і нясцерпным болем. Сцяў бы зубы і змоўк. Дзынькай, чорт бы цябе пабраў! Што гэта плача? Мабыць, «той», каб ён каменем стаў!.. Вось так, здаецца, упаў бы на зямлю, знясілены, заткнуў бы вушы пальцамі ды заплакаў... Бо ўжо не можаш далей... Дзы-ы-ы... Дз-з-і-і... Божа!
Іван вымае флаяру і дзьме ў яе штосілы, але «той», вар’ят, мацнейшы за яго. Ляціць ад Чарнагоры, як раскілзаны конь, б’е капытамі травы і размятае грывай гукі флаяры. А Чарнагора, як ведзьма, лыпае бяльмом — снежным полем — з-пад чорных распластаных валасоў і пужае. Дз-ы-ы... Дзі-у-у...
Закаціліся авечкі ў далінку, і тут зацішней.
На шэрым небе выглянула блакітнае азерца. Вострая паланінская трава мацней запахла. Азерца ў небе выходзіць з берагоў і ўжо шырока разліло воды. Заблакітнелі зноў вяршыні, а ўсе даліны наліліся золатам сонца.
Іван углядаецца ўніз. Там недзе, сярод гор, дзе людзі, па зялёнай траўцы паходжваюць Марыччыны белыя ногі. Яе вочы скіраваны на паланіну. Ці спявае свае песенькі? А можа, сапраўды, парассявала па гарах, па долах, яны ўзышлі кветкамі, а Марычка замоўкла?
згадваецца яму мілы дзявочы голас, і ён зрывае кветку і ўтыркае ў капялюш.
Да гурту... Да гурту... Сонца пячэ. Робіцца душна. Коцяцца авечкі, фыркаюць на бягу, крывяць старэчыя губы, каб лацвей сцяць зубамі салодкі дзядоўнік, ды пакідаюць пасля сябе свежыя шарыкі. Хрусь-хрусь... Хрум-хрум... Трэцца воўна аб воўну, белая аб чорную, падымаюцца хрыбты, як у возеры хвалі... Бэ-э... мэ-э... а сабакі ўжо трымаюць атару ў берагах.
Стаміліся аўчаркі. Кладуцца і задыхана сапуць у траве. На доўгі чырвоны язык, што звісае між ікламі, садзяцца мухі.
— Да гурту! Да гурту! — злосна галёкае Іван, і ўжо сабакі пры авечках.
Далёка, на паланіне, пад густым лесам, пасуцца каровы. Пастух абапёрся ў задуме на доўгую трамбіту.
Так паволі цягнецца час! Горнае паветра прапаласкала грудзі, хочацца есці. І як самотна! Стаіш тут маленькі, як быліна ў полі. Пад нагамі — зялёны востраў, які абліваюць блакітныя воды далёкіх гор. А там, на суровых дзікіх вяршынях, на бязводдзі і бязлюддзі, гнездзяцца ўсялякія здані, нячыстая сіла, з якой цяжка змагацца... Толькі адно — берагчыся...
Ашкір-ашкіра! Пхнуцца авечкі зялёным полем, мякка ступаюць па траве пасталы... Цішыня такая, што чутно, як кроў цячэ ў жылах... Сон адольвае. Кладзе мякенькую лапу на вочы і на твар і нашэптвае на вуха: спі... Авечкі меншаюць перад вачыма... Вось ужо з авечак сталі ягняты, а вось нічога няма. Паплылі травы, як зялёная вада. Прыходзіць Марычка. Ой не абдурыш, нябожа, ой не... Іван ведае, што гэта маўка, лясная русалка, а не Марычка, што гэта яна зводзіць яго. Штосьці цягне яго за ёй! Не хоча, а ўжо плыве, як плывуць травы зялёным патокам...
І раптам дзікі перадсмяротны роў каровы выкідвае яго са сну. Што? Дзе? Пастух як стаяў, абапёршыся трамбітай на зямлю, так і застыў. Рыжы бугай стукнуў нагамі аб зямлю, выгнуў валасатую шыю і падняў хвост. Ён ужо імчыць на той роў, высока скача і рве нагамі траву. Рэжа нагамі паветра. Пастух схамянуўся і гоніцца за ім да лесу. Бахнуў у лесе стрэл. Бах-бах-бах... — загрымелі са стрэльбаў вяршыні. Бах-бах-бах... — адазваліся далейшыя, і ўсё нямее. Цішыня.
«Пэўна, «вуйка» задраў карову», — думае Іван і пільней прыглядаецца да сваёй атары.
— Да гурту! Да гурту!.. — Сонца нібы заснула, вецер заціх і перанёсся з зямлі на неба. Ён ужо грувасціць там хмары, такое ж мора хрыбтоў, якое бачыў вакол паланіны. У бясконцых прасторах загінуў час, і невядома, ці дзень стаіць ці мінае...
Раптам да вуха далятае даўно чаканы покліч трамбіты. Ён прыносіць ад стаі пах кулешы і дыму ды доўгім меладычным трымценнем апавядае, што кашары чакаюць авечак...
— Ашкір-ашкір!.. — Гойсаюць сабакі, бляюць авечкі і льюцца стракатым патокам у даліну, трасучы вымем, ацяжэлым ад малака...
— Шкір! — злосна кідае ззаду паганяч у авечы натоўп ды пляскае мокрай пугай. — Шкір! Шкір!.. — падбадзёрваюць аўчары і адхіляюць калені ад дзіркі, кудою скача ў струнку авечка. — А! Каб цябе чорт... — кляне козар і не канчае: скажы толькі ў такую часіну!
Звыклым рухам Іван хапае авечку за хрыбціну і цягне да сябе задам на шырокую даёнку. Пакорна стаіць авечка, нязручна растапырыўшы ногі, такая дурная, і слухае, як цурчыць з яе малако ў даёнку. — Шкір! — пляскае ззаду паганяч. — Шкір! Шкір!.. — пакрыкваюць і другія аўчары. Падоеныя авечкі, як ачмурэлыя, падаюць у загарадцы на камень, кладуць галаву на лапкі і крывяць голыя старэчыя губы. — Шкір! Шкір!.. — Іванавы рукі бесперастанку ціскаюць цёплае авечае вымя, адцягваюць даёнку, а па руках цячэ малако, што пахне лоем і патыхае з даёнкі тлустай салодкай парай. — Шкір! Шкір! — Ускокваюць авечкі, як ачмурэлыя, раскірэчваюць над даёнкамі ногі, і дзесяць аўчаровых пальцаў ціскаюць цёплае вымя. Жаласна плача мокрая атара па гэты і па той бок стрункі, падаюць у загарадку знясіленыя авечкі, а густое малако звонка цурчыць у даёнку ды зацякае цёплым ручайком аж за рукаў. — Шкір! Шкір!
Козар усміхаецца вачыма сваім козам. Яны не тое што авечкі, у іх моцнае сэрца. Не падаюць трупам, як рахманыя авечкі, а цвёрда стаяць на тоненькіх нагах. Цікаўна паднялі рожкі і ўглядаюцца ў змрок, быццам скрозь яго штосьці бачаць, і так бадзёра трасуцца ў іх тонкія бародкі...