Яе любілі ўсе.
Маленькая, танюткая, чымсьці падобная на дзяўчо ў свае васемнаццаць год, яна выклікала ў кожнага мужчыны, нават слабага, імкненне абараняць яе. Не было на свеце нічога больш падманнага за такое імкненне, таму што ў гэтым гнуткім целе жыў, у патэнцыі, мужны дух змагара і майстра. Кожны душазнаўца мог бы заўважыць у яе сэрцы будучыя якасці сапраўднай Жанчыны: імкненне кахаць і быць каханай, тонкі розум, рэдкую для кабет дасціпнасць, уменне адшукаць бліжэйшы і верны шлях да свайго шчасця.
Але ўсё гэта яшчэ драмала ў нетрах яе істоты, як невыразная праява таго, што павінна было прыйсці ў будучым. Бясхмарнасць і безабаронная яснасць заклікалі да кожнага аб убіранні каменняў з дарогі гэтага слабога кацяняці.
І мужчынам было прыемна гэта: адчуваць сябе лепшымі, моцнымі, справядлівымі і гожымі поруч з ёю.
Яна яшчэ не ведала навальніц. Гэта адразу можна было заўважыць па выразу шэрых вачэй, якія шырока і даверліва глядзелі на свет, па шчырай, трохі нястрыманай, хутчэй юнай, чым жаноцкай, усмешцы. Уся яна была суцэльнай адданасцю людзям, і душа яе раскрывалася насустрач кожнаму чалавеку з чаканнем аднаго толькі дабра.
Гэта было так відавочна, што нават кіраўнік харэаграфічнай студыі пры оперным тэатры, грубы, як буйвал, і тоўсты, як морж, Нісоўскі, народны артыст рэспублікі, імя якога яшчэ зусім нядаўна грымела па ўсёй Еўропе, склікаў аднойчы танцораў "мужэскага полу" і зрабіў ім "накачку", ён, які цэлымі днямі толькі і рабіў, што грукатаў лаянкай, як пузыр з гарохам.
Каб вы ў мяне ведалі, з кім маеце справу, фанфароны. Дзяўчына ўсім верыць, горнецца да ўсіх… Як сланечнік… і калі хто паспрабуе гэтую веру — галаву адкручу. Усё адно ў вас ногі разумнейшыя за гэты прыдатак… А вы чаго там усміхаецеся, Клявін? Я гэту вашу брыдкую прыказку ведаю: "Пажывём — пабачым". Дык вось, першы крок у гэтым напрамку будзе вашым апошнім крокам на маёй сцэне. Суцяшайце Лядоўскую, яна, пасля трэцяй пластычнай аперацыі, сустрэне гэта не без прыемнасці… І вам у сэнсе будучага будзе карысна.
І прыбавіў:
Мы павінны берагчы яе ілюзіі. Яна — талент.
А потым выбухнуў:
Чаго морду вароціце? Што я вас, не ведаю? Занадта ў вас бурхлівае, мякка выслоўліваючыся, віраванне гармонаў… Банда павіянаў, а не студыя.
Клявін пакрыўдзіўся. Пакрыўдзіліся і астатнія. Таму што ніхто і без слоў Нісоўскага не мог пакрыўдзіць "маленькую". Але Нісоўскі ў новай іпастасі быў такі незвычайны, што ўсе, аслупянеўшы, не выказалі нават позіркам сваёй крыўды.
Потым усе разышліся. Нісоўскі пайшоў у буфет і, седзячы за келіхам шампанскага, бурчаў свайму сабутэльніку:
Не ў тым справа, што такіх таленавітых, магчыма, з часоў Рамо не было… Справа ў тым, што яна так шчыра, так аддана глядзіць на свет… І гэта ў нашы часы… Нясцерпна!
А Клявін, цыбаты малады чалавек з вельмі прыгожымі нагамі і вельмі, пакуль што, вузкімі грудзьмі, Клявін, якога падазравалі ў тым, што ён вялікі "бабнік", пайшоў плакаць у камізэльку свайго сябра, скардзіцца на грубасць "таленавітага і разумнага" настаўніка. Потым ён накіраваўся да выхаду, сустрэўся ў калідоры з "маленькай" і сказаў ёй з дрыжаннем у голасе:
Бачыце, маленькая, вылаялі мяне за вас. Наш мегапатам думае, што як ён усім грубыя словы кажа, дык і мы можам грубасці вам казаць.
Потым ён раптоўна суцешыўся. Глыбока і перарывіста ўздыхнуў, прапанаваў:
Давайце, Ніна, я хоць чамаданчык вам да трамвая паднясу. А то вы нешта сёння бледнаватая. Стаміліся, відаць.
Ён ішоў поруч з ёю, цыбаты, няўклюдны, нягледзячы на ўсю танцорскую грацыю, і толькі тут стала ясна, што не такая ўжо яна маленькая — звычайны жаночы рост, што ўражанне мініяцюрнасці — ад кволай і пяшчотна-тонкай яе постаці.
На вуліцах Масквы дворнікі зграбалі ў люкі карычнева-брудны, падобны на расталую арэхавую халву, снег. З-пад гурбаў цяклі ручаіны, і сонца скакала ў іх, трапляючы часам вострым праменьчыкам у вочы прахожага і прымушаючы яго весела чхаць.
Вы любіце вясну, Віця? — спытала яна.
Вельмі, ён пачырванеў, яна мудрая… і легкаважная.