- Як жа ж гэта атрымалася?
- Вельмі проста. - Медыкус як быццам ачуняў ад ап'янення, бо выраз жаху знік у яго вачах і змяніўся галантнай і трошкі з'едлівай усмешачкай. - Прыблізна ў 1779 годзе Знамяроўскі быў звычайным дробным лідскім шляхціцам. Вы ведаеце, цяпер цяпер шляхціцу стаць багатым - гэта ўсё адно што дачакацца справядлівасці ад пана. Але са Знамяроўскім атрымалася так... У яго вёсачцы было не больш як сорак халуп, а на стайні стаялі дзве кабылы-свірэпы ды дрыкгант каралеўскі, якога вясной ражнамі на ногі ставілі. За лета коні трохі сыцелі, і, відаць, гэта было прычынай, што на іх паквапіўся нейкі цыганскі табар. Коней укралі. Тут Якуб выявіў сапраўдную адвагу. І не дзіва, іначай давялося б здыхаць з голаду, макам сесці і на месяц брахаць. Ён узяў двух сяброў, сеў на сялянскіх коней і пагнаўся за табарам. Дагналі яго ўночы. Іншы, можа, падумаў бы, а яны ўтрох напалі на цэлы табар, і пачалася бойка. Змялі мужчын, адсцябалі тых, хто супраціўляўся, адабралі ўсіх коней з табара і адлупцавалі ўсіх цыганоў, што ў гэты час там былі. З багатай здабычай рушылі яны дадому, а іх суправаджаў лямант абрабаваных. Нават пярыны цыганскія ўзялі для слуг. Паб'еш чалавека - ён пачынае цябе паважаць. Праз некалькі дзён з'яўляецца да Знамяроўскага дэлегацыя цыганоў Лідскага павета і просіць прыняць іх пад сваю высокую руку - за мужнасць. Пасля з'явіліся з Гародні, Трок, Вільні. Ён усіх літасціва прыняў. Нашто ім было патрэбна галаву торкаць у хамут? Яны не мелі права голасу ў сейме і палічылі, што такі моцны чалавек будзе іх там добра абараняць падчас сеймавых спрэчак. Словам, 17 жніўня 1780 года кароль Станіслаў-Аўгуст зацвердзіў шляхціца Якуба Знамяроўскага каралём над усімі цыганамі яго зямлі і даў яму адпаведны прывілей. Загадана мець цыганскую сталіцу ў Эйшышках, але Знамяроўскі не любіць там жыць. Да таго ж, загадай яму мець сталіцу ў раі, ён пабудуе яе ў пекле, бо не хоча падначальвацца нікому, нават каралю. І вось дзевяць год ён трымае пад моцнай уладай усіх цыганоў. Ён стаў багаты: кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, усё яго. Ён адбірае і больш, калі захоча. За гэта ён абараняе правы сваіх васалаў у сейме, чыніць там знешнюю палітыку сваёй вялікай дзяржавы.
- Якую? Што ён, войны вядзе, ці што? - здзівіўся Яноўскі.
- А чаму не. Збіраецца ж ён памагчы вам. Чым гэта не вайна? Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага пана бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства - вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы - знешняя палітыка...
- Не абражайце беларускай шляхты, - сказаў Яноўскі. - Яна - соль зямлі.
- Любы мой юнача, - мякка сказаў медыкус. - Я сам быў калісьці шляхціцам і дзякую богу, што я цяпер стаў проста чалавекам. Я добра бачу, што вы сніце пра згубленую веліч, якой у шляхты нашай ніколі не было. Быў вялікі наш народ. Ён быў такім пад Крутагор'ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набіраць сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Soaequdtio iurium - ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю - гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.
Яноўскі спалохаўся - такі злосны твар стаў у медыкуса. Вочы наліліся крывёй, вусны крывіліся. З невымоўна з'едлівым, гідлівым выразам на твары ён сказаў:
- А pisarz ziemskiego sady po polsku, a nie po rusku pisac powinien ledzie. Мова наша мілая, паўнагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітны! Куды мы яе кінулі, пад чые ногі мы яе затаўклі?
Яноўскі не знайшоў што сказаць.
А медыкус раптам як абмякнуў. Стомлена апусціў плечы:
- Я нічога не маю супруць палякаў. Нягоднікаў там не больш і не менш, як у іншых народаў. Але я нідзе не ведаю горшых паноў, чым там. З такой пагардай да мужыка, з такой насякомай зласлівасцю, з такім адчуваннем сваёй вышэйшасці. Яны і нас заразілі гэтым. І, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава коціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п'юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. І загінуць хутка. Ужо смярдзяць нават. Што ж, нам не будзе лепей ні пад цяжкім нямецкім задам, ні пад уладай дзяржаўнай шлюхі. Там дазволілі ссылаць сялян на катаргу і забаранілі ім скардзіцца на памешчыкаў. Там адсеклі галаву адзінаму сапраўднаму чалавеку нашага стагоддзя - Пугачову. Яму трэба было пасылаць людзей да нас і прасіць дапамогі. І я першы ўзяў бы вілы.
- Слухайце, - перабіў яго Яноўскі, - калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю.
- А чаго ад вас і чакаць, - спакойна і вельмі ціха сказаў стары, гледзячы на юнака дапытлівымі вачыма. - Ударыць старога, забыць рыцарства і сумленне, выдаць... Але я скажу вам, што гэта не атрымаецца. Бачыце?
І ён спакойна сагнуў кашчавай рукою срэбны талер, які дастаў з кішэні.
- Да таго ж, Знамяроўскі не памірае кожны месяц ад абжорства і гарэлкі толькі таму, што я мастак сваёй справы. Улічыце. Ён не аддаў мяне Радзівілу, а Яноўскаму не аддасць і пагатоў.
І раптам ласкава паклаў руку на Міхалава плячо:
- Хлопчык вы мой, мне, магчыма, нават радасна бачыць ваш запал і свежую кроў у жылах. Але вы, даруйце мне, вельмі яшчэ дурненькі. Вы сутыкнуліся з нашым правам сілы, вас выкінулі з уласнай хаты. Вось вы сутыкнецеся з уладай, з дэспатызмам паноў - і тады вы зразумееце мяне, калі сэрца ваша баліць за радзіму. Зразумейце, аснова ўсяму - мужык. А мы, як кажа Вальтэр, даём яму выбар: або тры тысячы палак, або тры кулі ў галаву.
- Хто гэта, Вальтэр? - змрочна спытаў Яноўскі.
- Адзін вельмі разумны француз. І няхай мне бог заб'е ў зад самы тоўсты малітоўнік з бібліятэкі Радзівіла, калі Вальтэраў пасеў не зарунее калісьці на зямлі. Можа, нават хутка. І тады нашы дурныя, як слуп, паны пойдуць на кажамякін шасток. Хрэнам ім сядзе ў горле сённяшняя гарэлка... Я вам дам пачытаць ягонага "Кандыда". Сам пераклаў.
І тут раптам заўсміхаліся. Лядок растаў. Яноўскі вырашыў нічога больш не казаць медыкусу. Непрыемна, вядома, што ён так лае ўсё дарагое яму, Яноўскаму, але рота яму не замажаш. Прынамсі, лае цікава...
Увечары іх паклікалі на гулянку ў "палац" Знамяроўскага. Адмовіцца было нельга, хоць Міхал вельмі стаміўся: па іх прыйшоў узброены гайдук, апрануты на польскі манер, у чыкчыры з вялікімі вызалачанымі гаплікамі і ў жоўтых паўбоціках. Доўгія валасы гайдука былі сабраны ў касу, а дзве невялічкія коскі звісалі на скронях, як яўрэйскія пэйсы.
- Бачыце, - іранічна сказаў медыкус, - вопратка нязручная, шыць яе цяжка. Таму выбіраюць ёлупа з добрай фігурай. І вось здаровы мужык, якому зямлю араць трэба, ходзіць скрозь, як індык, смярдзючка такая.