Па шчырасці, Віталь трошкі здзівіўся. Не была ніколі на жніве? Як жа так? Але мусіў згадзіцца: ды элементарна можа быць. Хай і горад — усяго райцэнтр, а хіба нямала тут тых, хто ні разу ў вёсцы не быў? Ды знойдзецца! А ўжо на жніве, ці на ферме…
— Супакойся, Волечка, — ён пагладжваў па валасах дзяўчыну, якая даверліва падпарадкавалася яго рукам і сядзела, прыхіліўшыся галавой да яго грудзей. — Хадзем да мяне, зараз будзем разам хуценька пісаць, буду табе ўсё незразумелае тлумачыць… Хадзем, там ніхто не заміне…
Праз паўтары гадзіны, калі тэкст пра жніво быў Волечкай напісаны, яна зноў была як заўсёды вясёлай, толькі вочы заставаліся крыху пачырванелымі.
На наступны дзень яна прынесла іншы вялікі матэрыял да Віталя і папрасіла паглядзець: можа, нешта варта паправіць? Правіць, па праўдзе, было што: характар дзяўчыны прабіваўся ў радкі — яна пісала занадта эмацыйна, недзе — шматслоўна, раз-пораз сыходзіла далёка ў бок ад тэмы, з цяжкасцю фармулявала вывад. Воля з удзячнасцю прымала ягоныя добразычлівыя заўвагі і праўкі. Пазней Віталь даведаўся, што бацька яе загінуў, калі дзяўчынцы было толькі дзесяць гадоў. Канешне, і па гэтай прычыне Воля так стала гарнуцца да яго. Сяброўства дасягнула таго ўзроўню, калі яны дазвалялі сабе тайком ад іншых у рэдакцыі рабіць адно аднаму падарункі на дні нараджэння.
Воля расла і творча, і фізічна на яго вачах. Разгублены, трошкі няўклюдны навічок, стаў прыгожай і разумнай маладой жанчынай, якая ўмела з густам апранацца, кіраваць сваімі пачуццямі, трымацца ў любой кампаніі годна і прыцягваць столькі ўвагі, колькі таго жадала. Рост як журналісткі быў таксама больш чым відавочны: рэдка калі артыкул заставаўся без чытацкіх водгукаў, яна прыдумала і вяла некалькі праектаў, адзін зякіх карыстаўся асаблівай папулярнасцю сярод жаночай чытацкай аўдыторыі. Віталь не мог не адзначыць, што Воля нярэдка здзіўляе яго, вопытнага журналіста, сваім уменнем знайсці асаблівы факт, зрабіць яго адным з ключавых, убачыць у штодзённым, малым і непрыкметным філасофскую глыбіню. Яна не задавальнялася павярхоўным скрупулёзна шукала карані падзей. Плюс да ўсяго — лёгкі, густоўны стыль, багатая мова, уменне падаць матэрыял, расказаць проста аб складаным. Віталь мусіў прызнаць: Воля зараз недзе піша лепш за яго, яшчэ набярэцца вопыту — і стане лепшай у рэдакцыі.
Творчая зайздрасць — самая балючая, але Віталь неспадзявана для сябе заўважыў, як радуецца Воліным удалым знаходкам, з задавальненнем вычытваў яе артыкулы. Было прыемна асэнсоўваць, што Воля дасягае вяршынь майстэрства. Ды і не толькі ён бачыў гэта — маладую журналістку адзначалі на абласным і рэспубліканскім узроўнях падчас розных конкурсаў.
Так працягвалася пяць гадоў. А потым Воля выйшла замуж. Радасць за яе шчаслівы лёс Віталь мусіў дзяліць з нечаканай, амаль аглушальнай рэўнасцю.
Віталь сапраўды напужаўся новага пачуцця, імкнуўся выціснуць яго са свядомасці. Ды дзе схаваеш… Выпадкова даведаўся: уся рэдакцыя лічыць, што ён закаханы ў маладую журналістку. «Сівізна ў бараду…» — і раз, і два чуў незласлівае, больш спачувальнае за спінай.
А ён не мог зразумець, што адчуваў тады сам, калі Воля стала прыходзіць у рэдакцыю ўжо не дзяўчынай, а мужнінай жонкай. Гарэнілі ўспаміны пра свой дурнаваты лёс — не склалася сямейнае жыццё напачатку, усяго два гады пажылі з жонкай, як збегліся праз месяц пасля знаёмства, так і разбегліся без асаблівых згрызот. І колькі ні было пасля сустрэч з самымі рознымі, ды не з адной не складвалася. Злосць душыла за сваю бязвольнасць: вось жа дурань, не змог утрымаць сябе ў цуглях! Ды не праходзіла, смылела, і балюча было: нехта іншы зараз Волечцы і сябар, і таварыш, і настаўнік, і дарадца, і з некім яна больш шчырая, чым з ім.
Гэта праўда — Віталь ніводнага разу ў сваіх фантазіях не думаў пра Волечку як пра жанчыну ў сваім ложку. Не! Нясцерпна было іншае: адчуваць, што забралі ягонае шчасце — сустракаць кожным ранкам Волечку, дапамагаць ёй з матэрыяламі, жартаваць і чуць дасціпныя адказы, бачыць цяпер ужо загадкавую жаночую ўсмешку, прывозіць з паездак па раёне ці галінку з коцікамі, ці букецік першацветаў, ці яблык, ці вялікую шышку яловую… Зараз усяго гэтага нельга. Бо ў яе — муж…
Потым Волечка зацяжарыла. Віталю стала быццам лягчэй — ён па асабліваму ставіўся да цяжарных жанчын, яны выклікалі амаль замілаванасць, ён дакладна ўжо не бачыў і ценю сексуальнасці ў цяжарнай.
Волечка пайшла ў адпачынак, у рэдакцыі адразу стала цішэй і сумней. Таму яе візіт з сынам у цёплы сонечны дзень стаўся падзеяй у рэдакцыі. Хоць Воля і намервалася зайсці да кожнай, не вытрымалі жанчыны — прыйшлі разам павітацца да яе ў кабінет, віншавалі, здароўя жадалі маці і хлопчыку, заглядвалі ў каляску, усміхаліся… Тлумна было і весела.
І да Віталя Воля зазірнула.
Павіталася, усміхнулася.
Віталь раптоўна пабачыў перад сабой не ўяўную дачку, не вучаніцу, не добрага сябра. Жанчыну. Ледзь здолеў хрыплавата павітацца. Яна здагадалася, што нарабіла сваім з’яўленнем, паспрабавала пераўтварыць усё ў жарт: «Ці ж я такая страшная стала, што вы так разгубіліся, Віталь Андрэевіч?». Ён зразумеў, вопыт мужчынскі падказаў: шчаслівая Воля бачыць яго, і бачыць вось такім разгубленым. Бо ж жанчына! Ведае, як расцвіла пасля родаў: вунь як плечы і клубы акругліліся, як грудзі наліліся, як адначасова страйнейшай стала. Ведае і радая, што такімі вачыма глядзіць на яе зараз былы настаўнік, але — мужчына. Так і выдыхнуў шчыра:
— Якой жа ты прыгажуняй стала, Волечка…
А яна ўсміхнулася ўдзячна, адказала трошкі гулліва:
— Цяжарнасць і дзіця кожнай жанчыне на карысць!
Пасля ён стаяў ля рэдакцыі, курыў, Воля на ганку расцалавалася з жанчынамі, пайшла. Ён глядзеў крадком ёй услед і балюча перажываў за адно: яму здавалася, што лыткі жанчыны, якія былі зараз адкрыты кароткай сукенкай, залішне поўныя для яе, не самай прыгожай формы. Яму так хацелася, каб у Волечкі ўсё было самым дасканалым…
Тады ён адчуў, што глядзіць за ёй так, як мужчына глядзіць за жанчынай. Адчуў жаданне. Захацелася пацалаваць тыя лыткі. Пасля ў сваім кабінеце доўга сядзеў, гледзячы ў манітор, а перад вачыма была не цыганаватая ўсмешка Волечкі, а яе грудзі, белыя і налітыя паўкружжы, якіх Віталь так добра бачыў колькі хвілін таму ў шырокім выразе сукенкі.
2
Ён доўга думаў, што рабіць, калі Воля вернецца ў рэдакцыю да немажлівасці зваблівай жанчынай. Самае простае — звольніцца. Канешне, кідаць працу, якой аддаў амаль трыццаць гадоў, нялёгка. Ды і што ён яшчэ ўмеў? Так, адукацыя зусім не журналісцкая, паводле дыплома — настаўнік. Ды хто ўжо ў школу возьме, тым больш настаўнікам фізкультуры? Далёкае яго цела ад спартыўнай формы… У любым выпадку, трэба было калі не парваць сяброўскія стасункі з Воляй, дык звесці іх да мінімуму. Да прахалодных і афіцыйных. Бо іначай… Іначай ён скампраметуе яе. І будуць непрыемнасці. Тым больш, муж Волі — чыноўнік райвыканкама ды яшчэ іх «роднага» ідэалагічнага аддзела. А чуткі пра закаханасць Віталя, старанна прысыпаныя эмацыйнымі дэталямі ды асабістымі меркаваннямі, гулялі па рэдакцыі і трошкі за яе сценамі. І не маглі не дайсці да Глеба Сурніча — мужа Волечкі.