Ані не збянтэжаны такой акалічнасцю, ён палез у човен, дзе сядзела дзяўчына.
— Вы разбірайце, — растлумачыў ён бабам, — а я буду тут. Не каля мяса быць кацінаму паху... Ач ты, д'ябал, пра нож забыўся.
І зноў палез у човен. Наталя краем вока бачыла яго худую, налітую рухомай сілай постаць, шэрыя адчайныя вочы.
Юрка ўжо сядзеў на кукішках каля гарадскога хлопца, які другі год швэндаўся па Палессі з блакнотам.
Хлопец амаль любоўна казаў яму:
— Шыцікі цябе ведаюць, што ты за чалавек. Такі ўжо беларус тыповы — далей няма куды.
Губы Юркі склаліся ў іранічную ўсмешку.
— А што, гэта добра ці дрэнна?
— Па-мойму, нядрэнна... Здольны народ.
— У-у, — працягнуў Юрка, — выключна здольны народ...
Пакінуў хлопца, пералез у човен Наталі і кінуў перад ёй на лаўку серабрыстую вільготную рыбу.
— На вось, Наталечка.
— Нашто мне гэта?
— Кляпец. Няхай пакуль што ў вадзе паляжыць. А падвечар ён абсохне, і мы тады з табою дзіва пабачым.
— Ты што, думаеш, я так і буду з табою да вечара сядзець?
— Не з дзедам жа ж Бяскішкіным табе сядзець. Са мною весялей.
І зрабіў першыя надрэзы на лапах рысі.
Абое маўчалі. У вадзе нараджаліся, скакалі па зыбу і згасалі, каб зноў успыхнуць, залацістыя іскрачкі.
— Вы куды? — ціха спытаў ён.
— У Карпілавічы, — неахвотна адказала яна, — ды вось спазняемся.
— Ну так, — сказаў Юрка, — сёння ж вялікдзень. Не даплывеце раней, чым за суткі.
Памаўчаў трошкі: