Уладзя ціскануў плячыма, вінавата ўзяўся тлумачыць:
— Ну. Вось камень стукнуўся аб камень — абодва нагрэліся. Пстрыкні кабылу па носе — яна махне хвастом. А чалавек. Калі яму баліць, ён жа неабавязкова крычыць? Калі радуецца — не шукае магчымасць адразу заплаціць некаму за гэту радасць.
— І калі кахае, зусім не чакае зваротнага пачуцця ад прадмета сваёй закаханасці. — дапоўніў Юрась, тролячы Уладзю.
— І не чакае! — насупіўся той.
— А чаго чакаць ад лялькі хоць нейкай рэакцыі? — уздыхнуў я скрушна. — У лялькі галава парожняя, сам бачыў.
— А пад сукеначкай ёсць трусікі, ды пад трусікамі няма піські, — працягнуў Юрась.
Уладзя адвярнуўся, мы крочылі далей у маўчанні, якое праз хвіліну парушыла Ядвіся:
— А вы злыя. Не, вы — бязлітасныя.
— А ты? — зазлаваў нечакана я. — Нам Уладзю шкада, але ж паспрабуй патлумач яму, што Віялета ніякая не самая асаблівая з усіх асаблівых.
— Вам гэтага не зразумець, — з заўсёдным пачуццём перавагі ганарліва заўважыў Уладзя. — Вось закахаецеся самі, дойдзе...
— О, якія ў вас дарослыя жарсці, — усміхнулася Ядвіся. — Кахай, Уладзіслаў, нікога не слухай. Сам некалі ўсё пабачыш, тады будзеш мець досвед.
— Што пабачу? — насцярожыўся Уладзя.
— Тое, што бачаць, калі расплюшчваюцца вочы, — адказала яна. — Гэта і ёсць тое месца, дзе мы будзем праядаць заробленыя матэматычным геніем грошы?
Мы падышлі да кавярні.
— Тое, — пацвердзіў Юрась.
— Блізка ад мяне.
— Выдатна, будзем прыходзіць вечарамі. Вось яшчэ пару кантрольных зраблю — будзе і на піва.
— Не п'ю піва, — паморшчылася Ядвіся. — І вам не раю. Рэдкая брыдота.
— А шампанскае?
— Хіба сёння Новы год? І яшчэ дзень, далёка да поўначы.
— Затое не будзе тлумна, хадзем.
У кавярні насамрэч амаль нікога не было. Мы селі за стол, Юрась пайшоў замаўляць піцу. Вярнуўся з бутэлькай колы і шклянкамі.