Як звяргаюцца ідалы - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт
Фон

Алёнцы год і дзевяць месяцаў.

Але яна ўжо зусім вялікая дзяўчынка. Лічыць жа ж трэба не па ўзросту, а па тым, што ты паспеў зрабіць. А яна ўжо чалавек, таму што даўно навучылася прама хадзіць. І яшчэ навучылася так-сяк выказвацца, і сваякі, ва ўсякім разе, яе разумеюць.

І яшчэ адно, самае галоўнае: варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, — і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:

— І цеба.

Гэта азначае «не трэба». Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць.

У Алёнкі вялізныя, як сподкі, сінія вочы, ніжняя губка чапялою (адразу бачна, што характар будзе злёгку фанабэрысты і самастойны), тугое, як мячык, цельца і ножкі, якія цэлы дзень тупаюць па доме, садзе і гародзе.

Гэта тып дзіцёнка-шкодніка. І гэта вельмі добра, таму што менавіта з такіх атрымліваюцца потым вартыя чагосьці людзі.

У Алёны ёсць мама, прыгожая распаўнелая жанчына, бацька, які застаўся ў іх горадзе, каб лётаць на «малётах», дзед і бабуля, якія душы ў ёй не чуюць.

Акрамя таго, у яе ёсць яшчэ дзядзька, які зашмат думае над светавымі праблемамі.

Гэты дзядзька больш за ўсё любіць важдацца і няньчыцца з ёю і, адчуваючы на каленях яе цеплыню, шмат успамінае.

І тады твар яго робіцца змарнелым і пяшчотна сумным. А бабуля, пабачыўшы гэта, спяшаецца прайсці паўз яго, быццам не бачыць, і аб нечым размаўляе з дачкою, маткай Алёнкі. Часам маці Алёнкі не вытрымлівае і адбірае ў дзядзькі дачку.

— Чаго ты тут век з ёй сядзіш?

— Бо сваіх няма.

Дзед, дзядзькаў бацька, сядзіць пад бэзам у крэсле, і па яго абліччы прабягае цень. На яго тонкіх вуснах з'яўляецца гумарыстычная складка:

— А ты б зрабіў, як адзін сялянскі Рамэа: «Я за ёю ўпадаў, а яна на мяне і пляваць не хацела. Дык я ў царкву прыйшоў і ёй у кішэнь мёрзлых конскіх каўцюшкоў наклаў». Вы ж, цяперашнія, усе такія.

У Алёнкі ўжо ёсць усе задаткі будучай жанчыны.

Вось яна сядзіць на руках у мамы, а дзядзька цягне да яе рукі і варушыць пальцамі. Яна нерашуча адрывае ад мамы цельца і, выгнуўшы спіну, цягнецца да яго. І раптам — шырокая ўсмешка на твары, і дзіця зноў кідаецца на шыю маці, хаваецца. З-за пляча выглядае толькі гарэзлівае, круцельскае сіняе вока. Яно з радасцю назірае за выцягнутым абліччам дзядзькі.

І так без канца.

О Божа літасцівы, пакутаваць вам, мужчыны, ныня і прысна і давеку!..

Тупае яна па кветніку, а дзядзька сядзіць і думае. Шмат што прыпамінаецца яму. І галоўнае, вайна.

Дзядзька не без падставы лічыць, што людзі зямнога шара пакутуюць толькі з-за страху. З-за страху бяжыць у атаку каланіяльны салдат, з-за страху адрываюць з рота ў галоднага дзіцяці хлеб і нясуць яго на алтар бога, які ў гэтым зусім не жадзён.

Дзеля страху кленчаць, дзеля страху тысячы такіх вось дзяцей па ўсёй зямлі ператвараюцца ў ваўкоў і гадзюк.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора