Вінцэсь Мудроў - Помнік літары «Ў»

Шрифт
Фон

Вінцэсь Мудроў

Помнік літары «Ў»

© Мудроў В. Л., 2018

© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018

Жарсці на аграсядзібе, альбо ці лёгка засекчы пеўня

I

У аўторак, ад самай раніцы, Сцяпану Гайцюкову патэлефанавалі і папрасілі неадкладна зайсці да старшыні райвыканкаму. І хаця ў Сцяпана, гаспадара турыстычнай аграсядзібы, усё наўкол было «схоплена», а начальнік раённай міліцыі быў ягоным асабістым сябрам, усё адно дзесьці пад сэрцам нарадзілася трывога. Ды яно і зразумела: на мінулым тыдні яму завезлі на сядзібу сорак бетонных слупоў, якія ў паперах значыліся як спісаныя, а насамрэч былі скрадзены з нейкай будоўлі.

І вось, блізу абеду, Сцяпан увайшоў у прымальню старшыні, сакратарка адразу ж разнасцежыла масіўныя, з пазалочанымі ручкамі, дзверы, і гэта ўжо дарэшты ўстрывожыла душу.

Старшыня, Спартак Іванавіч Марусіч, працаваў на сваёй пасадзе другі год. Прыслалі яго аднекуль з Магілёўшчыны, і напачатку ён сядзеў у сваім кабінеце невылазна, нібыта ў крэсла ўмураваны, але апошнім часам стаў гойсаць па раёне і наводзіць парадак. І першае, што зрабіў, перавёў ў простыя інжынеры загадчыка аддзела капітальнага будаўніцтва выканкама. А цяпер, па чутках, збіраўся ўшчыльную заняцца ўладальнікамі аграсядзібаў.

Кіраўнік раённай «вертыкалі» сядзеў за сталом і размашыста падпісваў нейкія паперы. Нарэшце ўзняў вочы, акінуў наведніка дапытлівым позіркам, нібыта спрабуючы даўмецца чаго ён тут таўчэцца, і толькі тады кіўком галавы паказаў на крэсла.

 Ты беларускую мову ведаеш? знянацку запытаўся Марусіч і пытаннем такім канчаткова збянтэжыў наведніка.

 Вучыў калісьці у школе, прамармытаў Сцяпан і яшчэ больш насцярожыўся: ад беларускай мовы нічога добрага чакаць не даводзілася.

 Усе мы калісьці штосьці вучылі, гаспадар кабінета закінуў на патыліцу пасму рудых валасоў. Карацей, сітуацыя такая, у голасе старшынёўскім загучалі ноткі заклапочанасці і нават лёгкай трывогі, да нас едзе місі-іс Марусіч адгарнуў старонку настольнага календара, падслепавата прымружыўся, місіс Каліста Маер-Бянькофф. Не простая, скажу табе, госця: з дзвюма «ф» пры канцы прозвішча і з некалькімі мільёнамі на банкаўскім рахунку.

Зразумеўшы, пра што гаворка, Сцяпан перавёў дых, адкінуўся на прыслон дыхтоўнага крэсла.

 Спартак Іванавіч, дык у мяне ж звычайная, гонтай крытая хата. Куды ў такую халупу заморскую мільянерку сяліць. Вунь, у іншых двухпавярховыя сядзібы, аўстрыйскі фаянс..

 Ты не зусім разумееш сітуацыю, перарваў Спартак Іванавіч і зноўку, цяпер ужо ліхаманкавым рухам, перагарнуў настольны каляндар. Мільянерка родам з нашых мясцін і прагне панурыцца ў часіны дзяцінства. Так што ніякіх еўрарамонтаў, ніякіх сілікатаў-ламінатаў. Я тут з дырэктарам музея дамовіўся. Прывязуць табе кросны, маслабойку, лапату, яшчэ якога антыкварнага начыння

 Якую лапату? з панічнай інтанацыяй перапытаў наведнік.

 Якой бабы каравай у печ садзяць. Трэба будзе, да ўсяго, і хлеб спячы.

Пачуўшы такое, Сцяпан заклапочана кашлянуў.

 Ці не зашмат турботы будзе з той госцяй. Дый караваі ў нас ужо сто гадоў ніхто не пёк

 Нічога, знойдзеш якую бабулю Пагатоў, прыезд гэтай як яе з дзвюма «ф» знаходзіцца на кантролі аблвыканкама. Уцяміў?

Сцяпан ізноўку кашлянуў, цяпер ужо з пакутай.

 Ну не ўздыхай ужо так, гаспадар кабінета чарговым разам скасіў вока на каляндар. Ты, дарэчы, колькі маеш з чалавека?

 Дзесьці дванаццаць даляраў у суткі, з неахвотаю адказаў Сцяпан, напусціўшы на твар устурбавана-заклапочаную гімору.

 А тут атрымаеш у дзесяць разоў больш. І прыедзе яна не адна, а з унучкай. Так што падлічы сутачныя прыбыткі і рыхтуй аграсядзібу для сустрэчы дарагіх гасцей.

Падрахаваўшы ў галаве прыбыткі, наведнік прыкметна пажвавеў, памкнуўся ўзняцца з крэсла, але Марусіч паўтарыў пытанне, на якое дагэтуль не пачуў адказу:

 Дык як у цябе з беларускай мовай?

Спартак Іванавіч зірнуў на Сцяпана з прытоенай усмешкай, ледзь прыкметна варушачы верхняй, кепска паголенай губой.

Хвіліну Сцяпан няўцямна лыпаў вачыма, дзівячыся на якую халеру здалася старшыні тая мова, і Марусіч з вохканнем падняўся на ногі.

 Амерыканка ж, кажу, з нашых мясцінаў. А яны там усе, хто за акіян падаўся, нацыяналісты. Толькі па-беларуску і шпрэхаюць. Так што прыйшла ўказіўка з вобласці арганізаваць прыём на матчынай мове, каб на яе ліха Трэба будзе нейкую культурную праграму задзейнічаць, па раёне правесці, паказаць тое-сёе Карацей, ёсць у цябе знаёмыя, якія добра мовай валодаюць?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3