— Так, падабаецца… Ды і ружы былі на дзённіку. Урэшце, гэта не галоўнае...
Назаўтра раніцай па дарозе ў школу Лёшка расказваў свой план вяртання дзённіка.
Ім трэба было атрымаць ключ ад настаўніцкай. Але проста скрадаць яго з пакоя тэхнічак было нельга — скарыстаць ключ адразу мо б і не ўдалося, а яго маглі хапіцца. Таму трэба зрабіць дублікат. А напачатку атрымаць адбітак. Для гэтага Лёшка ў малодшай сястры пазычаў кавалак пластыліну.
— Робім адбітак, заліваем яго гіпсам, — тлумачыў Лёшка. — Атрымліваем гіпсавы ключ. Далей бяром загатоўку ключа, ставім у ціскі. Паўгадзіны напільнікам пашкрабаў — ключ гатовы.
На ўрок біялогіі, які быў другім, не пайшлі абое. Схаваліся ў гардэробе між радоў вешалак. Пачакалі хвілін дзесяць, пакуль школьны калідор не апусцеў. Потым Косця рушыў да фантанчыка у канцы калідора, з якога вучні пілі ваду. Каб ваду не разлівалі, рэгулятар фантанчыка меў абмежавальнік — тоўсты цвік. Крутнуць рэгулятар так, каб сагнуць цвік, у Косці сілаў хапіла. Струмень вады ударыў ці не пад столь і стаў падаць на падлогу.
Косця кінуўся ў гардэроб.
Пакойчык тэхнічак знаходзіўся ў другім канцы калідора. Трэба было пачакаць, пакуль тэхнічка, цётка Нюра, не пачуе плёск вады.
Прайшло хвіліны тры. Ужо і лужына добрая сабралася, а тэхнічка не ішла.
— Другі варыянт, — прашаптаў Лёшка.
Косця зноў пайшоў да фантанчыка, павярнуў спакойна рэгулятар і потым накіраваўся да пакоя тэхнічак.
— Цётка Нюра, там хтось вады наналіваў, — сказаў ён да тэхнічкі.
— А, Божа, толькі ж выцерла! — завохкала тая. — Многа?
— Ага, лужына, цэлая. — з жалем да тэхнічкі прагаварыў Косця, а сам крадком зірнуў на фанерны шчыток з убітымі ў яго цвічкамі, на якіх віселі ключы. На цвічку, пад якім было напісана "Настаўніцкая", ключ вісеў.
— Давайце, я дапамагу! — Косця забраў з рук тэхнічкі вядро.
Калі праходзілі каля гардэроба, Косця вымавіў умоўныя словы:
— Можа, кран сапсаваўся. Такое бывае…
Гэта азначала, што ў пакоі тэхнічак нікога няма, а ключ вісіць на месцы.
Косця дапамог цётцы Нюры сабраць з падлогі ваду, знаходзячыся увесць час між тэхнічкай і другім канцом калідора, каб нельга было выпадкова заўважыць каля пакойчыка тэхнічак Лёшку. Потым ён пайшоў нібыта на ўрок.
У туалеце яго ўжо чакаў Лёшка.
— Глядзі! Выдатны адбітак! — аж свяціўся ад захаплення сябар. — Адна хвіліна — і ўсе справы. Сёння пасля ўрокаў робім ключ у майстэрні. Я дагаваруся з Сямёнам Паўлавічам, у яго і загатоўкі ёсць.
— А заўтра вечарам забіраем дзённік! — узрушана выгукнуў Косця.
Хлопцы ледзь дачакаліся званка — так доўга цяпер цягнуўся час, калі ў іх з’явілася сапраўдная справа!