Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Цыганскі кароль стр 8.

Шрифт
Фон

 - Загадана адвесці паноў, - сказала "смярдзючка" густым басам.

 - Ну, пакажы ж ты мне свой шчыры беларускі нос, - ласкава сказаў медыкус. - Бачыце, Яноўскі, якая кірпа: за тры сажні курнай хатай тхне, а спытайце яго, што ён павінен рабіць.

Гайдук радасна выцягнуўся і затарабаніў:

 - За ксяндзом Геронімам Капуцынам сачыць, каб мёд, што пану варыў, не атруціў; хлопаў брудных карбачамі сцябаць за падступныя, значыцца, намеры; трымаць шаблю панскую. А таксама жыдоў, калі арэнды не заплацяць, біць і бахуроў іхніх браць на пана-караля, прымушаючы ў веру хрысціянскую пераходзіць.

 - А дзеці твае дзе?

 - Па літасці панскай у школцы вучацца.

 - На каго?

 - На па-ны!!! - гаркнуў гайдук, вырачыўшы вочы.

 - А да маткі ў вёску ходзіш?

Гайдук засаромеўся:

 - А чорт яе ведае, і дзе яна там жыве.

Медыкуса перасмыкнула:

 - Г... ты, братка.

 "Палац" ззяў агнямі і плошкамі. У зале было амаль пуста, стаялі толькі сталы, якія аж ламаліся ад страў, і простыя лавы. Больш тонкай мэблі тут не было ніколі. За сталамі сядзела ўжо дзесяткі два гасцей, а на канцы стала, бліжэй пад дзверы, загонавая шляхта. Сам Знамяроўскі сядзеў на ўзвышшы на крэсле з высокаю спінкай. Выглядаў па-ранейшаму, толькі нацягнуў на тоўстыя ногі аксамітныя порткі.

 - Спазніліся, - раўнуў кароль. - Час пачынаць.

Два гайдукі ўцягнулі з суседніх дзвярэй "мітрапаліта" з сенам у валасах і коса насунулі яму на галаву штосьці падобнае на мітру. Мітрапаліт завесіў галаву і ціха мыкаў, парываючыся нешта сказаць. Паюк, што стаяў за крэслам караля, паклаў перад святым айцом на пюпітр тоўстую біблію.

 - Пачынай набажэнства, - сказаў кароль.

Адказам было мычанне.

- Вы што, не маглі працверазіць чалавека?

- Цэбар вады вылілі, не дапамагло, - спуджана замармытаў гайдук.

- Раскрыйце кнігу і торкніце пальцам дзе-небудзь. Ён прывычны, не першы раз так, - параіў медыкус.

І сапраўды дапамагло. Мітрапаліт механічна пачаў чытаць, водзячы асавелымі вачыма за тоўстым, як капыт, пазногцем гайдука.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора