— Майка добра… Але на іншае, баюся, спатрэбіцца пазней.
— На што іншае? Як пазней? Нас жа павінны заўважыць!
— Я тут падумаў… Вялікія выхадныя, вось… Хто ведае, што ў іх там. Спадзявацца будзем, аднак сядзець, рукі склаўшы, нельга. Ёсць у мяне думкі. Але пакуль — восці, бо нам трэба паесці.
— Добра, пачакайце…
Воля ўстала і пайшла ў будан. Вярнулася са скрутачкам у руцэ, зайшла ў ваду, прапаласкала.
Потым Віталь адрэзаў верх у знойдзенай бутэлькі, распраміў пластык, падаў Волі:
— Ты пакуль вымый добра, пяском шаруй, ён тут дробны і чысты.
Сам пайшоў у глыб вострава. Нарэзаў неабходнага, вярнуўся. Разам з Воляй зайшлі падалей у азярыну, дзе вада была халаднейшай. Віталь чэрпаў ваду верхняй часткай бутэлькі і ліў у ніжнюю праз «фільтр» з укладышаў ад станіка.
— Цяпер можна напіцца… як прычасціцца, — вырвалася нечаканае. І калі піў, яму здавалася, што ён адчувае ў смаку вады водар Волінага цела.
Туман з балота знік, дым іх вялікага кастра падымаўся высока.
Віталь рабіў восці быццам і няспешна, але пазіраў на сонца. Данік прачнуўся, папіў вады, сеў побач. Ні пра што не пытаўся.
— Ну, Данік, як мужчына застаешся за старшага: глядзі за мамай, а яшчэ, каб вогнішча гарэла добра, каб добра дым ішоў…
— Яны павінны зараз прыехаць, такі дым! — з незадавальненнем сказала Воля. — Куды яны глядзяць?
— Так, Волечка... Але хто адразу зверне ўвагу на невялікі пажар на балоце? Востраў і востраў, узялася гарэць леташняя трава — згарыць дый годзе. Не дзве-тры гадзіны павінен гарэць касцёр… І вось што трэба ўлічыць: будуць шукаць на тым канале. Гэтай раніцай знойдуць, бо некуды да берага прыб’е тваю блакітную кофту. І гэта пра многае скажа. Нас могуць ужо сягоння залічыць у мерцвякі.
— А можа, дарэмна мы паперліся сюды, у балота? — задумліва прагаварыла Воля. — Можа, лепш было пачакаць там якую гадзіну ці дзве?
Віталь памаўчаў, гледзячы ў зямлю, пасля задраў галаву, прымружыўся на сонца.
— Знаеш, калі ў бяспецы, калі цёпла, дык і думаю: а можа, дарэмна папёрся сам і пацёг за сабой жанчыну з дзіцём? Сядзі ля таго куста — і нас бы знайшлі во зараз, во ў гэтую мінуту! Але, Воля… ты згадай, як халадна было. І дождж пайшоў. Там вады было мне па грудзі, далей — па калена сама менш. Як бы дачакаліся? Прабач, але ля таго куста мы б не пратрымаліся і гадзіны. Аняменне, сутаргі… Ногі б адняліся вельмі хутка. Амаль як на марозе.
— Калі нас не дачакаліся на базе, значыць, пачалі званіць, не атрымлівалі адказу — і адразу паляцелі б на лодках. Хіба не? Гадзіну пратрымацца…
Віталь устаў, узважыў у руцэ восці: яны выглядалі нязграбнымі, але пагрозлівымі — шэсць вострых яловых зубцоў выклікалі павагу.
— Толькі адзін нюанс, Воля… Хлопец сказаў нам, што будзем дабірацца іншым шляхам. Нас бы шукалі не там, і гэта пазбавіла б шанцаў дачакацца. І вось што… У сітуацыях, калі ты пазбаўлены выгод цывілізацыі, трэба давяраць свайму абуджанаму звярынаму чуццю… Прабач. Адно абяцаю: я вас сюды прывёў і зраблю ўсё, каб адсюль вы патрапілі дадому жывымі і здаровымі. Я давяраю зверу ў сабе… Калі твой звер спіць — давярай мне, як чалавеку. Абяцаю, — яшчэ раз паўтарыў Віталь.
— Я давяраю вам, — сцішана, але цвёрда, прагаварыла Воля, зірнула яму ў вочы. — Столькі год давярала і верыла, веру і цяпер. Удачы вам! — усміхнулася, кіўнуўшы на восці, — мы чакаем вас…
Віталь падыходзіў да поплава, затрымліваючы дыханне, — у гэтыя хвіліны раптоўна асэнсаваў, наколькі ад яго поспеху залежыць іх далейшы лёс.