Грынкевіч тым часам медытаваў на мабільнік. Ён даслаў Ірыне некалькі СМС без асаблівай надзеі атрымаць адказ. Яна папярэджвала, што будзе іх нішчыць адразу пасля прачытання і не заўсёды будзе адпісваць. Калі яна вось так аддалялася, ён пачуваўся неспакойным. Перспектыва таго, што іх неасцярожная гісторыя можа раптоўна скончыцца, чамусьці пужала Грынкевіча. І ён не хацеў завяршэння, хоць і не бачыў магчымасці развіцця. Калі яна аддалялася, з ім здаралася нешта накшталт прыступаў пяшчоты. Яму проста хацелася ляжаць разам з ёй у ложку, моўчкі глядзець у яе твар, накручваць сабе на палец пасмачкі валасоў — ён любіў Ірыніны валасы. Ён гінуў ад аднаго дакранання да іх.
На пэўнай адлегласці Ірына падавалася іншай. Дзяўчом, якое яшчэ мала што ведае пра жыццё і мае патрэбу ў падтрымцы. Калі ж яны сустракаліся, Ірына хадзіла ў вобразе ўпэўненай дзяўчыны, якая дакладна ведае, чаго хоча, і бясспынна ідзе да сваіх мэтаў. Праз ложак бізнэсмэна Собалева. Праз скандалы, якія закатвае Собаліха. Праз чуткі і плёткі, якія чапляюцца да Ірыны ў тэатры. Яе ненавідзяць, бо яна ў дваццаць тры гады ўжо салістка оперы. Бо яна прыгожая, як з карцінкі. Бо яна дорага апранутая. Бо яна ніколі не памыляецца.
З ім Ірына бывае сапраўднай. «Ты распранаеш мяне ва ўсіх сэнсах», — аднойчы прызналася яна. І яму ўвесь час хацелася агаліць ейную душу — якраз у тыя моманты, калі яна была побач і наўмысна захутвалася.
— Табе прозвішча Іванова пра што-небудзь гаворыць?
Мішава пытанне прымусіла Грынкевіча нарэшце схаваць мабільнік і згадаць, дзе ён.
— Тое самае, што Пятрова ці Сідарава.
— Дык вось, мне сакратарка Любачка сказала пад сакрэтам, што шэф некалькі дзён запар размаўляе па тэлефоне з нейкай Ланай Івановай. Быццам яна да нас прыедзе «Дона Джавані» ставіць. Праўда, у яе яшчэ ў Маскве нейкая праца паралельна, таму будзе ездзіць туды-сюды. Пастановачны працэс быццам бы на пару месяцаў дакладна расцягнуць.
— Вось якія справы! А мне ён сёння нічога не сказаў. А я пытаўся, — прамовіў Грынкевіч, ліхаманкава спрабуючы згадаць, ці чуў ён штосьці пра нейкую рэжысёрку з эксклюзіўным прозвішчам Іванова.
— Што за яна — невядома. Сама з Масквы, быццам былая вакалістка.
— Ве-е-льмі адмысловая прыкмета. Усе оперныя рэжысёры — былыя вакалісты. Знайшоў чым здзівіць.
Грынкевіч закурыў і стаў нецярпліва стрэсваць попел. Яшчэ адна пастка. Яго будзе есці галоўны — гэта зразумела. Але калі «Дон Джавані» выйдзе з перакошанай сцэнічнай часткай. Чарговая бландынка (ці сіняя панчоха, — якая ўвогуле розніца?) будзе займацца рэжысурай і вучыць яго слушнаму разуменню музыкі. Дый увогуле, што за праца такая, з матляннем туды-сюды з горада ў горад, з тэатра ў тэатр? Ён штодня будзе бачыць Ірыну, будзе слухаць ейны голас, будзе шалёна яе жадаць і шалець ад жадання. А яна будзе з'язджаць з рэпетыцый і спектакляў разам са сваім алігархам. І нічога з усім гэтым не зробіш.
— А вось скажы шчыра, што ў цябе з Іркай Рогавай?
Ад нечаканасці Грынкевіч зрабіў такую глыбокую зацяжку, што ледзь не задыхнуўся, не раўнуючы курэц-пачатковец. Вось ужо гэты тэатр — лес чуе, а поле бачыць.
— Нічога.
— Ой маніш. — замуркатаў Міша і гукнуў афіцыянта, каб замовіць яшчэ піва. — Каб ты такую дзеўку ды прапусціў.
Стала зразумела, што Міша не мае ніякіх доказаў, таму любое вінавачанне можна разваліць. Грынкевіч супакоіўся.
— Усіх не пакаштуеш, — суха адказаў ён і таксама замовіў яшчэ піва. Затым для пэўнасці дадаў:
— Мне раней было цікава ўсё на свеце, а цяпер, відаць, супакойваюся.
— А з Танькай ужо зусім завязаў?
— Яшчэ з зімы. Ды ну, годзе. Яна сама добра разумее, што жыць са мной не айс, я ёй хіба дзеля здароўя. І потым, у яе двое дзяцей і яна ўсё яшчэ пра мужа згадвае. Гэта пры тым, што ён трахаўся раз на месяц дый тое кепска.
Тым часам на мабільнік прыйшла СМС. Але не з Ірынінага нумара. «Сумую па кожнай пражылцы твайго. » І зразумела, гэтай СМС Грынкевіч проста не меў права не падзяліцца з Мішам — мужчынская салідарнасць гэтага патрабавала. Той зарохкаў ад задавальнення і запытаўся, што за цуд. Грынкевіч парыўся ў сваім тэлефоне і знайшоў там два здымкі аўтаркі паведамлення. Здымкі былі цалкам цэнзурныя, нават цнатлівыя, але ж вядзьмарскі позірк выдаваў сапраўдную натуру дзяўчыны.
— Ух ты, якая дзевачка! Ды яшчэ і рудавалоска. Натуральная. — Міша ажно засапеў. — Дзе знайшоў?