Ён паклаў галаву на калені дзяўчыны, і яна моўчкі перабірала ягоныя валасы. У такія моманты ён мог сабе сказаць, што робіцца шчаслівым. І ўсё ж гэтая неабходнасць хавацца даводзіла яго да жадання сабраць усе свае ашчаджэнні, улезці ў пазыкі, сесці ў турму на пажыццёвае зняволенне, але наняць ейнаму алігарху кілера. Ці ёсць у свеце опера з сюжэтам, дзе каханак забівае іншага каханка, каб атрымаць хаця б адну сапраўдную ноч з жанчынай? Ноч, без страху быць прыспетымі, каб паходня згасла тады, калі гэтага хочуць закаханыя.
Не, няма такой оперы. Прынамсі, ён такой не памятае.
— Ты дакладна хочаш ставіць «Дона Джавані»?
— запыталася Ірына, спрабуючы прыгладзіць ягоныя ўскалмачаныя валасы і такім чынам надаць абліччу Грынкевіча эстэтычны выгляд.
Ён не чакаў гэтага пытання. Думаў, што Іра пачне даставаць яго допытамі, калі ён нарэшце пастрыжэцца. Гэта больш лагічна — для натуральнай бландынкі, вядома ж.
— Але ж! Вельмі хачу!
— А ты не баішся?
Ірына цяпер сама спыніла на ім доўгі позірк. Грынкевіч зразумеў, што яна мела на ўвазе.
Камандор з'яўляецца на сцэне са шпагай і ліхтаром у руцэ. Ён кажа дону Джавані, каб той спыніўся і біўся з ім на шпагах. Джавані адказвае, што адмаўляецца ад выкліку.
У тэатры горада N, дзе Грынкевіч працаваў ужо восьмы сезон, бытаваў забабон, варты не пачатку XXI, а хіба канца XVI стагоддзя: маўляў, нельга ўводзіцца ў спектакль замест чалавека, які раптоўна памёр. Казалі, не так даўно «Барыса» ціхай сапай знялі з рэпертуару пасля таго, як разбіўся на машыне асноўны выканаўца галоўнай партыі. У трупе заставаўся толькі адзін бас, які ведаў партыю, але ён быў адзін. На замену ж ніхто ісці не пагадзіўся. І адміністрацыя, як ні дзіўна, ні на каго ціснуць не стала, хоць звычайна ў такіх пытаннях была рашучай, як алігарх Брынцалаў у сваіх мастацкіх густах.
«Дона Джавані» меліся выпусціць у канцы мінулага сезона, бо акурат сёлета спаўнялася дзвесце пяцьдзясят гадоў з дня нараджэння Моцарта. Вельмі важна было, каб культурная грамадскасць расійскага горада N зарэкамендавала сябе больш культурнай, чым нават грамадскасць аўстрыйскага горада Зальцбурга. У праект пад кодавай назвай «Адзначым год Моцарта з расійскім размахам» уклалі нейкія гранты ад Міністэрства культуры. Знайшлі таксама мясцовых фундатараў, што адразу выдалі грошы.
У дзень народзінаў славутага венскага класіка ў кабінеце дырэктара запахла новай скураной мэбляй, прывезенай на замову з элітнага маскоўскага салона. Такім чынам, моцартаўскі год у тэатры адзначылі годна.
У той самы дзень чарговы дырыгент Аляксей Грынкевіч прызначыў сваім аркестрантам групавую рэпетыцыю, якая, акорд за акорд, перайшла ў звычайную п'янку. Што рабіць — ён таксама святкаваў уласныя народзіны 27 студзеня. За гэтым заняткам яго з аркестрантамі і злавіў дырэктар. І не тое, каб яны шмат выпілі, дый каго здзівіш п'янкай у тэатры. Але ж дырэктар, відаць, быў незадаволены адценнем абіўкі сваёй новай мэблі. Ён вырашыў сарваць стрэс на дырыгенце. Дырыгент, у сваю чаргу, слова ніколі не пазычаў, таму заеўся з дырэктарам. Бос сказаў Грынкевічу, што той ліпіць у гэтым тэатры, як арэх на сухой галіне. Грынкевіч зразумеў, што гэта праўда, бо апроч дырэктара меў таксама непрыемнасці з галоўным дырыгентам, па сумяшчэнні мастацкім кіраўніком N-скай оперы.
Сёлета ў яго заканчваўся кантракт, таму ў наступныя некалькі месяцаў малады дырыгент дужа часта матляўся з N у Маскву і назад. У Маскве ён меў уласны аркестр у зародкавым стане, які яшчэ належала вынасіць пад пахай, а потым выгадаваць і навучыць самастойна есці і лётаць. Грынкевіч цьмяна ўяўляў сабе, чым ён у першы час будзе зарабляць на жыццё ў сталіцы. Яму прынцыпова не хацелася прасіцца ў чужыя аркестры: абрыдла быць падначаленым, ад якога нічога не залежыць. Хацелася рабіць нешта сваё і, найперш, нешта сваё ставіць.
Пастаноўкі за час ягонай працы, апроч запрошаных дырыгентаў, у N атрымалі тры студэнты, якім трэба было недзе засвяціцца. Студэнты зазвычай прыязджалі сюды з Масквы ці Пецярбурга, бо, ведама ж, былі музыкантамі ў другім ці нават трэцім пакаленні. І, зразумела, іхныя таты і мамы вучыліся некалі з тутэйшым галоўным у кансерваторыі. Студэнтам давалі нешта не асабліва мудрагелістае, кшталту даніцэціевага «Дона Паскуале». Потым студэнты з'язджалі: хтосьці — набірацца досведу ў Еўропу, а хтосьці — на пасаду трыццаць пятага стажора ў Марыінскім тэатры. Іх экзэрсісы хуценька здымалі з рэпертуару, як быццам іх там і не было, — Грынкевіч падазраваў, што тэатр зрабіўся неблагой пральняй на грошы і спектаклі на два-тры паказы былі камусьці патрэбныя не толькі дзеля партфоліа. Аднак у трыццаць тры гады, нават маючы такі дурны характар, перастаеш змагацца з ветракамі.
Ён скарыўся і стаў проста хадзіць на працу. Лічыў дні, якія заставаліся да заканчэння кантракта ў N.
У той сезон пастаноўку рабіў не галоўны, не запрошаны маэстра і нават не студэнт — яе чамусьці далі тутэйшаму чарговаму дырыгенту Аляксандраву, чалавеку ўжо немаладому дый нездароваму. Менавіта ён пачаў ставіць «Дона Джавані», каб дырэктар і галоўны маглі адрапартаваць, на што тэатр траціць грошы. Увогуле, гэта было выключэннем з агульнага правіла, бо галоўны нікога з чарговых дырыгентаў да пастановак не падпускаў. Але тут, відаць, сапраўды, што называецца, прыпёрла.
І вось маэстра Аляксандраў раптоўна памёр у канцы красавіка, не паспеўшы амаль нічога зрабіць з гэтым новым спектаклем.
«Дона Джавані» ўсё ж бачылі не ў якасці аднадзёнкі, дый у міністэрстве дужа цікавіліся, куды падзеліся гранты на пастаноўку. Каб жа гаворка ішла толькі пра немаведама куды падзетыя грошы аднаго толькі Міністэрства культуры: усе мы рускія людзі, сказаў бы дырэктар, не выйшаў спектакль — зробім канцэрт з твораў Моцарта. Але тут яшчэ падвязалася нейкая еўрапейская фундацыя з горада-пабраціма N. І вось гэтая фундацыя вельмі хацела бачыць менавіта спектакль і да канца юбілейнага года. Дырэктара выклікалі на размову ў Маскву. Увесь травень і чэрвень шукалі новага дырыгента на пастаноўку, бо выпусціць «Дона Джавані» стала пытаннем жыцця і смерці.
Грошы на запрашэнне пастаноўшчыка інвеставалі ў мэблю для дырэктарскага кабінета і, відаць, у рамонт яго загараднага дамка. Таму вырашылі карыстацца, так бы мовіць, уласнымі рэсурсамі. Галоўны дырыгент, два чарговых і стажор Вася з мясцовай кансервы, пляменнік галоўнага. Маэстра галоўны спецыялізаваўся выключна на рускай музыцы і ўвесь хварэў «Хаваншчынай», якую думаў выпускаць увосень, хай сабе ў канцэртным выкананні. Займацца Моцартам, лічыў ён, несур'ёзна: не той маштаб. Другі дырыгент, маэстра Каршакоў, спаслаўся на тую самую тэатральную легенду і раптам зрабіўся страшэнна хворым. Стажор Вася пакуль што дэманстраваў творчую разгубленасць і здольны быў сумленна махаць хіба што дзіцячыя ранішнікі.
Заставаўся адзін Грынкевіч, якому ўжо гарантавалі звальненне. У жніўні ён паціху разносіў кніжкі па букіністах і бібліятэках, раздорваў дыскі сябрам, каб не перці лішняга за сабой у Маскву. Ён паспеў сабраць людзей у свой аркестр, знайшоў у Маскве спонсараў і нават базу для рэпетыцый. Ён гатовы быў пэўны час перабівацца выпадковымі заробкамі. Але ў Ананкэ былі на яго іншыя планы.
Недзе ў сярэдзіне жніўня яму патэлефанаваў дырэктар і вельмі папрасіў прыйсці. У памазлівага ката смятанка была не толькі на вусах, а па ўсёй пысе, таму шэф быў ветлівым і нават лагодным, як гаючы бальсан. Запрасіў у свой кабінет, пасадзіў у той самы скураны фатэль з дарагога сталічнага салона. Дастаў з шафы каньяк, паставіў на стол попельніцу. І пачалася ў іх з Грынкевічам доўгая-доўгая размова пра культуру і мастацтва, пра Моцарта і гранты, пра скураныя фатэлі, эзатэрычны змест «Чарадзейнай флейты» і тэатральныя забабоны.