Зайшоў у плыткую цёплую ваду. Далёка ад яго варухнуліся цені. Ён ледзь перастаўляў ногі, трымаючы напагатове восці, глядзеў наперад і налева (бо з правай рукі зручней кідаць), а цень — вялікі, марудны, паплыў з правага боку. І размаху не атрымалася, і кідка — Віталь ткнуў восцямі і сам паляцеў услед за імі, каб націскаць целам, бо адчуў па ўдары на тым канцы: патрапіў у рыбіну, трэба ціснуць да дна, іначай саскочыць.
Хапіў вялікую — такую вялікую рыбіну на двух зубах восцяў! — і ашалелы ад удачы рвануўся да берага. Рыбіна білася — тоўстая, прыгожая, з амаль чорнай спінай і неверагодна бліскучымі шараватымі бакамі і тонкай сярэбранай паскай уздоўж цела. Здаецца, гэта быў язь. У ім было не менш за два кілаграмы.
Той самы адрэналін, пра які столькі кажуць медыкі, амаль што скіпяціў кроў. Азарт гнаў Віталя назад на поплаў — нельга ж кідаць справу, якая пачалася з такой удачы і падавалася зараз такой простай! Ён дастаў нож, дабіў рыбіну. Ужо прыгадаў месца, дзе яе пакінуць, пакуль будзе лавіць іншую, але спыніўся. Яго чакаюць.
— Ну, як справы ў майго адказнага памочніка? — закрычаў ён, падыходзячы да «лагера». — Гэй, Данік! Зараз будзем гатаваць смачны абед! Дзе ты яшчэ паясі такой смачнай рыбы, якую мы засмажым на агні!
Воля і Данік разам пабеглі насустрач. Беглі ад сонца, магчыма, ад яркага святла ў Віталя зачасаліся, а потым павільгатнелі вочы.
Ён аддаў Волі нож і рыбіну, а сам заняўся кастром. Хутка язь, пачышчаны і памыты, быў разрэзаны ўздоўж на дзве часткі, якія ляглі на тонкія сырыя яловыя жэрдкі над гарачым вуголлем.
— А будзе смачна, мама? А можна будзе многа есці? Так многа, колькі захачу? — сыпаў пытаннямі Данік.
Воля збегала да берага, нарвала маладога аеру і свежымі зялёнымі лістамі ўслала невялікі пятачок.
— Будзе нам стол! — пракаментавала яна, прыціснуўшы да сябе сына: — Вось будзеш, сынок, расказваць — ніхто не паверыць, што ты такую рыбіну еў на такім востраве!
— А я нікому не раскажу, — нечакана сур’ёзна адгукнуўся хлопчык.
— Чаму, смешны ты? — рассмяялася Воля.
— Таму што гэта наша тайна, мы пра яе нікому не раскажам…
— Ах ты мой Шцірліц маленькі… — Воля пацалавала пяшчотна сына ў галаву. — Хай будзе тайна…
Белае мяса рыбіны было прэсным, але такім мяккім і смачным!
Віталь і Воля выбіралі дробныя костачкі з мяса, складвалі яго кавалачкамі перад малым, а ён еў поўным ротам. Воля ўсоўвала хлопчыку ў руку чарамшу — той крывіўся трохі, але жаваў разам з мясам. Калі насыціўся, вочкі яго пачалі заплюшчвацца.
Ад быццам вялікай рыбіны амаль нічога не засталося.
— Хадзем, сынок, ты паляжыш, там мякенька і сонца не паліць… — Воля павяла сына ў будан.
Сапраўды, сонца ўжо было амаль у зеніце, прыпякала моцна.
— Я і сама падрамала б. Быццам і спала ноччу, але гэтак трывожна было… — выказала Воля ўслых сваё жаданне, пацягнулася па восці, узяла іх у рукі, з павагай разглядваючы нескладаную канструкцыю. — О, Віталь Андрэевіч, я зараз магу з гонарам усім расказваць, што мае стрынгі выратавалі мяне і сына ад галоднай смерці! — засмяялася яна. — Гэтыя восці я забяру да сябе ў дом і яны будуць стаяць у чырвоным куце!
Яна быццам лёгка ап’янела ад сытасці.
— Ідзі адпачні з сынам, — сказаў ёй Віталь. — Я тут дроў падкіну і сам паляжу крышку.
— Ага, пайду, — падхапілася з зямлі. — Дзякуй за абед вам! — і нечакана зрабіла крок да Віталя, хутка чмокнула ў шчаку і патлумачыла з гарэзлівай усмешкай: — То яшчэ вінюся за дурныя думкі раніцай. Спужалася, раптам падалося, вы нас кідаеце, сыходзіце з вострава. Не крыўдуйце…