- Гэта ганебна, тое, што вы кажаце.
- Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах... А пакуль што... - Ён пазяхнуў. - ...Пакуль што ідзіце лепей выспіцеся... Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е - да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
- Бадай што, ваша праўда, - сказаў ён, - я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
І ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
- Хлапчыска, - сказаў ён.
...Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Цыгарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў за некалькі крокаў ад яго.
- Выспаліся? - спытаў Гораў.
- Анягож, - роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
- Ну вось і добра, - сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў... Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
- Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў у ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка. На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
- Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, - абыякава сказаў Леановіч. - І каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
- Учарашні ўлан едзе, - сказаў ён і не ўтрымаўся: - Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.
- Гэ-эй, - пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
- Гэ-эй, - крычалі з таго боку два галасы, - паро-ом, па-ром, паром!
Леановіч ляніва павярнуўся да Івана. Іван стаяў над адхонам, свежанькі, быццам усю ноч хроп у стайні.
- І чаго наддзіраюцца? - незадаволена сказаў ён. - Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
- Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?