Цыганскі кароль - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч страница 4.

Шрифт
Фон

- Ад роду Яноўскіх... Дзядзечка, гэта я , ваш пляменнік, сын вашай траюраднай сястры.

- Гм... яе звалі, здаецца, Ганнай?

- Алёнай, вялікі кароль.

 - Так-так, ну да, ну да. Каралі павінны мець добрую памяць, гэта іх дабрачыннасць. Ганна, Алёна - усё адзіна. Чаго ты тут?

- Здарылася жахлівае, вялікі гаспадар. Падступны замах на маетнасць і шляхецкі гонар вашай сястры. Ведаю, што кароль дапаможа, і звяртаюся да вашай літасці.

Знамяроўскаму такая сітуацыя, здаецца, спадабалася.

 - Што ж здарылася?.. Э-э... мой малады і неабазнаны друг.

Яноўскі ўпаў на адно калена. З гарачым благаннем у голасе кінуў:

 - Сусед наш, Ваўчанецкі, нечакана напаў на наш маёнтак. Мы спалі, у нас было толькі тры гайдукі, не як у вашай літасці. Ён выгнаў нас.

Знамяроўскі пагардліва ўсміхнуўся:

- Чаго ж вы пайшлі?

- У нас не было сілы. Ён спаіў сяброў нашых, і яны не абаранілі нас. Калі нас выгналі, я ўдарыў нахабнага драпежніка нажом.

- Ого, - пажвавеў Знамяроўскі, - мая кроў! Пазнаю! Тыгра! Добра, што нажом, а не сумленнай шабляй. Чаго ж ты просіш?

Яноўскі вырашыў прасіць больш. Тады, можа, дадуць хоць частку.

 - Да ног прыпадаю сваяку, якім ганарымся! Да ног каралеўскай крыві! Прашу пакараць захопніка, вярнуць Яноўшчыну. Пасля мы ў братнім падначаленні вашым хочам быць.

Знамяроўскі пачухаў патыліцу, паглядзеў на прыгожага юнака з падвітымі валасамі і буркнуў:

- Добра. Каралі павінны дапамагаць сваякам. Клікну цыганскае рушэнне, і калі будзе маё жаданне, магчыма, і ашчасліўлю цябе, мой бедны, але мужны сваяк. Толькі маёнтак твой... Прыпішаш яго назву да маіх тытулаў. Пажыві, пакуль тое, месяц-другі.

- Дзядзечка, вялікі кароль, - пачаў маліць "пасол", - мае бедныя бацькі памруць з гора.

- Добра, - дрыжачым ад крыўды голасам сказаў Яноўскі.

Яму хацелася секануць шабляй гэтага вар'ята, але куды пойдзеш потым, што рабіць самотнаму і слабаму на гэтай грэшнай апалячанай беларускай зямлі?

А Знамяроўскі ўжо дабрадушна ўсміхнуўся:

 - Ну-ну. Можа, заўтра ў паход пойдзем, можа, годам пазней, а можа, і ўсё жыццё тут праседзіш, і я табе ў спадчыну каралеўства пакіну, бо я яшчэ ў дзяўкох. Мая свентая воля. Я - кароль. Хачу - плюю, хачу - голым шпацырую, вось, як цяпер.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора