І засаромелася.
Ежу прыкончылі. Даніла пайшоў. Юрка кончыў са скурай, скруціў яе і панёс у свой човен.
«І чаго пайшоў? — падумала яна. — Спакайней на месцы сядзець». І яшчэ падумала: «Нічога, зараз прыйдзе».
Потым адразу спахапілася.
«Чаго гэта я? Нашла аб чым шкадаваць! Прыйдзе — не прыйдзе».
Ён прыйшоў і зноў сеў ля яе ног. Зноў лётаў над плынямі пяшчотны і волкі ветрык, гуляў яго валасамі і махрамі яе хусткі.
Часам ён сціхаў і зноў вяртаўся слабымі ўздыхамі. І ў такт гэтым уздыхам нараджаліся ў вачах залатыя іскры. Мірыяды іскраў.
Блакітнае было ўверсе. Блакітнае было ўнізе.
Юрка прыхіліўся грудзьмі да яе нагі, і яна адчула, як моцна і пругка калоціцца ягонае сэрца. І зноў нешта перашкодзіла ёй адштурхнуць яго, не чуць гэтых удараў. Яна толькі варухнулася.
— Ты сядзі, — папрасіў ён, і ёй спадабалася, што ён быццам просіць у яе літасці — здаровы, смелы, а перад ёю такі слабы, што яна можа рабіць з ім што захоча.
Гэта ўсведамленне сваёй раптоўнай улады было небяспечным, але яна не ведала пра гэта. Бадай што гэта было і лепш.
Яна адчувала ўдары яго сэрца цэлы дзень. Гэты трывожны і пяшчотны стук паступова перапаўняў цеплынёй яе калені і рукі. А ён адчуваў, як мякка казычуць яго шыю махры квятчастай хусткі.
Урэшце яна пацягнула хустку вышэй, але адразу ёй стала шкада гэтых махроў, што сталі варушыцца дарэмна, і яна зноў апусціла хустку ніжэй. І ён усміхнуўся, зноў адчуўшы ласкавы дотык.
Чаўны плылі і плылі ў блакітным і залатым. Гэта лазурнае толькі часам перарывалася празрыстай сцяной затопленага лесу, — і зноў загаралася іскрамі. Сплюшчылі павекі, глыбокая цеплыня перапаўняла цела. Блакітнае і залатое, залатое і блакітнае.
Без канца. Без краю. Без мяжы.
Зрэдку ён мармытаў пад нос нейкія песні, таксама небывалыя, таксама сонна-трывожныя.
Дзень быў бязмежны. І бязмежным было падарожжа.
А калі пачаў спускацца лянівы надвячорак, стала яшчэ лепш.
Падсохла луска ў вынятага з вады кляпца.
Яны глядзелі і чакалі. І раптам у паўзмроку вочы кляпца загарэліся фіялетавым агнём. Гэта было так нечакана, што яна падалася наперад, і грудзі яе дакрануліся да галавы хлопца. Так усё і засталося.
А рыба сохнула. Луска на яе спіне стала цёмна-фіялетавай, збягаючы па баках да пяшчотна-сініх адценняў.
Здавалася нават, быццам водбліск гэтага слабага ззяння кладзецца на іхнія твары.