Вінцэсь Мудроў - Марсіяне над вёскай стр 3.

Шрифт
Фон

- Ну, распавядай, што ты там надумаў, - кажу Мішку, не зганяючы з твару іранічнай усмешкі.

- А вось і не скажу. Пасмейваешся. За дурня мяне прымаеш.

- Ну Мі-іш, - гамзаю з Нюрчынай інтанацыя, і сябар прымірэнча выдыхае:

- Заўтра распавяду. Бачыш, маці ўжо чакае.

Наперадзе, ля весніц, сапраўды стаяла Мішкава маці і махала рукой.

Паўночы круціўся на калючай пасцелі - сплю на гарышчы, забітым сяголетнім сенам, - разважаючы: што гэта такое Мішка. надумаў, і як можна з дапамогай сухога спірту і папяроснай паперы ўчыніць вэрхал з прыездам навукоўцаў і карэспандэнтаў? Можа, хоча зрабіць з паперы летавец ды запусціць над вёскай? Але што тут дзіўнага? Вунь, у ваенным гарадку, які месціцца непадалёку, увесь час летаўцы пускаюць - з намаляванымі пысамі, з даўгімі хвастамі, і нікога гэта асабліва не цікавіць. Змучаны такімі развагамі, я заснуў пад самую раніцу, а прадзёршы вочы, нават не паснедаўшы, пабег да сябра.

Мішка сядзеў на лаве каля хаты і еў булку, густа намазаную павідлам.

- Пачакай, - каротка мовіў Мішка, пабачыўшы мяне, падаўся ў хату і неўзабаве выбег з вялікім кавалкам булкі са шчодрым слоем павідла.

- На, падмацуйся. 3 Неўля прывёз.

Пачастунак страшэнна смакуе. У наш сельмаг такіх булак не завозяць. Ды і такога павідла не прадаюць.

- Галоўнае... каб Нюрка... нічога... не бачыла, - няўцямна, з набітым ро­там, прамаўляе сябар і, праглынуўшы смакошу, з трывогаю ў вачах пазірае на бокі. - Так што ідзем зараз да цябе, а я ўсё што трэба з сабой вазьму.

З’ядаем яшчэ па адным кавалку, запіваем калодзежнай вадой, і рушым да мяне. Мішка прыхапіў з хаты торбу, але што ў ёй - мне невядома, і гэта яшчэ больш распаляе цікаўнасць.

Маці такім часам на ферме, так што ніхто нічога не ўбачыць. Аднак на выпадак, калі прыбяжыць Нюрка, зачыняю дзверы на завалу. Пакуль завіхаўся з дзвярамі, Мішка скруціў з тонкага трансфарматарнага дроціка абадок і перавязваў яго ўпоперак суворай ніткай. Потым перавязаў яшчэ раз - так, што пасярэдзіне ўтварыўся крыж.

- Ведаеш, што гэта? - Мішка. махае перад маім носам нейкай белай пласцінкай. - Азбест! Братан з хімкабінета спёр.

Сябар прывязвае пласцінку да сярэдзіны крыжа, махае абадком у паветры.

- Усё, палова справы зроблена. Але застаецца самае складанае, - заклапочана мармыча сябрук.

Я сачу за Мішкавымі завіханнямі і дагэтуль не магу дапяць: якім чынам кавалак азбесціны можа зацікавіць навукоўцаў ды карэспандэнтаў.

- У Неўлі купіў, на апошнія капейкі, - у руках Мішкавых прадаўгаваты цюбік. - Ацэтатны клей. Усё склейвае.

Сябар заклапочана азіраецца.

- Цягні нажніцы. Будзем з паперы мех рабіць.

Цэлых паўгадзіны сябрук поўзае па падлозе, кроячы палосы папяроснай паперы, потым склейвае з тых палос вялізны мяшок, а я яму, як магу, дапамагаю. Урэшце мех, даволі нехлямяжы з выгляду і спрэс у латках - пакуль склейвалі, падзерлі паперу ў некалькіх мясцінах, - быў гатовы, і Мішка з павольнай урачыстасцю прыклеіў да таго месца, дзе завязваюць мяхі, абадок з азбеставай пласцінай.

Цяпер мне зразумела: сябрук хоча запусціць летаўца. Але ж надта кволую паперу падабраў для такой мэты.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора