— А хіба мае яе воўк, які забраўся ў статак. Ты не маеш чэсці, бо не верыш ва ўласную сілу.
— Добра, сказаў хан, пачарнеўшы ад злосці. Чаму ты згаджаешся на смерць?
— Я ўсё жыццё рабіў не тое, што трэба, і хачу хоць смерцю саслужыць на карысць сваёй зямлі. Я моцна жадаю гэтага, а калі моцна жадаеш усё будзе па-твойму.
Хан пасміхнуўся, і ўсім здалося, што дзве чырвоныя змяі пачалі рухацца ў яго пад рэдкімі вусамі:
— Колькі людзей ты жадаеш палучыць за сваю скуру?
— Адпусці ўсіх.
— Ого, а ці не занадта гэта будзе дорага за дзіравую скураную торбу, якая зморшчылася ад год, як печаны яблык. Я дам табе дванаццаць душ.
Юсуфі разрагатаўся:
— О вялікая мерка ханскай шчодрасці. Можа, таму і адбываецца выхад хана на нараду ў час мышы, што ў яго мозак і душа мышы. Сорам!
А старац стаяў і думаў напружана, а потым адказаў:
— Хіба хто прадае, не патаргаваўшыся нат за шэлег, а тут жа справа йдзе не пра бэркавец мёду і не пра лашт збажыны, а пра жыццё людзей.
І сказаў хан Бату:
— Добра! Але я не гандляр на самаркандскім базары і слова маё ёсць апошняе слова. Хочаш, я падарую жыццё і волю столькім тваім землякам, сколькі іх памесціцца ў гэты твой "скіт". Гэта апошняе слова. …У скіт без прытвора.
— Дваццаць чалавек, сказаў Юсуфі і спахмурнеў. Праўду кажуць, што совесць хана не варта гнілога гарбуза.
— Трыццаць пяць, сказаў адзін цёмнік.
— Пяцьдзесят, прыбавіў на вока нейкі нукер.
Але болей ніхто не даў, бо ўсе бачылі, што нават паўсотні людзей скіт размясціць не здолее.
Хан нагадаў, каб нукеры адвялі старыка ў прытвар і паставілі над ім варту, але Юсуфі сказаў, пачырванеўшы:
— Я саромлюся за свой народ, хан, перад гэтымі балотнымі жыхарамі. Той, хто не давярае чэсці людзей сам не мае яе.
— Маўчы, п'янюга, раззлаваўся хан, але адазваў нукераў.
Падняўся стогн і плач: матары выштурхоўвалі наперад дзяцей, жаніхі імкнуліся выратаваць мілых нявест сваіх, дзеці старых сваіх бацькоў. Гэтак цягнулася да тых пор, пакуль нукеры ўдарамі сваіх карбачоў не сагналі іх усіх у адну чаргу.
Маса людская тронулася i папаўзла наперад пад лясканне бiзуноў адной вялiзнай змяёй. Стомленыя людзi спатыкалiся i падалi, iх паднiмалi i цягнулi з сабою.