Вінцэсь Мудроў - Мутны Меконг стр 2.

Шрифт
Фон

Міша выпускае з роту струмень папяроснага дыму, - авіятар паліць выключна “Беламор”, - нецярплівай рукой разлівае рэшткі гарэлкі па чарках.

- Ды я ля тых збаноў нават фатаграфаваўся. Шкада, фоткі дома пакінуў.

Сябрук ізноў стукае мяне нагой. Гэта азначае: згадай яшчэ што-небудзь.

Напружваю памяць і прыгадваю назву лаоскага места: Паксэ.

- Прывезлі нас аднойчы ў Паксэ... - мармычу пасля цяжкога ўздыху, задзіраю, як той бусел, голаў, маракуючы, што б такое прыдумаць, і верталётчык да адчаю суворым голасам пытаецца:

- Ты быў у Паксэ?!

- Быў, Міша, быў... - падключаецца да размовы Алехна, і Міша мітусліва лезе ў кішэню.

Па гарэлку ідзе Аўтух. Балазе, далёка хадзіць не трэба - у доме насупраць жыве “спіртавоз”, тутэйшы бутлегер.

- Наш вертухал у Паксэ два разы абстралялі. Чатыры прабоіны ў хвасце, - Міша хмурыць лоб, але тут жа схамянаецца. - Ты, відаць, з тых, засакрэчаных, што ў шэрых плашчах хадзілі? - вертухальшчык прыпальвае чарговую беламорыну. - Аднойчы ў “Лансангу” сустрэўся з адным вашым. дарэчы, у “Лансангу” спыняўся? - мімаходзь пытаецца суразмоўца, і пакуль я разважаю - што б гэта магло быць, Міша з інтанацыяй абурэння працягвае: - Падыходжу, пытаюся па-расейску, а ён мне, сволач, штосьці па-французску шпрэхае.

Уваходныя дзверы з грукатам адчыняюцца і з паўзмроку выплываюць спачатку заціснутая ў руцэ пляшка, а потым усхваляваны Аўтуховы твар.

- Чулі?! Пад Кіевам атамны спадарожнік грымнуў!

- Адкуль грымнуў? - выдыхаем мы ўсе трое.

- Адкуль, адкуль. з арбіты, вядома. Бяру зараз пойла, а тут Гуцул увальваецца. Кажа, толькі што з домам размаўляў; уся сталіца савецкай Украіны на вушах стаіць. пажаркі гойсаюць, верталёты кружаць. - Аўтух прамаўляе ўсё гэта з нейкай вар’яцкай весялосцю.

Міша перахоплівае з Аўтуховых рук пляшку, іранічна крывеліцца.

- Ну, зваліўся спадарожнік... ну, падпаліў хмызняк... такой бяды. Падгоняць аэрадромныя вадамёты - вобмігам патушаць. Вунь, у нас на аэрадроме стаіць адзін такі, на базе цягача. Цыстэрна аб’ёмам 11 тысячаў літраў!

- А радыяцыя? - падае голас Алехна.

- А што радыяцыя... Па-першае, спадарожнік мусіць на 90 адсоткаў згарэць. Ну, а па-другое, для барацьбы з радыяцыяй ёсць адпаведныя сродкі. Кастрычніцкія парады бачылі? “На пляц, чаканячы крок, выходзяць войскі супрацьхімічнай абароны...”

- Гэта яны на парадах гарцуюць, а здарыцца што - хрэн каго знойдзеш, - не сунімаецца Алехна.

- А да таго ж, абшар рассейвання радыеактыўных рэчываў можа быць даволі вялікі, - нясмела гугнявіць Аўтух (кіяўлянін у свой час працаваў у газеце і часцяком прамаўляе газетнай мовай), - і рэкі могуць запаскудзіць.

- Ды ўсё гэта плёткі старой цёткі, - басавіта гаворыць Міша. - Гуцул з кім размаўляў? З жонкай? Знайшоў каго слухаць. Якая-небудзь адрына загарэлася, а ёй усясветная рэвалюцыя прымроілася... Далібог, дарма што п’яны, завяду зараз свой “жыгуль”, паеду ў аэрапорт і па спецсувязі са сваім лепшым сябрам пагаманю. Лёшка Мазур, паляшук. Мы з ім дзесяць гадоў на Паўночным флоце адбухалі. Зараз пад Кіевам жыве, на Мі-6 лётае, - Міша голасна крэкае, з безагляднай рашучасцю адкаркоўвае пляшку і нечакана засяроджваецца ды чухае бутэлечным рыльцам сівую скронь. - Хаця не. да яго зараз не датэлефануешся. Сядзіць дзе-небудзь на Дняпры, донкі закідвае. Заўзяты рабалоў. Аднойчы дваццацікілаграмовага ментуза выцягнуў.

- Бляха, які аэрадром! - ляпае у далоні Аўтух, ды так гучна, што мы падскокваем на крэслах. - Зараз усё высветлім!

Калега бяжыць у святліцу, і за сценкай ажывае транзістар: гучыць да болю знаёмая музычная застаўка. Мы сцішваемся, шыі нашыя выцягваюцца, веі не лыпаюць, і на бібісійнай хвалі, скрозь піск і радыёшум, прарываецца анонс галоўных навінаў: аварыя на капальні імя Засядзькі, падзенне коштаў на нафту, ушанаванне памяці кагадзе забітага шведскага прэм’ера Улафа Пальмё...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора