Папоркаўшыся ў валізе, Мішка дастае даўжэзную жычку, якія дзеўкі заплятаюць у косы, і грымлівую бляшанку манпасье.
- Ну, што новага? - выдыхае Мішка, калі мы парукаліся.
Я крыўлю твар, маўляў, якія тут, у вёсцы, могуць быць навіны, і ў сваю чаргу пытаюся:
- А сабе што-небудзь прывёз?
Ні слова не кажучы, з прытоенай усмешкай на твары Мішка, запускае руку ў кішэнь палатняных портак і выцягвае адтуль колькі вялізных таблецін.
- Што гэта? - пытаюся, узяўшы з падстаўленай далоні адну з іх.
- Сухі спірт, - кажа Мішка прытоеным голасам, а калі я меруся лізнуць таблеціну, хапае мяне за руку.
- Э-ээ... атруцішся.
3а спінамі нашымі аглушальна гарлае гусак Авадзіхі. Цётка выпусціла яго з каша, і гусак, распасцёршы крылы, валюхаста ідзе па вуліцы. Узрадаваўся, відаць, што вярнуўся дахаты.
- А каб цябе, гергуна, парвала, - бубніць Авадзіха, паспяваючы за гадунцом. Цётка, відавочна, незадаволена, што не ўдалося прадаць гусака.
Мы сыходзім убок, даўшы дарогу Авадзісе і яе гергуну.
- Дзе ўзяў? - я падкідваю таблеціну на далоні.
- Стрыечны брат з хімкабінета скраў.
- 3 якога кабінета?
- Ну са школьнага. Ён у Неўлі вучыцца. У дзявяты клас перайшоў.
- А што яшчэ прывёз?
Мішка, адставіўшы калена, зноў лезе ў валізу і выцягвае скрутак папяроснай паперы.
- А гэта ты бачыў?
Я паныла гляджу на скрутак.
- Вось дзіва! Думаў, ты мадэль самалёта прывязеш, ці яшчэ чаго цікавага...
- Больш, цікавага, чым гэтыя рэчы, і прыдумаць цяжка, - перабівае мяне сябар. - Вось пабачыш, хутка пра нашу вёску ў газетах напішуць. Магчыма, нават карэспандэнты з навукоўцамі прыедуць. Паселяцца ў хатах - будзем ім... гэтыя... як іх... інтэрв’ю даваць, і па тры рублі з носа за пастой дзерці.
Я з недаверам гляджу на Мішку і пасміхаюся. Сябар вялікі прыдумшчык. Дня не праходзіць каб ім не авалодала нейкая ідэя. Летась надумаўся выразаць з кансервавай бляшанкі круцёлку з лопасцямі і пускаць з дапамогаю шпулі. У выніку рассек брыво, ды так, што зашываць у Азярышча вазілі. І дагэтуль ліловы пісяг бачны. Пад Новы год з сіласнай вежы скакаў, у Лёшкі Гнядых з ваеннага гарадка плашч-палатку пазычыўшы. Казаў, што гэта плашч-парашут. Добра яшчэ, што зіма была, у сумёт прызямліўся. А так бы і нагу мог зламаць. А надоечы, іржавых патронаў назбіраўшы, стаў з іх порах ссыпаць ды выбух-пакет рабіць. Ну, той пакет і выбухнуў. Увесь твар небараку пасекла. І веі з брывамі згарэлі. І вось цяпер штосьці новае прыдумаў. Ды такое, што з усёй краіны павінны карэспандэнты з навукоўцамі зляцецца.