Палявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі, - злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там - хто ведае - можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла - усё на зямлі.
Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:
- А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.
Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.
Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!
Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.
Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган.
- Што гэта ты робіш, чалавеча?
- Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.
- А потым?
- А потым павязу на сабе дадому. - Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.
- Што ж гэта ты так... забаўляешся? - іранічна спытаў Яноўскі.
Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:
- Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама... Па закону... Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі... Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.
- Хто гэта? - спытаў непаразумела Міхал.
- Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук... Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце... Каровін праснак!
Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.
І ён паехаў далей на сваёй шкапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.
Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры - нешта каля сотні, - агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя - цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.
Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д'яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.
- Куды едзеш, бацю? - спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.
- Прапусці, - замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі. - Я беларускі шляхціц.