— Мабыць, тут па вечарах бывае ўтульна, — агледзелася вакол Ядвіся.
— Намёк зразумелі, кавалеры?
Юрась быў ва ўдары. Трымаўся нязмушана, жартаваў, расказваў пра настаўнікаў, школу. Я міжволі адчуў зайздрасць. Такога раней не было. Я ўспрымаў раней Юрася як свайго сябра, прымаў яго перавагу над сабой як дадзенасць, не бачыў у гэтым нічога зневажальнага і ганебнага для сябе, ды вось цяпер, пры Ядвісі, я ўпершыню паглядзеў на нас траіх бы збоку. І пабачыў, што я — ніхто і ніякі. Мае сябры... Пра Юрася казаць няварта. Уладзя — вунь які разумнік, на кожнае пытанне ведае адказ. Няхай і зачараваны, як кажуць дзяўчаты. Яны — цікавыя. А я? Існую адно для таго, каб быць фонам, падкрэсліваць адметнасці Юрася і Уладзі?
— А дзе ты раней вучылася? Чаму перайшла да нас? — спытаў я Ядвісю пра самае банальнае, але каб хоць неяк нагадаць пра сябе.
— Ведаеш, Кір, — нечакана сур'ёзна задумалася яна і зірнула мне ў вочы. — Людзі так шмат задаюць пытанняў, адказы на якія нічога не значаць ні для іх, ні для таго, хто адказвае. Пустыя пытанні. Ты выбачай, але нешта можа змяніцца, калі я вам зараз скажу, што вучылася недзе там, а перайшла, бо мы. Бо мы купілі новую кватэру?
Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я чытаў там зусім іншае. Яна нешта хавала, безумоўна. Чаму на донцы зрэнак — сумны водсвет?
— Ну, выбачай. Здаецца, так прынята пытацца, вось і я.
— Нічога страшнага, — яна ўсміхнулася.
— А ты хто ўвогуле? — вырвалася ў мяне раптам пытанне, і мне зрабілася лёгка — я, аказваецца, даўно хацеў спытаць вось так, у лоб, што называецца. Чаму? Таму што хацеў.
— Я? — Ядвіся задумалася на імгненне, паглядзела міма нас на вялікі экран, дзе мільгацела расійская папса. — А што ты хочаш пачуць у адказ?
— Ды не ведаю, — пацепнуў я плячыма. — Ну, мы пра сябе табе расказалі. Юрась — сама зразумела, хто. Уладзя — эрудыт найлепшы, праўда, безнадзейна закаханы.
— Што не перашкаджае мне жыць, — уставіў Уладзя, а я здзіўлена лыпнуў вачыма:
— Слухай, Ядвіся, ты нешта зрабіла з нашым Уладзем — ён жа зусім страх згубіў, так вольна размаўляе .
— Бо я — ведзьма, — проста адказала Ядвіся.
— Сапраўдная? — невядома чаму ўзрадаваўся Уладзя.
Яна не паспела адказаць — прынеслі піцу.
— Найсапраўднейшая, — пасля нядоўгага маўчання Ядвіся вырашыла працягнуць тэму.
— А што можаш? — заспяшаўся Уладзя.
— Падманваць, — безапеляцыйна абвясціў Юрась.
— Магу і падманваць, — усміхнулася Ядвіся.
— А яшчэ? — не адчапляўся Уладзя.
— А што ты хочаш? — як пра нешта самае звычайнае запыталася Ядвіся, і тут я ёй паверыў. Паверыў, што яна — нешта можа.