Субяседнік Міхала выпіў яшчэ чарку гарэлкі і раптам спакойна сказаў:
- А вы ўпэўнены, што... душа ёсць?
- Ну вас, - спалохаўся Яноўскі, - гэтак і да кастра нядоўга.
- Нічога, у нас цяпер цывілізацыя, зацны пане. Не паляць, а вешаюць... Зразумейце, што нават пачуцці не сведчаць пра бессмяротнасць душы. Пачуццяў няма, усё ад току крыві. Кінецца яна ў галаву - чалавек адчувае гнеў, кінецца яшчэ куды - іншы вынік. Так што глупства ўсё! Чалавек менавіта такая самая худоба, як свіння, і адрозніваецца ад яе толькі здатнасцю размаўляць, складаць вершы ды яшчэ тым, што ён бывае горшы за самую горшую свінню.
Ён адклаў убок двухзубы відэлец.
- Вось і засудзілі мяне. А я не магу жыць без маёй зямлі, яна мне дарагая (яшчэ адно глупства чалавечай натуры). Тут я ў бяспецы, і тут іншая дзяржава. Пакіну яе межы - застаецца шыбеніца. А тут мяне абароняць.
- Знамяроўскі моцны чалавек?
- Чалавек не можа быць моцным. Але ён можа выставіць шэсцьсот коннікаў цыганскага рушэння, ды яшчэ ён лідскі шляхціц, у яго сябры. Тут ракою льецца гарэлка, і ўсе гэтыя п'янічкі за яго хоць у агонь. Ды яшчэ сяляне. Так што, калі хто ў гэтай мясцовасці кароль, дык гэта ён... Пракляты богам край вар'ятаў і ёлупаў.
Яноўскі быў згодны з медыкусам: свет звар'яцеў менавіта ў той самы дзень, калі загонавая шляхта Ваўчанецкага адабрала ў Міхала маёнтак. Таму ён адсунуў ад сябе місу, наліў у кубак піва і зручна сеў у глыбокае мяккае крэсла. Медыкус сеў у другое крэсла, побач, і закурыў люльку.
- Дарэчы, як прозвішча пана? - спытаў распешчаны Міхал. - Я быў такі непачцівы... Як вас завуць?
- Ніхто, - раўнадушна сказаў эскулап. - Мяне завуць "Ніхто".
Яноўскі, як выявілася, яшчэ не перастаў здзіўляцца:
- То бок...
- А нашто вам трэба ведаць гэта? Хіба не я сам поруч з вамі, хіба нельга мяне называць проста медыкус? Або, можа, вы лічыце, што імёны адпавядаюць сутнасці рэчы або чалавека, што іх носіць? Я ведаў магната Кішку, і ён зусім не быў падобны на кішку. Нават для прамой кішкі ён быў занадта тоўсты і брудны. Паўстанец Дубіна быў адзіным на свеце разумным беларусам у свой час. Леў Сапега хутчэй падобны на лісіцу, і я ніколі не бачыў ніводнага Язэпа, які мог бы насіць тытул "прыўкраснага". Называйце мяне проста медыкусам.
Ён ахутаўся хмарамі тытунёвага дыму, і нечакана з-пад цяжкіх павек бліснулі яго вочы. Сказаў нечакана проста і сумна:
- І нашто гэта каму ведаць, хто абараніў мяне, слабага ў свой час. Людзям не было справы да таго, як памерлі два самыя дарагія мне чалавекі, памерлі з голаду. А я стаяў тады ў клетцы ля муроў нясвіжскага палаца... Дзень, другі, трэці... І няхай яны здыхаюць цяпер, бо гэта я, чалавек, пра імя якога ніхто ніколі не даведаецца, першы на свеце ачысціў аднаму чалавеку мозг ад кавалкаў раструшчанай чарапной косці і наклаў на дзірку ў чэрапе лапік з залатой пласцінкі. І гэты чалавек застаўся жыць.
Яноўскі толькі тут пабачыў, што пляшка з гарэлкай амаль пустая. Медыкус быў відавочна п'яны: зрэнкі яго вачэй зрабіліся чорныя, вялікія і трапяталі, як у атручанага. І аднак Яноўскі не спудзіўся: медыкус валодаў сваім мозгам, і мова яго рабілася ўсё больш рэзкай.
- Не думайце, што я рабіў гэта і многае іншае для людзей. Я не шкадаваў іх, не адчуваў іхняга болю, і, відаць, таму мне ўсё ўдавалася, за што шкадаваць чалавека? Вось ён набудавў дзівосных палацаў, насаджаў дрэў, вырасціў паэтаў і дойлідаў. А заўтра знойдзецца вар'ят і пачне перапальваць на вапну статуі, разбураць палацы, паліць гарады. І паэта, якога абвясціў ерэтыкам, спальваюць, і з яго праху робяць клісцір сабаку зваёўніка, бо сабака нячыстая жывёліна, і ёй дапамагае клісцір з праху ерэтыка, як хрысціяніну - клісцір з мошчаў святога. Дзікуны і варвары заўжды такімі будуць па прычыне натуры сваёй... Мёртвае дрэва дае прытулак кузуркам, мёртвыя кветкі салодка вянуць, мёртвы чалавек - смярдзіць. Смярдзіць ён, праўда, і жывы...
- Даволі, - сказаў Яноўскі. - Я шляхціц, мне непрыстойна такое слухаць. Але ж вы таксама чалавек. І тыя, што будавалі, былі таксама людзі...
Абодва маўчалі. Потым, калі гэта стала нясцерпна, Міхал спытаў:
- Лепей скажыце мне, як гэта мой дзядзька стаў каралём цыганоў беларускай зямлі?
- Не толькі беларускай, - сказаў медыкус. - І Польшчы, і Літвы, і нават Украіны.